Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 чэрвеня Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны сьвяткуе пятнаццацігодзьдзе свайго ўтварэньня


Валянціна Аксак, Менск Гэтай даце прысьвечаная выстава плякатаў вядомага графіка Ўладзімера Крукоўскага, якая адчыняецца заўтра ў сядзібе ТБМ, а таксама выстава кніжных выданьняў, выпушчаных таварыствам за час дзейнасьці. Пра ролю арганізацыі ў адстойваньні лінгвістычных правоў беларусаў і будучыню ТБМ – гутарка зь яе старшынём арганізацыі Алегам Трусавым.

(Карэспандэнтка: ) Калі параўнаць час стварэньня ТБМ і сёньняшні час: калі беларуская мова мела выйгрышныя пазыцыі ў нашай дзяржаве, талы ці цяпер?

(Трусаў: ) “У 1989 годзе, калі стваралася ТБМ, сытуацыя была горшая чым зараз, таму што не было нават ніводнага кляса беларускага ў вялікіх гарадах. Самы росквіт дзейнасьці ТБМ прыпаў на 1991-1995 гг., калі беларускамоўных вучняў у першых клясах ужо было больш за 75 адсоткаў”.

(Карэспандэнтка: ) Як вядома, ТБМ стваралася пры актыўным спрыяньні дзяржавы. Як на працягу гэтых 15 гадоў складваліся дачыненьні дзяржавы і гэтай грамадзкай арганізацыі?

(Трусаў: ) “Дачыненьні дзяржавы да ТБМ спачатку былі адносна спрыяльныя. У склад рады ТБМ уваходзілі міністры, адказныя дзяржаўныя чыноўнікі, і працэс беларусізацыі пакрысе ішоў. Сытуацыя рэзка зьмянілася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Асабліва пасьля так званых рэфэрэндумаў дзяржава вырашыла цалкам парваць адносіны з ТБМ і зь іншымі грамадзкімі арганізацыямі ды была вельмі зацікаўленая, каб ТБМ не існавала наогул. Абклалі жахлівымі падаткамі і нават выгналі зь сядзібы”.

(Карэспандэнтка: ) Сёлетняй вясной, таксама ў выніку пазбаўленьня сядзібы, магла зачыніцца і сама арганізацыя. Гэты крызыс пераадолены. Як вам удалося зноў дасягнуць нейкага кансэнсусу з уладай?

(Трусаў: ) “Толькі дзякуючы дапамозе грамадзян Беларусі. У нашу падтрымку прыйшло некалькі дзясяткаў тысячаў подпісаў на адрас спадара Паўлава, кіраўніка Менску, і спадара Дражына, віцэ-прэм''ера. І вось дзякуючы найперш унутранай, а таксама зьнешняй падтрымцы нам удалося гэтую сытуацыю ўлагодзіць і па-ранейшаму весьці, я б сказаў, адносна канструктыўны дыялёг з уладамі, таму што ўлады ТБМ ведаюць і ў пэўнай сытуацыі лічацца з намі”.

(Карэспандэнтка: ) Ці можа гэты дыялёг з уладамі ў бліжэйшай будучыні завершыцца нейкіх спрыяльных для разьвіцьця беларускай мовы рашэньняў?

(Трусаў: ) “Літаральна напярэдадні юбілею мы атрымалі афіцыйны адказ ад віцэ-сьпікера Палаты прадстаўнікоў спадара Канаплёва, які афіцыйна нам паведаміў, што работа Палаты над унясеньнем станоўчых паправак у закон аб мовах завершана, і што плянуецца ў наступным годзе ўнесьці адпаведныя зьмены ў закон. Таму мы ўсё-ткі маем спадзяваньне што нават пры гэтай уладзе будуць унесены пэўныя папраўкі ў закон, якія ў нейкай ступені палепшаць сытуацыю зь дзяржаўнай беларускай мовай. Пачынаючы зь перапісу 1999 году сытуацыя паступова працуе на нас. Беларусы заявілі ўсяму сьвету пра свае адносіны да мовы й культуры, вельмі нечаканыя для ўладаў, і вось ад таго часу нашыя справы пакрысе пачалі паляпшацца”.

(Карэспандэнтка: ) А пры якой сытуацыі ТБМ вычарпае сваё прызначэньне ў грамадзтве і стане непатрэбнае?

(Трусаў: ) “Я думаю што на працягу бліжэйшых ста гадоў такое ня здарыцца, таму што калі ўлада стане дэмакратычная, ТБМ будзе вельмі патрэбнае ўладзе для культурна-асьветніцкай работы. Проста задачы будуць іншыя: мы тады будзем займацца пытаньнямі чысьціні мовы, будзем займацца асьветніцкай работай. Калі вырашыцца галоўнае пытаньне--абарона лінгвістычных правоў грамадзян, чым мы зараз у асноўным займаемся, то функцыя арганізацыі зьменіцца, але тое, што яна будзе існаваць – стопрацэнтова, тым больш што пасьля русыфікацыі нас чакае глябалізацыя, зь якой таксама прыйдзецца змагацца, як змагаюцца французы, палякі, што зараз прынялі закон у абарону польскай мовы, так што на працягу ХХІ стагодзьдзя работы нам хопіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG