Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску праходзіць зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная грамада


Альгерд Невяроўскі, Менск Галоўнай інтрыгай гэтага зьезду стала барацьба за пасаду старшыні паміж шматгадовым партыйным лідэрам Міколам Статкевічам і кіраўніком Берасьцейскай абласной арганізацыі Анатолем Ляўковічам. Дэлегаты зьезду таксама павінны юрыдычна зацьвердзіць эўрапейскі выбар беларускіх сацыял-дэмакратаў, а таксама заклікаць да аб’яднаньня ўсе левацэнтрысцкія апазыцыйныя сілы.

Зьезд БСДП Народная грамада пачаўся раніцай 26 чэрвеня ў малой залі менскага палацу культуры “Сукно”. Пачаткова на зьезьдзе прысутнічаў 181 дэлегат з усіх рэгіёнаў Беларусі, але прыкладна праз гадзіну ў залі стала на 30 дэлегатаў менш. Зьезд быў звычайным, справаздачна-выбарчым, таму галоўная яго інтрыга разгарнулася вакол абраньня новага кіраўніцтва партыі.

У якасьці альтэрнатывы старшыні БСДП Міколу Статкевічу выступіў кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі Анатоль Ляўковіч. З прапановай выставіць сваю кандыдатуру да яго зьвярнуўся шэраг кіраўнікоў Народнай грамады, кіраўнікі некалькіх апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, а таксама людзі ў палітыцы не ангажаваныя.

(Ляўковіч: ) “Я зразумеў, што я ня маю права сказаць гэтым людзям "не". Прычына ў чым: старшыня партыі Мікола Віктаравіч Статкевіч 8 гадоў узначальвае партыю, чатыры разы абіраўся старшынёй партыі. Сёньня мы, дэмакраты, гаворым нашаму прэзыдэнту: “не трэцяму тэрміну”. Але мы павінны самі паказаць канкрэтны прыклад, што мы самі прыхільныя да ідэяў і прынцыпаў дэмакратыі, што мы самі можам зьмяняцца, абнаўляцца і разьвівацца.

Партыя павінна разьвівацца. Тое, што разьвіваецца – тое абнаўляецца. Даўно насьпела патрэба кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі, і кансалідацыі канкрэтна сацыял-дэмакратаў у Беларусі. Гэта адна з маіх найважнейшых задач. Гэты працэс могуць пачаць толькі новыя людзі”.

Лідэр Народнай грамады Мікола Статкевіч да альтэрнатыўных выбараў паставіўся даволі спакойна. На ягоную думку пры любым выніку выбараў расколу ў партыі не адбудзецца:

(Статкевіч: ) “Я думаю што такога супрацьстаяньня няма, таму што няма ідэялягічных супярэчнасьцяў. Ёсьць звычайная, нармалёвая пэрсанальная канкурэнцыя. Гэта добра, таму што альтэрнатыўныя выбары дапамагаюць зрабіць працэс больш дэмакратычным, калі ў людзей ёсьць пэрсанальныя альтэрнатывы. Я кажу за сябе: шчыра кажучы, мне ўжо надакучыла змагацца з самім сабой. Гэта іншы раз цяжэй, чым змагацца зь некім. І я ўпэўнены, што ніякага расколу не адбудзецца, пры любым выніку галасаваньня. Партыя ўжо вычарпала свой ліміт ня тое што расколаў, а скандалаў, так што ўсе гэта разумеюць. Але самае галоўнае – гэта што няма ідэялягічных супярэчнасьцяў”.

Падчас свайго справаздачнага выступу спадар Статкевіч казаў аб недапушчальнасьці ўмяшаньня ў справы партыі іншых палітыкаў, а таксама крытыкаваў тых сацыял-дэмакратаў, якія пачалі далучацца да незарэгістраваных палітычных аб’яднаньняў, напрыклад, да руху “За годнае жыцьцё” генэрала Фралова. Мікола Статкевіч таксама выступіў за аб’яднаньне ўсіх сацыял-дэмакратычных і левацэнтрысцкіх партыяў.

Асноўнымі апанэнтамі Міколы Статкевіча выступілі Ўладзімер Нісьцюк і шэраг кіраўнікоў раённых арганізацыяў БСДП. На іх думку кіраўніцтва Народнай грамады на чале са Статкевічам не наладзіла партыйнага будаўніцтва, не арганізавала сыстэму падтрымкі сваіх сяброў у рэгіёнах, ня склаліся ў іх адносіны й з замежнымі сацыял-дэмакратычнымі партыямі. Апанэнты Міколы Статкевіча таксама абвінавачвалі яго ў фактычна аднаасобным кіраўніцтве і заклікалі дэлегатаў зьезду зьмяніць кіраўніцтва партыі. Іншая ж частка дэлегатаў, прызнаючы памылкі кіраўніцтва, усё ж такі лічыць, што мяняць кіраўніцтва ня варта.

Зьезд таксама прымаў папраўкі да партыйнай праграмы. Сацыял-дэмакраты лічаць, што Беларусь павінна быць сябрам Эўрапейскага зьвязу. Гэтае імкненьне ўхваліў дарадца фракцыі Эўрапейскай сацыялістычнай партыі ў Эўрапарлямэнце Армін Махмэр, які прысутнічаў на зьезьдзе.

(Махмэр: ) “Мы вельмі радыя бачыць і чуць, што Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя абрала курс на набліжэньне Беларусі да Эўропы. Тым самым прапануючы беларускаму народу дакладную альтэрнатыву. Некаторыя крытыкі сьцьвярджаюць, што шлях на інтэграцыю ў Эўразьвяз ня ёсьць рэалістычным. Але на маю думку, і яе я ведаю падзяляюць многія ў Эўразьвязе гэта ня так. Мы – эўрапейскія сацыял-дэмакраты лічым, што ў Беларусі павінна быць пэрспэктыва руху ў бок Эўразьвязу у доўгатэрміновым пляне, а можа быць нават у сярэднетэрміновым”.

Выбары новага кіраўніцтва партыі, а таксама прыняцьце рэзалюцыяў зьезду адбудзецца сёньня ўвечары.
XS
SM
MD
LG