Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьвілася кніга мэмуараў Біла Клінтана “Маё жыцьцё”


Алеся Сёмуха, Вашынгтон У кнігарнях ЗША нарэшце зьявіліся мэмуары былога прэзыдэнта краіны Біла Клінтана пад назвай “Маё Жыцьцё”. Нягледзячы на вялікі аб’ём кнігі (957 старонак) выдаўцы спадзяюцца распаўсюдзіць больш за паўтара мільёна асобнікаў.

Публіка чакала выхаду гэтай кнігі даўно, і нездарма. Перадусім таму, што Біл Клінтан – асоба харызматычная. Высокаадукаваны і абаяльны, ён апынуўся сярод тых адзінак зь ліку прэзыдэнтаў ад дэмакратычнай партыі, якім удалося двойчы выйграць прэзыдэнцкія выбары. Яго час у Белым Доме суправаджаўся ня толькі палітычнымі перамогамі й няўдачамі, але і некалькімі расьсьледаваньнямі фінансавых і сэксуальных скандалаў, улучна з працэсам імпічмэнту.

Чакалася, што мэмуары нарэшце дазволяць паглядзець на тыя падзеі вачыма самога Клінтана. Выхаду кнігі папярэднічаў гучны піяр і атмасфэра амаль што сакрэтнасьці з боку выдаўцоў. А ў першы дзень продажу вялізны натоўп чытачоў сабраўся каля кнігарні “Барнс энд Нобл” у Мангэтане, каб атрымаць аўтограф ад самога аўтара.

Найбольш аўтарытэтныя выданьні ў ЗША адразу прысьвяцілі крытычным аналізам і аглядам кнігі свае галоўныя старонкі. Так, “Ню Ёркс Таймс” піша: “Палітыка, ад мясцовай да галяктычнай, складае ня толькі сэрца кнігі, але і яе розум і цела. Гілары і Чэлсі часта зьяўляюцца ў апісаньнях, але гэта кніга не пра сямейнае жыцьцё ці сэкс. Адных чытачоў могуць зацікавіць міні-партрэты нацыянальных і міжнародных палітыкаў, ад Ясіра Арафата да Тоні Блэра, іншыя могуць упадабаць драмы ў Кангрэсе і бюракратычныя баталіі. Пасьля прачытаньня кнігі я не абавязкова даведаўся пра Біла Клінтана больш, чым ведаў раней, але я спазнаў многае з нашай нядаўняй гісторыі”, піша адзін з крытыкаў у “Ню Ёркс Таймс”. А ўжо іншы крытык з тае ж “Ню Ёркс Таймс” ацаніў кнігу мэмуараў, як “неахайную, самазадаволеную і падчас нават тупую”.

Шмат старонак мэмуараў прысьвечаныя тэме змовы правых кансэрватыўных палітыкаў, якія спрабавалі зьнішчыць Клінтана палітычна яшчэ перад тым, як ён стаў прэзыдэнтам. Менавіта ў гэтым ключы Клінтан разглядае расьсьледаваньні зьвязаных зь ягонай асобай фінансавых і сэксуальных скандалаў. Пра сувязь з Монікай Луінскі Біл Клінтан піша роўна столькі, колькі ўжо было вядома. Аднак той скандал, прызнаецца ён, як і сэансы зь сямейным псыхолягам дапамаглі яму ўсьведаміць прычыны яго самаразбуральных паводзінаў.

Але якія б розныя ацэнкі не давалі мэмуарам Біла Клінтана, ён і дагэтуль застаецца папулярным у Амэрыцы палітыкам. Нядаўняе сацыялягічнае апытаньне, праведзенае Washington Post-ABC News, паказвае, што 62% амэрыканцаў ухваляюць працу Клінтана на пасадзе прэзыдэнта – як і тры гады таму, калі ён пакідаў Белы Дом.
XS
SM
MD
LG