Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Пётра Васілеўскі


Пётра Васілеўскі, Бараўляны Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе Пётра Васілеўскі — журналіст, мастацкі крытык, карэнны мянчук, які жыве ў мястэчку Бараўляны.

21 чэрвеня

Сёньня — выпускная вечарына ў майго малодшага сына. Але апошні званок для школьнікаў прагучаў яшчэ 26 траўня, і, па маіх назіраньнях, гэтае сьвята ілюзорнай свабоды доўжылася ці ня тыдзень. Моладзь “адцягвалася” ў рэжыме нон-стоп. Прынамсі, у маіх Бараўлянах па начах было нязвыкла шумна. А раніцою хлопцы і дзяўчаты школьнага ўзросту кучкаваліся на мясцовым “рынкавым пляцы” ля шапікаў, дзе гандлююць слабаалькагольнымі напоямі, і крамаў з “мацнейшым” асартымэнтам. Сьвяткавалі, як умелі, як прынята, як звыкла. Па-даросламу... Дарэчы, беручы да ўвагі афіцыйную забарону ладзіць з нагоды заканчэньня школы банкеты, рэстараны і кавярні выпускнікі замаўлялі пад “дні нараджэньня”. Як, дарэчы, і сёньня, калі на ўваходзе ў школу бацькоў чакаў клясны кіраўнік, прапаноўваў падпісаць паперу, што яны азнаёмленыя з пастановай улады адносна забароны шумнага сьвяткаваньня разьвітаньня са школай. А потым настаўнікі да 12 гадзін ночы сядзелі ў школе, пільнавалі, каб хто не парушў загаду.

А 26 траўня ў цэнтры гораду было шмат моладзі. Многія хлопцы адзетыя падкрэсьлена “па-даросламу”: у новых касьцюмах, спэцыяльна купленых ці пашытых для гэтага дня, пры гальштуках. Многія дзяўчаты — дэманстратыўна “па-школьнаму”: белыя фартушкі, стужкі ў валасах. Відаць, і прыезных было нямала. Бо толькі прыезны можа запытацца на станцыі мэтро “Плошча Перамогі”: “А ў які бок выходзіць да гэтага, як яго, — помніка?” І, пачуўшы тлумачэньне, зрабіць дзіўную выснову: “Ага... Значыць нам у другі бок”. Фактычна сьвята зводзілася да шпацыру па вуліцах. Асабліва шмат маладых людзей было ў парках, прылеглых да Сьвіслачы, — Цэнтральным і Купалаўскім. Прыезныя болей упададабалі парк Чалюскінцаў. Менавіта ў такія дні высьвятляецца, што Менск — горад зусім ня зручны для адпачынку і сумоўя. Відавочна, яму бракуе ўтульнасьці. Нібыта яго адмыслова будавалі для парадаў і шэсьцяў, ды яшчэ каб па шырокіх вуліцах вазіць людзей на працу і з працы. Сьвядома не беручы да ўвагі дэкляраванае ў савецкай канстытуцыі права на адпачынак і заканадаўча зацьверджаны абавязак улады зрабіць гэты адпачынак культурным і зьмястоўным.

Маладыя людзі са стужкамі выпускнікоў на сьвяточных строях аднак ня надта зьвярталі ўвагу на названую акалічнасьць. Маладосьць засяроджаная на сабе самой. Маладосьць самадастатковая і калі-нікалі можа ігнараваць нязручнасьці навакольнага сьвету, адносна лёгка абыходзіцца без камфорту, патрэбнага людзям у сталым ўзросьце. Ды ўсё ж шкада, што горад, заняты падрыхтоўкай пампэзнага сьвята для пэнсіянэраў — Дня Рэспублікі-Незалежнасьці-Вызваленьня, праігнараваў сьвята моладзі, якое, дарэчы, неафіцыйна, але рэальна існуе дзесяцігодзьдзі. Хай бы ігралі аркестры на плошчах і ў парках, хай была бы ў горадзе адмысловая аздоба, хай бы гарадзкое ці якое там яшчэ начальства парупілася пра сьвяточны настрой маладых грамадзянаў.

Апошні званок — сьвята, цудоўнае сваёй натуральнай прыгажосьцю. Яго ніхто не вынаходзіў і не зацьвярджаў адмысловым указам. (І гэта добра, бо згодна савецкай завядзёнцы, усё, што не дазволена, — забаронена, а дазволенае становіцца абавязковым.) Яно ня ў гонар барацьбы за ўладу ці перамогі на рэфэрэндуме, ня мае канфэсійнага ці палітычнага адценьня. Само разуменьне “апошні званок” мае для маладосьці зусім іншы сэнс, чым для людзей сталага ўзросту, ня кажучы ўжо пра дзядоў. Я параўнаў бы школьны апошні званок з гудком цягніка, які выпраўляецца ў дарогу. Для кагосьці ў жыцьцёвым сэнсе той цягнік будзе прыгарадным, для іншага — мясцовага значэньня, а каму — далёкага сьледаваньня.

22 чэрвеня

Год, як памёр Васіль Уладзімеравіч Быкаў. Цяпер шкадую, што не наведаў яго, калі ён ляжаў у Бараўлянах. Магчымасьць была. Мая жонка, супрацоўніца Інстытуту анкалёгіі, расказвала, што многія яе калегі прыходзілі да Васіля Ўладзімеравіча проста павітацца, папрасіць падпісаць кнігу, пажадаць хутчэйшага выздараўленьня, хоць усе разумелі, што ў дадзеным выпадку гэтыя словы маюць выключна рытуальны зьмест. Усе разумелі, што Быкаў вярнуўся, каб памерці на радзіме. Прыгадалася, як заканчвалі ў Бараўлянах свой шлях добра мне знаёмыя Аляксандар Кішчанка і Міхась Раманюк, як вонкава мяняліся гэтыя людзі, трапіўшы ў інтэр’ер бальнічнае палаты…

На штодзённых “пяціхвілінках”, якія афіцыйна называюцца канфэрэнцыямі, дырэктар інстытуту абавязкова патрабаваў справаздачы аб стане здароўя Быкава. Але згодна бараўлянскай традыцыі, імя славутага пацыента не называлася ўголас. Проста гучала: “Як наш хворы?” Наш… У Васіля Ўладзімеравіча быў талент станавіцца сваім незнаёмым дагэтуль людзям.

Ня так даўно ў беларускім друку зьявіліся, так бы мовіць, “постфактум” камэнтары да хваробы і лекаваньня Быкава. Прафэсійнікі кажуць, што заява дырэктара Бараўлянскага НДІ, у якой ён ва ўскоснай форме вінаваціць чэскіх лекараў, надзвычай некарэктная. Чэскія лекары зрабілі ўсё, што змаглі, беларускія — таксама.

Бараўляны, месца дзе я жыву ўжо дваццаць гадоў, мае ў паспалітай сьвядомасьці змрочны арэол. Маўляў, трапіў у Бараўляны — далей дарога адна… Насамрэч адсюль часьцей вяртаюцца ў жыцьцё, чым сыходзяць у нябыт. Гэта адно з самых прыгожых мястэчак нашай краіны. Сталыя жыхары Бараўлянаў з жахам думаюць пра тое, што сюды калі-небудзь дапаўзе Менск. Што ж датычыць Быкава і іншых выдатных асобаў, што прайшлі тут наканаванае ім выпрабаваньне, дык яны ўжо сталі часткай бараўлянскай міталёгіі, пацьверджаньнем таго бясспрэчнага факту, што ў Бараўлянах неба вельмі блізка да зямлі. Бліжэй, чым дзе.

23 чэрвеня

Першай жанчынай Новага часу, зь якой мусіў лічыцца мужчынскі шавінізм, была француская пісьменьніца Жорж Санд. Сёлета 200 год з дня яе нараджэньня. У маштабе ўсясьветнай гісторыі 19 стагодзьдзе было векам Францыі, як стагодзьдзе 20 — векам ЗША. Таму і нядзіўна, што менавіта Францыя падарыла сьвету гэтую неардынарную асобу. За 72 гады, якія лёс даў Жорж Санд, Францыя перажыла дзьве імпэрыі, трох каралёў і дзьве Рэспублікі. Можна сьмела праводзіць паралелі паміж Францыяй тае пары і Расейскай імпэрыяй (СССР-СНД) у мінулым стагодзьдзі. Той жа стваральны патас, тая ж разбуральная энэргія, той жа канфлікт інтарэсаў улады і грамадзянскай супольнасьці.

З нагоды юбілею Жорж Санд мастацкая галерэя “Зямля людзей” (дырэктар спадар Іў Прудом) пры падтрымцы амбасады Францыі ў Беларусі зладзіла адмысловую выставу ў нашым Нацыянальным мастацкім музэі. У экспазыцыі — арыгінальныя малюнкі, гравюры і літаграфіі 19 стагодзьдзя. Яны сгрупаваныя па разьдзелах такім чынам, каб прыватнае жыцьцё і творчасьць славутай пісьменьніцы выразна паўсталі ў кантэксьце эпохі, у сьвятле побыту, культуры і палітыкі тае пары. Назвы разьдзелаў: “Яе каханкі”, “Яе краіна”, “Яе сябры” і гэтак далей. На выставе прадстаўлены той пласт францускай культуры і тыя праявы францускага мастацтва, якія цікавыя найперш спэцыялістам і ў меншай ступені — паспалітаму гледачу, чыё знаёмства з усясьветнай культурніцкай спадчынай абмяжоўваецца гартаньнем альбомаў рэпрадукцыяў. Але той, хто прыйдзе гэтымі днямі ў музэй, каб пабачыць проста Францыю, без ідэалістычнага камуфляжу і рамантычнага флёру, атрымае сапраўдную асалоду.

24 чэрвеня

Мэлямана цягне ў опэру, крымінальніка — на месца злачынства, партызана — у лес. Менавіта ў лесе пад Менскам адбылася сёньня прэзэнтацыя 3-га нумару часопіса “pARTisan”. Ад пачатку акцыя патыхала інтэлектуальным тэрарызмам. Удзельнікі прэзэнтацыі занялі большую частку пятага вагону электрычкі “Менск–Маладэчна”, і як толькі зачыніліся дзьверы і электрычка загрукатала па рэйках, рэдактар часопісу Артур Клінаў з садысцкім задавальненьнем пачаў праз мэгафон-“мацюгальнік” чытаць пасажырам лекцыю на тэму “Менск — горад СОНца”. Пасажыры адчувалі сябе захопленымі закладнікамі, якім не было куды падзецца з наземнага аналягу падводнага чоўна. На іхных тварах чыталася пытаньне: “Ці далёка сабраліся ехаць гэтыя тэрарысты?” І калі Клінаў абвясьціў, што на наступным прыпынку сыходзім, запрасіўшы пасажыраў далучыцца, закладнікі з палёгкаю ўздыхнулі і шчасьліва заўсьміхаліся.

Працяг у лесе праходзіў згодна з традыцыйным сцэнарам. Запомнілася хіба што постаць філёзафа Валянціна Акудовіча з тым жа мэгафонам на лясной паляне — як ілюстрацыя да тэзы “Голас, што прамаўляе ў пустэльні”. Большасьць удзельнікаў імпрэзы вярталіся ў “Горад СОНца”, калі сонца ўжо зайшло.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG