Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусы, іх зубы і беларускія дантысты


Галіна Жарко, Менск Да занадта ўсьмешлівых даўнейшыя беларусы даверу ня мелі. Пра такіх няўхвальна казалі: “зубы прадае” альбо “зубы сушыць”. Нічога прыемнага, калі скажуць, што нехта “скаліць зубы”... А вось калі “сьцяўшы зубы”, ды яшчэ “трымаць язык за зубамі”, – тады зусім іншая рэч. Гэта характар, здольнасьць шмат што вытрываць і зацятая маўклівасьць. “Глядзець некаму ў зубы” таксама ня варта – так робяць падлізьнікі. І, вядома, стаматолягі, якія маюць з гэтага пэўны кавалак хлеба.

Беларусы паказваюць зубы ў стаматалягічным крэсьле, і дактары пераконваюцца, што выбраная прафэсія іх пракорміць. На пытаньне, як яна ацэньвае стаматалягічнае здароўе, мне адказала доктарка аднае зь менскіх лякарняў.

(Доктарка:) “Кепскае практычна для любога ўзросту. Дзяцей са здаровымі зубамі мала. Асноўныя хваробы карыёзныя. Спадчыннасьць, агульны стан арганізму, чым харчуюцца...”

Карыес мае амаль 90 % дзяцей. Але з гадамі дзірак у зубах робіцца меней, бо каронкам і штучным зубам карыес ужо ня страшны.

(Галасы:) “Мне здавалася, што я ў гестапа. Нейкія прыстасаваньні... Доктарка спрабавала заплюшчыць мне вочы сваёю рукою. Жах! Думала, памру”. “Я сам сабе вырваў зуб пласкагубцамі. Жонка ледзьве не самлела. Пасьпеў злавіць...” “Калі баляць зубы, іду й лячу. Нават ня трэба ніякіх анэстэзіяў, сядаю ў крэсла, заплюшчваю вочы...” “Ніколі не баяўся, чым хутчэй вылечыш, тым меней будзе наступстваў”. “Я пабойваюся. Малапрыемная працэдура. Зьвяртаюся, калі ўжо моцна баліць”.

Паводле спэцыяліста ў харчаваньні Валера Мураха, беларусы нездарма маюць кепскія зубы.

(Мурах:) “Зубы – гэта паказьнік таго, што робіцца ў арганізьме. Цяперашняя структура харчаваньня не забясьпечвае парамэтраў здароўя людзей. Бульба, якою ўсе ганарацца, што бульбашы… нашыя дасьледаваньні паказалі, што 500 грамаў бульбы – гэта сутачная норма цукру. А плюс тры разы на дзень чай з трыма лыжкамі цукру, сочыва. Цукар і тлушч. Гэта зьяўляецца прычынаю шэрагу захворваньняў, якія мы зьвязваем з парушэньнем абменных працэсаў. У тым ліку й зубы”.

Калі няма чаго есьці, кажуць так: “зубы за грады класьці” альбо “на паліцу”. Калі мала нечага, дык гэта “на адзін зуб”. На адзін зуб маюць беларусы ў пітной вадзе і прадуктах харчаваньня фтору, а гэты мікраэлемэнт найбольш эфэктыўна папярэджвае стаматалягічныя хваробы. Дапамагчы можа хіба што соль і зубныя пасты з фторам. Рыба, марская капуста, сыры таксама зьмяшчаюць шмат фтору. Але большасьці беларусаў па зубах хіба пятрушка зь лецішча. У ёй таксама ёсьць фтор.

(Антраполяг:) “Чалавек страціў свае зубы, таму што ў нас ня усё добра зь ежай, ня ўсё добра з нагрузкамі”.

(імя) – антраполяг. Антраполягі вывучаюць цяперашняе насельніцтва й параўноўваюць з парамэтрамі старажытных людзей.

(Антраполяг:) “Зубы – найбольш моцная частка, і найлепш захоўваецца. На Палесьсі я раскопвала могільнік XVIII стагодзьдзя. І што вы думаеце, там нават костак не знайшлося. Зачышчаеш і бачыш абрамленьне труны, а тады косткі – там цямнейшая зямля. Усё рассмакталася цалкам. А зубы можна знайсьці, нават калі косткі ўжо рассмакталіся. Эмаль вельмі шчыльная й захоўваецца лепей. Гледзячы, якая сьцёртасьць зубоў, можна вызначыць узрост памерлага чалавека”.

Адны зубы ацалелі ад нейкага старажытнага беларуса! Дарэчы, спэцыялісты кажуць, што дзірак у зубах – карыесу – прашчуры амаль ня мелі, хоць моды чысьціць зубы тады не было. Карыстацца тоўчаным мелам у якасьці зубнога парашку сталі значна пазьней, і завядзёнка гэтая захоўвалася доўга. Старэйшае пакаленьне памятае, як і зубы, і белыя тэнісныя тапкі чысьцілі адным і тым жа. Зубы ў знойдзеных антраполягамі шкілетах нашых прашчураў значна больш сточаныя, чым у сучасьнікаў – харч іхны ня быў такі далікатны. Нездарма пра чалавека дасьведчанага й цяпер кажуць, што ён на нейкай справе “зубы зьеў”. Той, хто дужа старанна вучыцца, – “зубрыла”, затое нехта прыходзіць на экзамэн – і “ні ў зуб нагой”...

Але цікава, чаму ж, маючы някепскія, хоць і сточаныя зубы, не любілі даўнейшыя беларусы занадта ўсьмешлівых? Навошта ўвогуле людзям добрыя зубы?

(Галасы:) “Каб прыемна было ўсьміхацца. Прыгожая ўсьмешка зачароўвае... Для нармальнага страваваньня, трэба добра перажоўваць ежу. З кепскімі зубамі – кепска перажуеш. Ўсё гэта лухта! Мне здаецца, здаровыя зубы трэба мець, каб было ня сорамна цалавацца. Асабліва зь незнаёмымі людзьмі...”

Сьцяўшы зубы, цяжка і ўсьміхнуцца, і пад’есьці... Амэрыканцы не шкадуюць грошай на сваю знакамітую ўсьмешку ад вуха й да вуха, а беларусам яна часта падаецца ненатуральнай. Зьміцер Саўка доўгі час кантактаваў з амэрыканцамі й прыйшоў да такое высновы.

(Саўка:) “Гэта трохі перабольшаньне наконт ад вуха да вуха... Але на фоне нашае звыклае агрэсіўнасьці яны значна часьцей усьміхаюцца, несумненна... Падазронасьць, западлобнасьць нашых людзей... У нас баяцца кантактаў таму, што чакаюць западлянкі. Дэманстрацыя адсутнасьці агрэсіі й страху”.

Такі важны атрыбут ўсьмешкі, як добрыя зубы, зьяўляюцца сымбалем агрэсіі. Кажуць жа: “узброены да зубоў”, “зуб за зуб” ці “зуб гарыць”. І тое, што ў якім-небудзь кабінэце размаўляюць з наведнікам “праз зубы”, ня дзіва. Кепскі настрой чыноўнікаў і начальнікаў псыхоляг Ганна Новікава тлумачыць так:

(Новікава:) “Што зьяўляецца галоўным у кар’еры. Здароўе. Гэта да размовы пра зубы. Гэта ж атрыбут здароўя, здаровага ладу жыцьця, культуры. Кепскія зубы абражаюць тых, хто побач, сваёй неэстэтычнасьцю”.

Псыхолягі лічаць, што амэрыканцы больш зьвяртаюць увагу на дынаміку ніжняе часткі твару, таму ім важней хоць штучныя, але роўныя й белыя зубы, а эўрапейцы стараюцца зазірнуць у “люстэрка душы – у вочы”.

(Голас:) “Ім вырываюць зубы і ўстаўляюць пратэзы. Ненатуральныя.

(Карэспандэнтка:) “А натуральныя, гэта калі трошкі гнілаватыя?.. Зь якога ўзросту вы лечыце зубы?”

(Галасы:) “Першы раз -- у першай клясе. Паставілі плёмбы нармальныя. Яны стаяць дасюль. А тое, што ставяць цяпер, калі палову году вытрымлівае, дык гэта нармальна?” “Задорага стала лячыць зубы. Калі хочаш, каб плёмбы стаялі, дык трэба шмат грошай укладаць у гэтыя плёмбы”.

Калі грошай беларусам бракуе альбо проста шкада, яны лёгка могуць “зубы загаворваць”. І ня ў пераносным значэньні гэтага слова.

(Суша:) “Як жа без замовы абыдзесься?! Загаворваеш, як прыцісьне. Мне бабулька перадала ў паліклініцы. Стаю, за шчаку трымаюся, а чарга, чарга!.. І бабулька кажа: “У мяне зубы не баляць. Выкрышыцца, вываліцца, а балець ня будзе. Хадзі, вось у вакне месячык вісіць – маладзічок”... І яна, гледзячы ў ваконца, пачала казаць: “Ты, месячык малады, твой серп залаты, у цябе залатая карона. Ты ўсюды бываеш, усё на сьвеце чуеш і знаеш... Ці быў ты на тым сьвеце? – Быў. – Ці бачыў мерцьвякоў? – Бачыў. – Ці баляць ім зубы? – Не. – Ну, то няхай не баляць і ў мяне”. А яшчэ можна карыстацца прымітыўнымі такімі мэтадамі. Кавалак сала – старога, салёнага, можна жоўтага – на дзясну, туды, дзе зуб баліць. Палягчэе. Або часныку зубок прывязаць да запясьця на тую руку, зь якога боку зуб баліць”.

Кажуць: “Смачны жабе арэх, ды Бог зубоў ня даў”. У людзей іх ажно 32. Але й цярпеньняў у стаматоляга наканавана ці не на ўсе 32 зубы. Шкада толькі, што будучыя антраполягі ня знойдуць ужо нават і зубоў ад сучасных беларусаў.
XS
SM
MD
LG