Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Старшыня райсавету адмовіўся нават чытаць ліст Гілевіча, Барадуліна, Іпатавай, Законьнікава ды іншых у падтрымку звольненага Алеся Белакоза


Сяргей Астраўцоў, Горадня У абарону Алеся Белакоза, звольненага нядаўна з Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музэю, выступілі вядомыя беларускія літаратары. Выступіць у падтрымку вядомага краязнаўцы спрабаваў таксама адзін з дэпутатаў Мастоўскага райсавету. Гэта было на выязной сэсіі, якая адбылася ў вёсцы Гудзевічы, дзе знаходзіцца музэй, дырэктарам якога да нядаўняга часу працаваў А.Белакоз. Звальняцца ён не зьбіраўся, яго прымусілі гэта зрабіць.

Дэпутат райсавету Алесь Зарэмбюк прапанаваў абмеркаваць на сэсіі становішча Алеся Белакоза, каб аднавіць яго на працы. Але старшыня райсавету спадар Каробка сказаў, што пытаньне разгледзяць напрыканцы ў разьдзеле “рознае”. Праўда, на паседжаньне запрасілі самога спадара Белакоза і нават пасадзілі ў прэзыдыюм на прапанову аднаго старшыні калгасу.

Аднак у самым канцы старшыня райсавету абвесьціў, што сэсія закончаная, ня даўшы выступіць дэпутату Зарэмбюку. Дэпутат, аднак, зачытаў ліст пісьменьнікаў, накіраваны ў райсавет. Але ўсё начальства выйшла, не пажадаўшы слухаць.

Ліст гэты даслалі пісьменьнікі Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Вольга Іпатава, Сяргей Законьнікаў ды іншыя, яго таксама падпісаў акадэмік Радзім Гарэцкі. Яны выказалі патрабаваньне, каб Алеся Белакоза аднавілі на працы. “Лічым, — пішуць яны, — што хамскае абыходжаньне з чалавекам, які праславіў Беларусь і мастоўскую зямлю, паказвае, па меншай меры, абыякавасьць аддзелу культуры Мастоўскага райвыканкаму да самой культуры”. Дэпутат Алесь Зарэмбюк зазначае, што Алесь Белакоз не хацеў звальняцца.

(Зарэмбюк: ) “Сам ён не выяўляў такой ініцыятывы, але да яго прыехалі спадарыня Клімовіч з аблвыканкаму і спадар Сьвістуноў з Мастоўскага райвыканкаму. Алесь Мікалаевіч казаў, што ціск працягваўся некалькі месяцаў. Яны прыяжджалі, ціснулі на яго: падпісвай заяву, падпісвай. Яму папросту надакучыла, і ён падпісаў, але думаў, што застанецца працаваць у музэі, бо сабрана 12 тысяч экспанатаў, і ён хоча яшчэ іх апісаць. Для Алеся Мікалаевіча гэта справа жыцьця. Ён набываў экспанаты за свае грошы, уратаваў гэты музэй, дзякуючы касманаўтам, у савецкі час”.

Алесь Зарэмбюк зазначае, што Алесю Белакозу не сказалі, што заяву аб звальненьні можна забраць цягам месяца. Такое абыякавае стаўленьне да заслужанага чалавека, узнагароджанага мэдалём Францішка Скарыны, вельмі небясьпечна, — гаворыць Алесь Зарэмбюк.

(Зарэмбюк: ) “Гэтыя дзеяньні ідуць аднекуль зьверху, і яны накіраваныя на ліквідацыю ўсяго беларускага ня толькі на Гарадзеншчыне, але і ў Беларусі. Як мне здаецца, сёньня яны звольнілі Белакоза з дырэктарскай пасады, а празь некаторы час яны могуць зьліквідаваць музэй”.

Адзіным вынікам сёньняшняй выязной сэсіі ў Гудзевічах стала тое, што загадчык раённага аддзелу культуры Ўладзімер Сьвістуноў дазволіў Алесю Белакозу надалей заходзіць у музэй і працаваць на грамадзкіх пачатках.
XS
SM
MD
LG