Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка канстатуе стагнацыю ў саюзным будаўніцтве і адкладвае валютную інтэграцыю на аддаленую пэрспэктыву


Валер Каліноўскі, Менск На чарговай сэсіі Парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі й Расеі ў Берасьці Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што ў грамадзтве ўсё болей тых, хто скептычна ставіцца да ідэі так званага саюзнага будаўніцтва, што нічога новага ў гэтай справе за апошні час ня зроблена, і паведаміў, што расейскае кіраўніцтва бачыць далейшае разьвіцьцё саюзу ў паглынаньні Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка падчас свайго выступу перад дэпутатамі зь Беларусі й Расеі прызнаў факт стагнацыі ў так званай саюзнай дзяржаве. За апошнія некалькі гадоў у справе інтэграцыі нічога не было зроблена, бакі проста пацьвярджаюць дасягнутыя раней пазыцыі, — сказаў А.Лукашэнка. Ён зазначыў, што расейскае кіраўніцтва бачыць далейшае разьвіцьцё саюзу ў паглынаньні Беларусі, выказаўшы зьдзіўленьне гэткай пазыцыяй.

(Лукашэнка: ) “Узровень саюзьніцкіх адносінаў пачаў вымярацца выключна на грошы: рублі й даляры. Калі ты саступіў расейскаму алігарху за бесцань сваё прадпрыемства, ты саюзьнік, калі не аддаў затанна, напрыклад, “Белтрансгаз”, вакол якога так шмат шуму, — са сьпісу саюзьнікаў прэч! Так выглядае разуменьне саюзу расейскімі СМІ, асобнымі палітыкамі й ня толькі імі”.

А.Лукашэнка пацьвердзіў, што задарма “Белтрангаз” прададзены ня будзе. Ён таксама зазначыў, што ня трэба сьпяшацца і з увядзеньнем у Беларусі расейскага рубля, бо заўтра яму самому давядзецца “прасіць на каленях у Крамлі й Цэнтрабанку моцны расейскі рубель замест свайго драўлянага”. Калі ўлады Беларусі пойдуць на ўвядзеньне расейскага рубля, то іх не зразумее ня толькі апазыцыя, але і народ, прызнаў спадар Лукашэнка. Увядзеньне адінай валюты павінна завяршаць інтэграцыйныя працэсы: прыняцьцё Канстытуцыйнага акту, стварэньне роўных умоваў гаспадараньня, а ня папярэднічаць ім, — зазначыў А.Лукашэнка і заявіў, што пытаньне пра расейскі рубель вынесенае ім і У.Пуціным за дужкі іншых інтэграцыйных перамоваў. Канкрэтнай даты магчымага ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі Лукашэнка не назваў зусім, нагадаўшы расейкаму боку, што ў 2008 годзе заплянаванае ўвядзеньне нейкай іншай супольнай валюты.

Што да падрыхтоўкі канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы, то яна фактычна замарожаная, з расейскага боку нават не прызначаны новы сустаршыня камісіі, якая займаецца ім, замест Генадзя Селязьнёва. Бакі ня могуць пагадзіцца пра прынцыпы кіраваньня саюзам. Нядаўна Крэмль накіраваў у Менск новы варыянт канстытуцыйнага акту. Але ён не задаволіў А.Лукашэнку, бо новы праект, на ягоную думку, значна слабейшы, прадугледжвае стварэньне “аморфных, бяспраўных саюзных структураў накшталт тых, што існуюць у СНД”. Выносіць на рэфэрэндум гэты праект канстытуцыйнага акту А.Лукашэнка лічыць нямэтазгодным.

Аляксандар Лукашэнка разам з гэтым зноў заявіў наконт працягу свайго курсу на інтэграцыю з Расеяй, але на роўных умовах і пры захаваньні сувэрэнітэту Беларусі.

Нягледзячы на тое, што ў абодвух грамадзтвах, як расейскім, гэтак і беларускім, людзі ўсё меней цікавяцца саюзнай ідэяй, усё болей тых, хто скептычна ставіцца да гэтай ідэі, — прызнаў А.Лукашэнка. Паводле ягонага выказваньня, вінаватыя тут расейскія СМІ, якія нібыта “прывучаюць расейскае грамадзтва да нэгатыўнага ўспрыняцьця саюзу зь Беларусьсю, як такога, што перашкаджае руху Расеі да рынку і дэмакратыі”, — сказаў Лукашэнка.

Ацэньваючы апошнія ягоныя заявы, менскі палітоляг Аляксей Кароль зьвярнуў увагу на тое, што цяпер большасьць насельніцтва Беларусі выступае за захаваньне сувэрэнітэту і добрасуседзкіх адносінаў, як з Захадам, гэтак і Усходам, і гэтага ня можа ня ўлічваць афіцыйны Менск.

(Кароль: ) “З другога боку, той крызыс, які вызначыўся апошнім часам у адносінах Лукашэнкі з расейскімі ўладамі, ёсьць сьведчаньнем таго, што Лукашэнка імкнецца захаваць за сабой уладу ў Беларусі, і даўно ўжо зразумеў, што няма чаго спадзявацца на саюзную дзяржаву на чале зь ім. І таму рэцэптам захаваньня яго ўлады тут зьяўляецца як бы ізаляцыі ад Расеі, каб не залежаць і ня мець уплыву ад Расеі ў справе ягонага ўласнага замяшчэньня на іншую асобу. Яму не ўдалося заручыцца падтрымкай на свой трэці тэрмін, і гэта яшчэ дадае ў ягоную пазыцыю антырасейскі кірунак”.

Аляксей Кароль называе цяпер усе саюзьніцкія праекты неактуальнымі, але разам з тым не выключае магчымасьці нейкага гандлю з боку афіцыйнага Менску дзеля крамлёўскай падтрымкі.
XS
SM
MD
LG