Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі накіравала ў Вярхоўны суд пазоў з патрабаваньнем ліквідаваць Беларускую партыю працы


Альгерд Невяроўскі, Менск Лідэр партыі Аляксандар Бухвостаў і ягоныя калегі па народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс” лічаць, што ўлады напярэдадні выбараў распачалі працэс зьнішчэньня апазыцыйных партыяў.

Паводле інфармацыі, перададзенай прэсавай службай Мінюсту дзяржаўнай агенцыі БелТА, Беларуская партыя працы нібыта парушыла заканадаўства ў справе разьмяшчэньня сваіх кіраўнічых органаў, арганізацыйных структураў у Віцебску, Горадні й іншых рэгіёнах. Партыю таксама абвінавачваюць у недакладных зьвестках, перададзеных Мінюсту, ігнараваньні патрабаваньняў гэтага міністэрства ды “іншых грубых парушэньнях”.

Тлумачыць сытуацыю ў Мінюсьце адмаўляюцца. На ўсе мае пытаньні чыноўнікі з прэсавай службы спасылаюцца на тое, што ўсё стане вядома падчас суду.

Старшыня Партыі працы Аляксандар Бухвостаў назваў наступныя прэтэнзіі Мінюсту:

(Бухвостаў: ) “Цяпер яны ставяць пытаньне, што партыя ўваходзіць у склад народнай кааліцыі. Мы ім патлумачылі, што ў народную кааліцыю ўваходзяць сябры партыі, якія рыхтуюцца да выбараў. А партыя, як структура не ўваходзіць ні ў якія незарэгістраваныя кааліцыі. Потым яны інкрымінуюць тое, што мы падпісалі ліст у абарону газэты “Народная воля”. Што мы распаўсюджваем плятформу народнай кааліцыі. Я думаю, што на нашай партыі спрабуюць адпрацаваць удар па ўсіх палітычных партыях”.

Лідэр Беларускай партыі працы лічыць, што ініцыятыва ўладаў непасрэдна зьвязаная з плянаванымі сёлета выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Аляксандар Бухвостаў працягвае:

(Бухвостаў: ) “Пачынаецца ліквідацыя палітычных партыяў, гэта значыць, усталяваньне поўнай дыктатуры. Я думаю, яны абралі нашую партыя таму, што яна, можа, не такая вялікая, як Партыя камуністаў ці Аб’яднаная грамадзянская. Можа, яны лічаць, што мы “слабое зьвяно” сярод апазыцыйных партыяў. Альбо гэта падкопы Фэдэрацыі прафсаюзаў — тых людзей і структураў, якія змагаюцца супраць незалежнага рабочага і прафсаюзнага руху. Тут супалі інтарэсы многіх — каб ліквідаваць нашую арганізацыю”.

Апошнім часам чыноўнікі Мінюсту выяўляюць інтарэс да дзейнасьці БСДГ, БНФ ды іншых апазыцыйных партыяў. Станіслаў Шушкевіч і Вінцук Вячорка не выключаюць, што напярэдадні выбараў улады паспрабуюць ліквідаваць і іншыя апазыцыйныя партыі. Гаворыць лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Безумоўна, улады знэрвавала стварэньне грамадзянамі Беларусі народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”. І цяяпер Міністэрства юстыці атрымала загад ад адміністрацыі Лукашэнкі прыступіць да зьнішчэньня палітычных партыяў. У якасьці першай узяліся за Партыю працы. Але няхай Міністэрства юстыцыі, дакладней кажучы, ня столькі Мінюст, колькі тыя, хто яму дае загады, не спадзяюцца, што гэтым яны саб’юць хвалю нашай актыўнасьці”.

Партыя працы дзейнічае ў Беларусі з 1993 году і налічвае ў сваіх шэрагах прыкладна дзьве з паловай тысячы сябраў.

Гэта фактычна першая спроба ўладаў ліквідаваць зарэгістраваную партыю. Праўда, у 1999 годзе праз суд былі ліквідаваныя Сялянская, Нацыянальна-дэмакратычная партыі, Партыя здаровага сэнсу, Усебеларускага адзінства і згоды, Хрысьціянска-дэмакратычная злучнасьць ды іншыя. Але гэтыя партыі ня мелі дастатковай колькасьці сяброў і не прайшлі дзяржаўнай перарэгістрацыі.
XS
SM
MD
LG