Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ідуць у Беларусь замежныя інвэстыцыі?


Алесь Дашчынскі, Менск Віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў заявіў на днях у Палаце прадстаўнікоў, што паступленьне замежных інвэстыцыяў ёсьць “ахілесавай пятой” беларускай эканомікі. У параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году адбылося амаль двухразовае іх зьмяншэньне — на 47%. Колькасьць замежных інвэстыцыяў складае ўсяго 1,8% ад іх агульнага аб''ёму.

Паводле зьвестак Міністэрства замежных справаў, за апошнія дзесяць гадоў простыя інвэстыцыі на душу насельніцтва ў Беларусі склалі 128 даляраў ЗША, а ў Польшчы — 817.

Міністар фінансаў Мікалай Корбут рэпрэзэнтуючы ў Савеце рэспублікі закон аб бюджэце, назваў палітычныя і эканамічныя прычыны, якія не спрыяюць паступленьню значных інвэстыцыяў з-за мяжы. Галоўны фінансіст краіны вінаваціць Міжнародны валютны фонд, які не рэкамэндаваў інвэстарам ісьці ў Беларусь, бо палітыка ўладаў не адпавядае яго патрабаваньням.

Палітычная прычына, паводле міністра ў тым, што ЗША ціснуць на іншыя краіны, каб яны ня мелі добрых эканамічных і фінансавых стасункаў з Рэспублікай Беларусь. Перашкаджае таксама адсутнасьць кантактаў на найвышэйшым дзяржаўным роўні з краінамі-патэнцыйнымі інвэстарамі. Знаходзячыся ў міністэрскім крэсьле, кажа Корбут, ён ніводнага разу ня змог сустрэцца з хоць бы з намесьнікам міністра нямецкага ўраду.

Міжнародныя фінансавыя структуры таксама не сьпяшаюцца ўкладаць грошы ў беларускую эканоміку. Беларусь так і не дачакалася крэдытаў ад Міжнароднага валютнага фонду. Частка ўзгодненага крэдыту “стэнд-бай” была пералічаная Менску ў 1995 годзе.

Паводле Міністэрства эканомікі, за студзень-сакавік гэтага году ў беларускую эканоміку паступіла 323 мільёны даляраў замежных інвэстыцыяў. Прычым, у адрозьненьне ад віцэ-прэм’ера Кабякова, тут сьцьвярджаюць, што колькасьць замежных інвэстыцыяў падвышаецца. Асноўныя краіны-інвэстары за гэты пэрыяд — Швайцарыя, Расея, Вялікая Брытанія, ЗША і Нямеччына.
XS
SM
MD
LG