Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Фільм “Акупацыя. Містэрыі” прэтэндуе на ўзнагароду Міжнароднага фэстывалю ў Маскве


Галіна Абакунчык, Менск На Міжнародным кінафэстывалі ў Маскве прайшоў конкурсны паказ фільму беларускага кінарэжысэра Андрэя Кудзіненкі “Акупацыя. Містэрыі”. Паводле папярэдніх ацэнак адмыслоўцаў, забароненая ў Беларусі кінастужка — сярод галоўных прэтэндэнтаў на перамогу. Акрамя таго, фільм запрошаны на ўдзел яшчэ ў некалькіх міжнародных кінафэстывалях.

У фэстывальным конкурсе “Пэрспэктыва” разам зь беларускай кінастужкай удзельнічаюць яшчэ каля дваццаці фільмаў. І толькі прагляд “Акупацыі. Містэрыі”. завершыўся аплядысмэнтамі гледачоў і журы, хоць не абышлося і без праблемаў, — паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода рэжысэр фільму Андрэй Кудзіненка.

(Кудзіненка: ) “Праблема была для расейскамоўнага гледача з таго, што фільм дубляваны па-ангельску — гэта ёсьць умовай удзелу ў міжнародным конкурсе. Самі ж героі фільму гавораць на чатырох мовах: немцы па-нямецку, палякі па-польску, расейцы па-расейску, беларусы па-беларуску. Была поўная заля, шмат было маскоўскіх беларусаў, людзі падыходзілі, дзякавалі за кіно. Ёсьць вельмі моцныя кінастужкі: з Бразыліі, фільм “Руская” паводле Лімонава. Дык маскоўскі “Труд” пісаў, што вось гэты расейскі фільм і наш — галоўныя прэтэндэнты на перамогу”.

Паводле Андрэя Кудзіненкі, вялікую цікавасьць да фільму выявілі таксама мэдыі: пра “Акупацыю. Містэрыі” паведамлялі многія друкаваныя і электронныя СМІ, прычым ня толькі расейскія. Была арганізаваная адмысловая прэсавая канфэрэнцыя з аўтарамі й акторамі кінафільму.

(Кудзіненка: ) “На прэсавай канфэрэнцыі былі артысты Сьвятлана Зелянкоўская, Аляксандар Маўчанаў і Аляксандар Колбышаў. Пыталіся — якое цяпер становішча ў беларускім кінэматографе і чаму ў Беларусі фільм не дазваляюць паказваць. Яны кажуць, што гэткім чынам нам адмыслова рабілі рэклямную кампанію. Таксама пыталіся, ці будзе фільм паказаны на радзіме хоць калі-небудзь. Я сказаў, што спадзяюся на гэта, але ўсё будзе залежаць ад таго, што скажуць нашыя кіношныя чыноўнікі”.

Спадар Кудзіненка кажа, што найбліжэйшая пэрспэктыва фільму “Акупацыя. Містэрыі” — удзел у некалькіх міжнародных кінафэстывалях, а таксама шырокі пракат для кінагледачоў у краінах СНД. Гаворыць Андрэй Кудзіненка:

(Кудзіненка: ) “З гэтым фільмам гэтаксама трэба зьезьдзіць на фэстываль у Нямеччыну, ЗША, Ізраіль, Украіну, Латвію. У нас ёсьць дыстрыбутар “Лінія другое кіно”, якая займаецца продажам і паказам элітарнага кіно. Вось яна набыла ў нас права пракату на ўсёй тэрыторыі СНД. Акрамя Беларусі, зразумела”.

Андрэй Кудзіненка спадзяецца, што ягоную работу некалі пабачаць кінагледачы і на радзіме. Але перакананы, што гэта адбудзецца не ў найбліжэйшыя гады.
XS
SM
MD
LG