Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купалаўцы ўшаноўваюць Васіля Быкава


Валянціна Аксак, Менск Адмысловым паказам спэктаклю “Баляда пра каханьне” Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы ўшаноўвае 25 чэрвеня памяць пра народнага пісьменьніка Васіля Быкава. Спэктакль пастаўлены маладым рэжысэрам Віталем Савіцкім па аповесьці Быкава “Альпійская баляда”.

Гэта першая ў Беларусі інсцэніроўка знакамітае аповесьці, якая была надрукавая сорак гадоў таму ў часопісе “Маладосць” і адразу перакладзеная на многія мовы сьвету. Тады ж яе інсцэнавалі ў маскоўскіх тэатрах, а беларускі кампазытар Яўген Глебаў напісаў аднайменны балет і сюіту.

“Баляда пра каханьне” — гэта другі зварот тэатру імя Янкі Купалы да творчасьці Васіля Быкава. У 1970-я гады тут зь вялікім посьпехам ішоў спэктакль па п’есе Быкава “Апошні шанец”.

Прэм’ера “Баляды пра каханьне” адбылася на малой сцэне купалаўцаў 7 траўня, і спэктакль адразу займеў надзвычайную папулярнасьць. Квіткі на сёньняшні спэктакль раскупленыя некалькі тыдняў таму.
XS
SM
MD
LG