Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд рэгіянальных газэтаў


Любоў Лунёва, Менск Па старонках віцебскага й барысаўскага друку

Газэта“Витебский курьер” прысьвяціла свой апошні нумар тэме Вялікай перамогі. Адзін з артыкулаў распавядае пра лягер сьмерці ў Віцебску (цяпер гэта вуліца Цітова). Напачатку вайны, у 1941 годзе, у лягеры было 40 000 ваеннапалонных салдатаў і афіцэраў, а пасьля іхнага расстрэлу ў 1943 годзе – 20 000 цывільных грамадзянаў. У лягеры фашысты зьнішчылі больш за 80 000 чалавек.

Нядаўна побач зь віцебскім вакзалам гарэў лакаматыў цягніка “Смаленск-Масква”. Цяпер экспэрты з Расеі высьвятляюць прычыны пажару, паведамляе газэта.

Таксама на старонках “Витебского курьера” старшыня віцебскай філіі Саюзу пісьменьнікаў Франц Сіўко абураецца дзеяньнямі мясцовых уладаў пасьля таго, як прадстаўнікі інтэлігенцыі правялі ў гарадзкой бібліятэцы сход, прысьвечаны 80-годзьдзю Васіля Быкава. Спадар Сіўко паведамляе, што ўлады ніяк не ўшанавалі памяць народнага пісьменьніка, і абяцае назваць імёны чыноўнікаў, якія ціснуць на арганізацыю і спрабуюць справакаваць у ёй раскол.

Газэта “Курьер из Борисова” паведамляе, што 70 адсоткаў тамтэйшых прадпрымальнікаў падтрымалі нядаўні страйк беларускіх бізнэсмэнаў.

З нагоды дня пракурорскага работніка газэта публікуе інтэрвію зь мясцовым пракурорам: той паведамляе, што Барысаў цяпер займае першае месца ў вобласьці па колькасьці злачынстваў, а па выяўленьні наркотыкаў сярод моладзі апярэдзіў Салігорск.

Акрамя таго, газэта дае адказ на пытаньне “Што сёлета модна апранаць на выпускны баль?” Высьвятляецца, што для дзяўчат гэта – адзеньне ў стылі пачатку ХІХ стагодзьдзя: карсэты, пышныя спадніцы і карункі, тым часам як вопратка хлопцаў нагадвае хутчэй 70-я гады мінулага стагодзьдзя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG