Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску адбудзецца імпрэза “Васіль Быкаў і Нямеччына”


Алена Панкратава, Менск Сёньня а 15-й гадзіне ў гістарычнай майстэрні на вуліцы Сухой у Менску распачнецца імпрэза “Васіль Быкаў і Нямеччына”, у якой прымуць удзел нямецкія літаратары, перакладчыкі Быкава, а таксама прадстаўнікі нямецкага руху прымірэньня “Акцыя Зюнецайхен”.

Вось што паведаміў адзін зь яе арганізатараў, культурны аташэ нямецкай амбасады ў Менску Ян Канторчык:

(Канторчык: ) “Мы распрацавалі канцэпцыю гэтай імпрэзы разам з інстытутам імя Гётэ. Васіль Быкаў – вельмі вядомы і вельмі чытаны аўтар у Нямеччыне. Для нас ён – адзін зь нямногіх аўтараў, які глыбока раскрыў жахі вайны. Напярэдадні 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі мы хочам прадставіць ягоным суайчыньнікам тое, што ім, магчыма, ня вельмі вядома. Гэта будзе выстава кніг Быкава, перакладзеных на нямецкую мову і выдадзеных у самых розных нямецкіх выдавецтвах. Гэта будуць успаміны некаторых нямецкіх знаёмых і сяброў Быкава, якія адмыслова прыехалі ў Менск для ўдзелу ў гэтай імпрэзе. Яны распавядуць пра сваё асабістае стаўленьне да гэтага вялікага беларускага пісьменьніка.

Зазначу, што нас усіх уражвае тое, што былы франтавік Быкаў, перажыўшы ўсе жахі вайны, ня стаў жорсткім у дачыненьні да немцаў. Больш таго, наведваючы даволі часта ў апошнія дзесяцігодзьдзі Нямеччыну, ён стаў сапраўдным сябрам для многіх з нас, а таксама знайшоў у Нямеччыне шчырых сяброў. Сёньня мы хочам прадставіць беларускай грамадзкасьці малавядомыя і невядомыя старонкі ягонага жыцьця”.

Чакаецца, што ў адкрыцьці выставы і ў працы канфэрэнцыі прымуць удзел перакладчыкі Быкава, ягоны сябар, нямецкі літаратар і грамадзкі дзеяч Крыстаф Гойбнер, а таксама прадстаўнікі нямецкага руху прымірэньня “Акцыя Зюнецайхен”, які некалькі дзесяцігодзьдзяў таму распачынаўся ў Заходнім Бэрліне.

Дзесьці гадоў 20 таму, калі Быкаў упершыню апынуўся ў Заходнім Бэрліне менавіта па запрашэньні гэтага руху, ён, паводле колішніх сяброў “Акцыі Зюнецайхен”, зрабіў велізарны ўплыў на трансфармацыю іхнага сьветапогляду. Паводле іхных словаў, гэта быў першы савецкі чалавек, пісьменьнік, вэтэран вайны, зь якім пра гэтую вайну можна было спрачацца, і спрэчкі вяліся гадзінамі.

Узгадваецца вельмі цікавы момант, пра які, магчыма, хто зь немцаў распавядзе на сёньняшняй канфэрэнцыі. Напачатку 80-х у Заходнім Бэрліне адбыўся кінафэстываль і галоўны прыз на ім узяў фільм Ларысы Шэпіцька “Узыходжаньне”, экранізацыя быкаўскага твора “Сотнікаў”. Фільм меў вялікі розгалас у нямецкім друку і, дарэчы, стаў падставай для таго, каб пазнаёміцца з арыгіналам. Прачытаўшы кнігу, многія нямецкія чытачы сказалі, што кніга Быкава ёсьць мацнейшай за фільм-лаўрэат. Бо яна – больш экзыстэнцыяльная, яна ня дзеліць вайну на здраднікаў і герояў, яна паказвае чалавека ў экстрэмальнай сытуацыі, якой ёсьць вайна. Калі Шэпіцька зьяўляецца судзьдзёй людзей, то Быкаў судзіць толькі вайну. Такім быў ягоны незвычайны падыход, да якога мы прыходзім толькі зараз.
XS
SM
MD
LG