Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чакаецца лібэралізацыя палітыкі беларускіх банкаў у справе продажу валюты грамадзянам


Юлія Шарова, Менск На беларускім валютным рынку чакаецца новая хваля лібэралізацыі. У хуткім часе могуць адмяніць абавязковае паказаньне пашпарту пры набыцьці замежнай валюты для грамадзянаў ды скараціць абавязковы продаж валютнай выручкі для суб’ектаў гаспадараньня. Між тым пакуль нявырашаным застаецца пытаньне: калі нарэшце беларусы змогуць адчыняць рахункі ў замежных банках без адмысловага дазволу?

У Нацбанку не выключаюць, што зь цягам часу беларускія грамадзяне змогуць легальна адчыняць рахункі ў замежных банках ды не тлумачыць фінансавым ды падаткавым органам, для чаго ім гэта спатрэбілася. Пакуль жа ж беларусы для адкрыцьця рахунка ў замежным банку абавязаныя прасіць ў Нацбанка дазвол. Адмяніць гэтую норму, паводле словаў намесьніка старшыні праўленьня Нацбанка Мікалая Лузгіна, можна будзе толькі пры наступных умовах:

(Лузгін: ) “Верагодна, гэта адбудзецца пасьля таго, як яшчэ болей умацуецца беларускі рубель, калі да таго часу ў нас яшчэ будзе беларускі рубель. Калі ня будзе засьцярогаў з нагоды магчымага адтоку капіталу з Рэспублікі Беларусь. Таму пакуль вось гэтая сытуацыя цалкам не пераломіцца, натуральна, будуць існаваць такія абмежаваньні”.

На сёньняшні дзень, гаворыць спадар Лузгін, няма ніякіх істотных абмежаваньняў для ахвочых адчыніць рахунак за мяжой. Напрыклад, калі беларускі грамадзянін працяглы час знаходзіцца за мяжой, то ён можа свабодна адчыняць рахунак. Для тых жа, хто стала жыве ў Беларусі, дазвол патрэбны. Калі ж беларус пайшоў на гэта без дазволу Нацбанка, то згодна з Крымінальным кодэксам яго могуць як мінімум пакараць штрафам – у тым выпадку, калі зловяць.

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, беларускія ўлады невыпадкова баяцца адмены гэтых абмежаваньняў.

(Злотнікаў: ) “Для гэтага рэжыму гэта сапраўды пагроза, бо гэтак могуць і палітычным лідэрам пераводзіць грошы на іхныя рахункі, ці яшчэ нешта. Яны гэтага вельмі баяцца. Што да эканомікі, паколькі эканоміка камандная, то таксама існуе маса схемаў для таго, каб дапамагаць уводу грошай адсюль. Але зь іншага боку наагул сама пастаноўка пытаньня – што людзям добра, тое дзяржаве дрэнна – азначае, што няправільная ўся сыстэма”.

Для параўнаньня спадар Злотнікаў прыводзіць прыклад суседняй Расеі, якая нядаўна дазволіла сваім грамадзянам адчыняць рахункі за мяжой. На думку экспэрта, краіна, сам дзяржаўны і эканамічны лад якой арганізаваны так, каб быць зручным для людзей, ніколі не зьбяднее, калі грамадзяне частку грошай будуць трымаць у замежных банках.
XS
SM
MD
LG