Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калі празь дзень Міхаіла Марыніча ня выпусьцяць на волю, ён можа пачаць галадоўку


Алег Грузьдзіловіч, Менск Празь дзень падыходзіць да завяршэньня двухмесячны тэрмін сьледзтва па справе Міхаіла Марыніча. Вядомы палітык і дыплямат Міхаіл Марыніч з 26 красавіка ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары КДБ. Яго абвінавачваюць у назаконных дзеяньнях са зброяй на той падставе, што на ягоным лецішчы быў знойдзены баявы пісталет. Тым часам Міхаіл Марыніч не прызнае сябе вінаватым і лічыць, што ўлады помсьцяць яму за тое, што ён перайшоў на бок апазыцыі. Нядаўна Міхаіл Марыніч заявіў, што абвесьціць галадоўку, калі па заканчэньні папярэдняга расьсьледаваньня яго не выпусьцяць на волю. Такім чынам, ня выключана, што ў Беларусі пачнецца яшчэ адна палітычная галадоўка.

Хочацца, верыць, што Міхаіла Марыніча заўтра выпусьцяць на волю і тым самым пытаньне аб ягонай галадоўцы адпадзе само сабою. Міхаіл Марыніч – ужо немалады чалавек, галадаваць для яго азначала б ня проста рызыкаваць, а вельмі сур’ёзна рызыкаваць сваім здароўем. Таму цяжка ўявіць, каб было шмат тых, хто жадаў бы ягонай галадоўкі.

Што да юрыдычных шанцаў на выхад Марыніча на волю, дык адвакату Веры Страмкоўскай яны падаюцца дастатковымі. У падтрымку гэтай рацыі яна называе шэраг фактаў: за апошні месяц з удзелам Міхаіла Марыніча не вяліся ніякія сьледчыя дзеяньні, яму не прад’яўлена новага абвінавачваньня і,нарэшце, сканчаецца двухмесячны тэрмін папярэдняга расьсьледаваньня. Таму вынікам справядлівага пракурорскага нагляду мусіць быць рашэньне аб зьмене меры ўтрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, кажа Вера Страмкоўская. Яна спадзяецца на гэта і заўважае, што і пасьля вызваленьня Мырыніча можна працягваць сьледзтва.

У Беларусі шмат хто не давярае пракурорскаму нагляду, і справядліва. У справе Марыніча пракуратура не аднойчы мела магчымасьць зьмяніць меру ягонага ўтрыманьня, але не пайшла на гэта. Такім чынам, мы выходзім на так званы палітычны фактар – менавіта ён не дазваляе спадзявацца на хуткае вызваленьне Міхаіла Марыніча.

Так лічаць, напрыклад, і сыны Міхаіла Марыніча, Павал і Ігар. Яны кажуць, што спадзяваньні дарэмныя, і што ня дзеля таго бацьку ізалявалі, каб зараз выпускаць. Ведаючы беларускія ўнутрыпалітычныя рэаліі з гэтым цяжка спрачацца.

Але ўсё ж дзейнічае і міжнародны фактар. У тым ліку дзякуючы галадоўцы дэпутатаў групы “Рэспубліка” пра ўтрыманьне Міхаіла Марыніча ў КДБ стала шырока вядома ў сьвеце. Рэзананс вялікі: днямі ў Менску пабывала кіраўніца працоўнай групы АБСЭ па Беларусі спадарыня Ута Цапф, яна таксама ўзьняла пытаньне пра лёс Міхаіла Марыніча. Таму ільга выказаць асьцярожныя спадзяваньні на тое, што міжнародны фактар, міжнародная салідарнасьць можа дапамагчы. Ва ўсялякім разе, беларускія ўлады зараз маюць прыдатную магчымасьць,захаваўшы твар, выйсьці з гэтага складанага становішча, калі пра іх кажуць у сьвеце, што яны утрымліваюць за кратамі аднаго з асноўных апанэнтаў рэжыму напярэдадні выбараў.

А калі ня выпусьцяць? Як кажуць сыны Міхаіла Марыніча, ён чалавек рашучы і вельмі адказны. Сказаў – зрабіў. Таму вельмі рэальна, што ён пойдзе на галадоўку. Але сёньня старэйшы сын Павал, які будзе у Міхаіла Марыніча, зьбіраецца яго адгаворваць. Асноўны аргумэнт Паўла такі: галадоўка магчымая толькі пад наглядам грамадзкасьці і незалежных дактароў, а ў КДБ могуць прыдумаць што-заўгодна. Пачнуць прымусова ўліваць нешта, як было зь Віктарам Ганчаром. Таму Павал паспрабуе адгаварыць бацьку ад галадоўкі. Але вырашаць будзе сам Міхаіл Марыніч. Як паведаміў ягоны малодшы сын Ігар, які ўчора сустракаўся з бацькам у “амэрыканцы”, Міхаіл Марыніч спадзяецца, што здаровы сэнс пераможа і днямі яго выпусьцяць.
XS
SM
MD
LG