Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуш Івіньскі: “Польская палітыка ў дачыненьні да Беларусі не зьмянілася”.


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Дзяржсакратар канцылярыі прэзыдэнта Польшчы прафэсар Тадэвуш Івіньскі заявіў радыё “Свабода”, што пасьля далучэньня Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу палітыка Варшавы ў дачыненьнях зь Беларусьсю не зьмянілася.

Паводле спадара Івіньскага, Польшча надалей падзяляе крытычнае стаўленьне дэмакратычнага сьвету да палітычнай сытуацыі ў Беларусі, але адначасова выступае супраць “мэханічнага вырашэньня пытаньняў” у дачыненьнях зь Беларусьсю.

(Івіньскі) “Не, польская палітыка ў дачыненьні да Беларусі не зьмянілася. Мы толькі зьвяртаем увагу нашых партнэраў па Эўрапейскім Зьвязе на тое, што тут нельга ўжываць “мэханічнага вырашэньня пытаньняў”. Напрыклад, спроба ізаляцыі Беларусі як дзяржавы і як грамадзтва асуджаная на паразу, але можна ізаляваць галоўныя дзеючыя асобы цяперашняга беларускага кіраўніцтва на міжнароднай арэне. Гэтым нашая пазыцыя адрозьніваецца ад пазыцыі Брусэля. Але мы будзем браць самы актыўны ўдзел у выпрацоўцы палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Да таго ж, цяпер Польшча мае ў Эўрапарлямэнце дэпутатаў, якія будуць уздымаць там пытаньні зьвязаныя з парушэньнямі правоў чалавека і ўціскам сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі. А Эўрапарлямэнт будзе больш актыўна на гэта рэагаваць”.
XS
SM
MD
LG