Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хачу падзякаваць Радыё Свабода за ранішнія перадачы, асабліва ў апошнія дні за навіны з чэмпіянату Эўропы па футболе”


RFE/RL Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Антон Алесін, Берасьце: ) “Сёньня Берасьцейшчыну пасьля галадоўкі наведаў дэпутат Фралоў. Ён расказаў аб мэтах галадоўкі, аб тым, што Палата Прадстаўнікоў учора на сваім паседжаньні пракацілі ўнясеньні паправак у кодэкс аб правядзеньні выбараў. Мы, берасьцейцы, якія зьбіралі подпісы да Нацыянальнага сходу, каб зрабіць першы крок да дэмакратыі, не былі пачуты. Лукашэнка зноў хоча зрабіць выбары па сьпісу, які ён пацьвердзіць, а назначаныя людзі ў новы парлямэнт выберуць яго на новыя дзесяць год правіць так, як ён хоча.

Дэмакратычныя сілы Берасьцейшчыны прынялі рашэньне аб стварэньні грамадзянскага аб’яднаньня “Рэспубліка” на чале зь генэралам Фраловым, які аб’яднае ўсе партыі, грамадзянскія аб’яднаньні, вобласьці краіны і аб’явіць байкот 21 ліпеня ў Менску. Лукашэнка, які правіць са сваімі прыхільнікамі ўжо дзесяць год, вядзе беларускі народ да лёсу Паўночнай Карэі, хоча закрыць рот нашаму народу; вядзе нашую сінявокую Беларусь не да дэмакратыі, прагрэсу і аб’яднаньню з Эўропай, а да дэградацыі і зьнішчэньня нацыі чаркі і скваркі”.

(Віктар Буто, Менск: ) “Сёньня крыху закрану тэму аб грамадзяніне Беларусі, які на ўсе 100 адсоткаў безабаронны, у якога могуць адкрыта і беспакарана адняць любыя правы і свабоды, што адбывалася і ў савецкія гады, але пасьля 91-га году гэта адбываецца больш не па-людзку, больш амаральна, больш цынічна.

Здароўе і жыцьцё грамадзяніна Беларусі ў Менску і на ўсей тэрыторыі дзяржавы для ўладаў не прадстаўляе ніякай каштоўнасьці, якая толькі патрабуецца на працы альбо на выбарах. Яму нельга ўступаць у нармальныя саюзы ці партыі, абараняць сябе і прасіць аб дазволе канстытуцыйных праў і свабодаў. Ён нечаканы ў дзяржаўных установах, міжнародных арганізацыях і структурах, уяўляе сябе за невідзімку, то бок як бы існуе і ня болей”.

(Слухач: ) “Прывітаньне, Свабода. У расейскай службы Радыё Свабода ёсьць перадачы з прамым удзелам слухачоў. Добра, каб і ў нас наладзіць такую перадачу, хаця б раз на тыдзень, калі магчыма”.

(Слухач: ) “Дзень незалежнасьці, Дзень вызваленьня, Славянскі Базар – такімі словамі афіцыйная прапаганда засьмечвае тэлеэфір, бо гэтыя тэрміны напоўненыя хлусьнёй. Якое вызваленьне, калі сёньня грамадзяне Беларусі несвабодныя, на ўсё патрабуецца браць дазвол уладаў, як пры акупацыі! Дазволы, як правіла, не даюць! Якая незалежнасьць, калі не спыняецца валтузьня са стварэньнем надуманага саюзу з Расеяй і ўвядзеньнем расейскага рубля! Які Славянскі базар, калі зьнішчаецца ўсё беларускае: мова, сымболіка, дзяржаўнасьць! Праводзіцца інтэнсіўная спэкуляцыя словамі “славянскі”, “незалежнасьць”, “вызваленьне” з мэтай апрацоўкі мазгоў грамадзян.

(Яцкевіч Аляксандар: ) Лекар Ліс. Над лесам бы туман павіс, Калі зьявіўся лекар Ліс, Што мэдыцыну разумее І добра ўсіх лячыць умее. Ці да спадобы, ці на злосьць, Як кажуць, бачна ўсё наскрозь. Той Ліс дыягназаў наставіць, Каб галаву вам затуманіць. А хто хваробу перанёс Не цяжка і прадбачыць лёс. Любіць гісторыю завесьці: Каму каго патрэбна зьесьці. Найбольш за ўсіх хвароб кусаецца – Пералічыць не хопіць пальцаў. Не лепш напэўна ў казулі, Яна сама ўжо адчула, Як пахварэлі кабаны Ці дажывуць і да вясны. Нашлі хваробу ў лася, Але зьядуць яго пасьля. Як бачым, нават не сакрэт, Хто першым пойдзе на той сьвет. Але навошта пералік, Калі ў пытаньне ты пранік. Напэўна лепш шукаць вакцыну – Лячыць самую мэдыцыну”.

(Спадар: ) “Я хачу падзякаваць Радыё Свабода за ранішнія перадачы, асабліва ў апошнія дні за навіны з чэмпіянату Эўропы па футболе, вядучым, якія вядуць вельмі добра, эмацыйна, задорна. Хачу яшчэ адзначыць вашыя перадачы: “Атлянтыду” Ракіцкага, “Вострую браму” Дубаўца, вандроўкі Маёрчыка і шмат, шмат другіх перадачаў, вельмі добрыя перадачы. Адно пажаданьне, каб палепшыць у эфіры вашыя перадачы, бо вельмі дрэнна чуваць, прыходзіцца ўвесь час трымаць у руках прымач і шукаць дыяпазон.

Дзякуй вам вялікае ўсім, усім. Вы адзінае радыё, якое прыносіць задавальненьне, калі яго слухаеш: вельмі шмат інфармацыі і вельмі цікавай. Дзякуй вялікае і яшчэ раз дзякуй за перадачы пра футбол”.
XS
SM
MD
LG