Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабіцкі пра Інгушэцію: “Падтрымка насельніцтва – гэта галоўная ўмова посьпеху партызанскіх акцыяў”


Юры Дракахруст, Прага У ноч на 22 чэрвеня байцы чачэнскага супраціву зрабілі рэйд у суседнюю Інгушэцію. Паводле апошніх зьвестак яны забілі ня менш як 75 чалавек, у тым ліку шэраг высокапастаўленых прадстаўнікоў сілавых структураў Інгускай рэспублікі. Мэтамі ўдараў былі прадстаўніцтвы ФСБ і МУС, а таксама месцы дысьлякацыі фэдэральных сілаў. Захопленыя пяцёра ўдзельнікаў рэйду. Сёньня ў Інгушэціі абвешчаная жалоба па загіблых.

Чаму такі рэйд стаўся магчымым? Чаму мэтай апэрацыі была не Чачня, а суседняя Інгушэція? Ці можа гэтая апэрацыя правесьці да зьмены расейскай палітыкі на Каўказе? На гэтыя тэмы наш карэспандэнт гутарыць з супрацоўнікам расейскай службы нашага радыё Андрэем Бабіцкім.

Чаму паўстанцы нанесьлі ўдар не на тэрыторыі Чачні, а ў суседняй Інгушэціі? У 1999 годзе, калі Басаеў і Хатаб зрабілі падобны рэйд у Дагестан, супраць іх змагаліся ня толькі фэдэральныя сілы, але і мясцовае насельніцтва.

(Бабіцкі: ) “З самага пачатку гэтай вайны гэтая пастаяннае імкненьне чачэнскага супраціву – імкненьне да гучных акцыяў, захопаў населеных пунктаў і г.д. І я разумею, чаму гэта адбылося ў Інгушэціі. Аналягічныя дывэрсіі, якія адбываліся ў Чачні, ніяк не асьвятляліся расейскімі мэдыямі. Зразумела такія акцыі праводзяцца перш за ўсё, каб стварыць пэўны інфармацыйны рэзанас. Паколькі інфармацыю з тэрыторыі Чачні атрымліваецца блякаваць, было прынятае рашэньне засвоіць у якасьці ваеннай новую тэрыторыю.

Я мушу сказаць, што сёньняшняя сытуацыя ў Інгушэціі кардынальна адрозьніваецца ад той, якая была падчас рэйду ў Дагестан у 1999 годзе. Там размова ішла пра ўварваньне. Дагестанцы ўспрынялі яго, як акт гвалту і агрэсіі. У Інгушэціі ня тое. ФСБ, сілавыя структуры апошнім часам разгарнулі на тэрыторыі Інгушэціі сапраўдную вайну – размова ідзе пра выкраданьні і пазасудовыя забойствы. І гэта вызначае адчуваньне інгушоў у адносінах з уладамі, хаця інгушы традыцыйна лаяльныя да фэдэральных уладаў. Але гэтая актыўнасьць сілавікоў прывяла да пагаршэньня стаўленьня да іх з боку цывільнага насельніцтва. Паводле паведамленьняў відавочцаў большасьць тых, хто ўдзельнічаў у гэтай шырокамаштабнай дывэрсіі былі інгушамі”.

(Дракахруст: ) “Часта можна пачуць меркаваньне, што немагчыма прадухіліць тэракт самазабойцы. Але тое, што адбылося ў Інгушэціі – гэта маштабная агульнавайскавая апэрацыя, у якой удзельнічалі сотні людзей і якая цягнулася некалькі гадзінаў. Чаму фэдэральныя сілы ня здолелі прадухіліць яе?”

(Бабіцкі: ) “Падтрымка насельніцтва – гэта галоўная ўмова посьпеху партызанскіх акцыяў. Я абсалютна не ўяўляе сабе посьпеху падобнай акцыі ў Дагестане. Там насельніцтва імгненна б узброілася і пачала нішчыць гэтых партызанаў па ўсім маршруце іх рэйду. Як я ўжо казаў, у Інгушэціі ў насельніцтва як мінімум не было падставаў уступаць у бой з удзельнікамі рэйду. Да таго ж Інгушэція не разглядалася кіраўніцтвам Паўночнакаўкаскай ваеннай акругі як зона пагрозы.

Там значна менш войскаў, чым у Чачні. Такі рэйд у Чачні быў бы немагчымым, уся Чачня падзеленая на кантраляваныя войскамі акругі. Але пры гэтым ФСБ пачала ў Інгушэціі такую ж актыўнасьць, як у Чачні, ня маючы такой жа вайсковай падтрымкі. І гэтым дысбалянсам і скарысталіся гэтыя дывэрсійныя групы. Я мяркую, што зараз Інгушэція стане тэрыторыяй, якую так бы мовіць далучаць да Чачні, яна будзе гэтак жа кантралявацца войскамі. Я ня бачу ў гэтым нічога добрага для фэдэральных сілаў. Тэрыторыя вайны пашыраецца. Разьвіцьцё падзеяў ідзе па найгоршым для Расеі сцэнары”.

(Дракахруст: ) “Якія наступствы можа мець апэрацыя чачэнскага супраціву ў Інгушэціі для расейскай палітыцы на Каўказе?”

(Бабіцкі: ) “Я ня надта веру ў тое, што Ўладзімер Пуцін пашырыць сваё разуменьне сытуацыі на Каўказе. Яно, здаецца, вызначанае раз і назаўсёды. Ён, выглядае, з тых людзей, якія лічаць, што гвалтам можна падавіць такі мяцеж. Гэта сапраўды магчыма, але для гэтага трэба мець рэпрэсіўныя магчымасьці, якія былі, скажам, у Сталіна. Сёньняшняя Расея ўсё ж увайшла ў міжнародную супольнасьць. І таму, дзейнічаць так, каб нішчыць ня толькі супраціў, але і яго сацыяльную базу.

Калі нейкі атрад атрымлівае харчы зь нейкай вёскі, трэба нішчыць вёску. Тады быў бы плён. А цяперашні расейскі гвалт асуджаны на няўдачу. І Інгуская апэрацыя гэта пацьвярджае. Глядзіце, дзесяткі людзей ўваходзяць са зброяй у рукох, праводзяць агульнавайскавую апэрацыю. А дзе ФСБ, якая нібыта раскінула сетку сваіх інфарматараў ва ўсім рэгіёне? Значыць гэтая сетка не працуе.

Падаецца, што сытуацыя застанецца нязьменнай. Магчымы лякальны посьпех – з боку фэдэральных сілаў магчымае зьнішчэньне нейкай групоўкі паўстанцаў. Нейкае злучэньне супраціву можа зрабіць эфэктыўную апэрацыю. Але канчатковай перамогі тут быць ня можа ані ў тых, ані ў другіх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG