Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Rzeczpospolita”: Перамога БХК у беларускім судзе – гэта сэнсацыя


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita” называе перамогу БХК у судзе “сэнсацыяй” і “прыкладам эфэктыўнага ўціску Захаду на афіцыйны Менск”.

“Беларускі Хэльсынскі камітэт не павінен плаціць падаткаў з грашовай дапамогі Эўрапейскага Зьвязу – гэтак вырашыў гаспадарчы суд у Менску. Абаронцы правоў чалавека кажуць, што гэтае рашэньне адпавядае заканадаўству, а значыць гэта – сэнсацыя”, – піша “Rzeczpospolita”.

Штодзёньнік падае словы старшыні БХК Тацяны Процькі, якая заявіла газэце, што, канечне, ведала, што яе арганізацыя мае рацыю, аднак “у краіне, дзе суды часта кіруюцца не законам, а палітычнымі прычынамі, поўная перамога ёсьць для нас прыемнай неспадзяванкай”.

“Rzeczpospolita” піша, што гэтая перамога мае вялікае значэньне ня толькі БХК, але й для іншых арганізацыяў, якія атрымалі дапамогу ў межах праграмы ТАСІS.

Газэта зьвяртае ўвагу на словы беларускіх праваабаронцаў, якія казалі, што перамога не была б магчымая без умяшальніцтва ў гэтую справу вышэйшых кіраўнікоў Эўрапейскага Зьвязу і АБСЭ.

“Часта можна пачуць ад заходніх лідэраў, што няма эфэктыўных мэханізмаў уціску на беларускі рэжым, каб змусіць яго да выкананьня законаў. Рашэньне суду ў нашай справе сьведчыць пра тое, што гэта не зусім так. Калі Захад будзе настойліва і пасьлядоўна дамагацца выкананьня беларускімі ўладамі канкрэтных абавязкаў, такі ўціск можа быць эфэктыўны”, – заявіла ў размове з польскім штодзёньнікам “Rzeczpospolita” старшыня БХК Тацяна Процька.
XS
SM
MD
LG