Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску працуе адмысловая камісія Эўразьвязу


Галіна Абакунчык, Менск У Менску распачала працу адмысловая камісія Эўразьвязу ў справе дасьледаваньня фактаў парушэньня правоў прафсаюзаў. Плянуецца, што сябры камісіі сустрэнуцца з чальцамі прафсаюзаў, прадстаўнікамі наймальнікаў і чыноўнікамі. Калі факты ціску на прафсаюзны рух будуць пацьверджаныя, Беларусі пагражаюць эканамічныя санкцыі з боку краінаў Эўрапейскай супольнасьці.

Камісію складаюць два экспэрты, якія прыбылі з Бэльгіі й будуць заставацца ў Менску да 29 чэрвеня. Праца праходзіць у форме слуханьняў, а дзеля захаваньня незалежнасьці й аб’ектыўнасьці экспэрты адмаўляюцца кантаваць з грамадзкасьцю і мэдыямі.

У суботу і нядзелю адбудуцца сустрэчы камісіі з прадстаўнікамі незалежных прафсаюзаў краіны: сьведкамі стануць 25 актывістаў руху. Пра якія факты яны будуць паведамляць, — у інтэрвію Радыё Свабода паведаміў лідэр Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў.

(Быкаў: ) “Асноўнае — гэта забарона на прафсаюзы, якая зробленая празь юрыдычны адрас і адсюль нерэгістрацыя структураў. Другое — гэта кантракты, і трэцяе — перасьлед па прафсаюзнай прыкмеце”.

У красавіку ў Менску працавала камісія Міжнароднай арганізацыі працы. Абедзьве дэлегацыі былі створаныя паводле адмысловага звароту Міжнароднай і Эўрапейскай канфэдэрацыяў свабодных прафсаюзаў. Тым часам улады працягваюць перасьлед актывістаў руху, і пра гэта будзе заяўлена камісіі Эўразьвязу, — кажа лідэр незалежнага прафсаюзу Генадзь Фядыніч.

(Фядыніч: ) “Наймальнікі груба ўмешваюцца ў справы і сілавымі сродкамі пераводзяць і пераводзяць сяброў РЭПАМу ў Прафсаюз прамысловасьці, які сёньня падкантрольны Фэдэрацыі і органам улады. Гэта азначае, што кіраўніцтва краіны ігнаруе рэкамэндацыі МАП”.

Камісіія МАП і камісія Эўразьвязу намерваюцца падрыхтаваць выніковыя рэзалюцыі сваёй працы гэтай восеньню. І калі факты парушэньня правоў прафсаюзаў будуць пацьверджаныя, то афіцыйнаму Менску пагражаюць эканамічныя санкцыі з боку краінаў Эўразьвязу, — паведаміў у інтэрвію “Свабодзе” прадстаўнік Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Вадзім Барысаў.

(Барысаў: ) “Сам факт накіраваньня камісіі сьведчыць пра тое, што на міжнародным узроўні глыбока заклапочаныя тымі працэсамі, што адбываюцца ў Беларусі: пад сумнеў ставіцца існаваньне дэмакратычных інстытутаў. Беларусь мае льготы ў гандлі з краінамі Эўразьвязу, якія даюцца за выкананьне ўрадам пэўных сацыяльных абавязкаў. Калі ўрад не выконвае свае абавязкі, ён будзе папярэджаны, а ў выпадку невыпраўленьня становішча, натуральна, краіна пазбаўляецца льготаў”, — адзначыў Вадзім Барысаў — прадстаўнік Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў.

Паводле адмыслоўцаў, гандлёвыя льготы для Беларусі сёньня складаюць сотні мільёнаў эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG