Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін вечар у вёсцы Новы Пагост


Ягор Маёрчык, Новы Пагост (Мёрскі раён, Віцебшчына) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

У вёсцы Новы Пагост я зьявіўся надвячоркам. Сутоньне: толькі агні ў вокнах хатаў і рэдкія мінакі на вуліцах. Незважаючы на цемрадзь, нейкі пэнсіянэр корпаўся ў начыньні трактара. Выгляд у яго быў адпаведны: замасоленыя порткі й фуфайка, рукі да локця ў мазуце. Усё гэта падалося мне вельмі калярытным, калі я ўведаў хто гэты спадар. Аказалася, што перада мною Іван Багданаў — старшыня сельскага савету. Прызнаюся, што нячаста выпадае пабачыць дзяржаўную асобу ў такім неафіцыйным выглядзе. Я згадаў пра трактар, і спадар Багданаў патлумачыў:

(Багданаў: ) “Ну вось. Ёсьць нейкі: хоць і няновы, падбіты, але свой трактар”.

(Карэспандэнт: ) “Тэхніка шмат дапамагае?”

(Багданаў: ) “Безь яе як бяз рук. Усё раблю: і на прысядзібнай гаспадарцы, і суседзям, і на тэрыторыі сельскага савету на ёй працую”.

(Карэспандэнт: ) “Пры дамапозе тэхнікі можна зарабляць?”

(Багданаў: ) “Не. Зарабляць нельга. Па-першае, падатковая інспэкцыя. А па-другое, трэба час, а яго ніколі не хапае”.

(Карэспандэнт: ) “Чым сельскі савет людзям дапамагае?”

(Багданаў: ) “Натуральна, на тое ён і сельскі савет. Хоць матэрыяльна не заўсёды дапаможаш, але параду можна даць. Цяпер вядома якое жыцьцё: калгасы амаль ляжаць, аказаць канкрэтнай дапамогі ня здольныя, мэханіка ўся састарэла, транспарту няма, паліва таксама не хапае. Але нейкім чынам перабіваемся”.

(Карэспандэнт: ) “Праблема беспрацоўя. Ці ёсьць яно?”

(Багданаў: ) “Калі шчыра казаць, ёсьць. Але ў сельскай мясцовасьці можна і з гэтым пражыць. Можна браць зямлю, гадаваць худобу і жыць. Гэта калі ўжо нідзе працы ня знойдзеш”.

(Карэспандэнт: ) “Такая праблема як п’янства — наколькі яна актуальная для Новага Пагосту?”

(Багданаў: ) “Як і ўсюль. Вельмі часта выпіваюць тыя людзі, якія бяз працы. Трэба даць людзям работу. Тады чалавек будзе заняты і меней будзе піць”.

Прыкладна ў той самы час, калі я размаўляў зь сельсавецкім старшынём, сям’я фэрмэра Віталя Лабкоўскага сядала вячэраць. Гэта колішняга супрацоўніка лясьніцтва і колішняга калгасьніка варта ставіць прыкладам, чаго можа дасягнуць чалавек, калі шмат працуе і разьлічвае толькі на сябе самога. Я адарваў Віталя ад стала і папрасіў распавесьці пра фэрмэрскае жыцьцё на дваццаці гектарах зямлі.

(Лабкоўскі: ) “Жыву, як і ўсе людзі ў вёсцы. Як і ў краіне, так і ў мяне. Няма грошай і ўсё тут! Думаю які-небудзь дзе-небудзь урваць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці спрабавалі ўзяць крэдыт?”

(Лабкоўскі: ) “Даюць. Пад 30 адсоткаў. Вазьмі крэдыт, а нічога ня вырасьце. Ніяк не ўгадаеш. Гэта ўсё залежыць ад зямлі й прыроды. Як нешта вырасьце, нікому нічога ня трэба, а як ня ўродзіць, тады давай. Пазалетась усё ва ўсіх згарэла. Усе лёталі й прасілі “Дайце! Дайце!” А тут морква ўрадзіла, і нікому яна не патрэбная. Не было попыту. Я яе худобе й скарміў”.

(Карэспандэнт: ) “Шкадуеце, ці не, што пачалі фэрмэрствам займацца?”

(Лабкоўскі: ) “Каб шкадаваў, я бы гэтым не займаўся. Тут ёсьць надзея, што некуды вырулю. Пустая зямля. З нуля пачынаў. А цяпер ужо трактар набыў, набыў машыну для сябе, пачынаю хату будаваць, сад заклаў. Што атрымліваю, паціху інвэстую. А можа, што-небудзь калі-небудзь і будзе”.

Тым жа вечарам пэнсіянэрка Апалька расчыняла цеста, каб пячы хатні хлеб. Будзе заўтра частаваць сям’ю дачкі, зь якімі жыве пад адным дахам. Бабуля заўважыла, што калі бы я завітаў днём пазьней, сам мог бы ацаніць хлеб. А так застаецца толькі паверыць выказваньням аднавяскоўцаў — тыя цьвердзяць, што ад прывезенага дзяржаўнага гэтае печыва розьніцца смакам, водарам, колерам і немаленькім памерам. Спадарыня Апалька запэўнівае, што ніякага сакрэту ў старажытным рацэпце няма. Узважваць і адмяраць складнікі зусім неабавязкова. Іх трэба зьмешваць на вока:

(Апалька: ) “Ніякага там рацэпту няма. Раніцаю расчыню: мука і вада. Свая мука. Са свайго жыта. Гэтае жыта папярэдне ў жорнах зьмялю. Вось яно кісьне, стоячы на печы. На заўтра я яго замяшу, дадаючы мукі, цукру, кмену, солі. Цеста ў дзежцы падымецца. Тады яго ў форму раскладу. Яно зноў ужо ў формах падымецца. І ў печ яго! Паўтары гадзіны пячэцца. Вось і хлеб атрымліваецца”.

(Карэспандэнт: ) “А дзяржаўнага не набываеце?”

(Апалька: ) “Час ад часу набываем. Як свой хлеб пасканчваецца, тады той дзяржаўны ня вельмі любім есьці. Трэба, каб хлеб быў свой”.

(Карэспандэнт: ) “Як у вас атрымліваецца пячы такі смачны хлеб? Можа, заняліся бы бізнэсам? Гандлявалі б ім. Людзі бы бралі яго ахвотней за дзяржаўны”.

(Апалька: ) “Мне ўжо нічога ня трэба. Бізнэс гэты мне ня трэба! Я ўжо старая”.

(Карэспандэнт: ) “Але на гэтым, можа, разбагацелі бы і людзям было бы дабро”.

(Апалька: ) “А хто яго тут набываць будзе? Колькі тут таго народу?”

(Карэспандэнт: ) “Пяцьсот чалавек насельніцтва якраз і хопіць”.

(Апалька: ) “На гэтага кажуха ня хопіць атрухі”.

Кожныя аўторак, сераду і чацьвер самотным вечарам Марыя Пугаўка ўключае тэлевізар і перажывае жарсьці, прыгоды ды інтрыгі разам зь дзейнымі асобамі якога-небудзь сэрыялу. Невядома, ці стала бы яна гутарыць, калі бы пагрукаў у дзьверы на нейкіх паўгадзіны раней. А так чарговая сэрыя ўжо скончылася. І я зьвяртаюся да спадарыні Пугаўкі з прапановаю:

(Карэспандэнт: ) “Можна было бы задаць вам некалькі пытаньняў?”

(Пугаўка: ) “Не-не-не!”

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Пугаўка: ) “Я старушка і ўжо ня хочу. Я пахвалю, а тады зь мяне ўсе сьмяяцца. Жывем мы сярэдне. Калі я скажу, што мы жывем дрэнна, малая пэнсія, усё дорага… Я вось так скажу, а вы пра гэта паведаміце, а пасьля будуць кпіць: “Во, ўжо Пугаўка нагаварыла! Нахвалілася!” Не, я нічога казаць ня буду!”

(Карэспандэнт: ) “А вы праўду кажыце!”

(Пугаўка: ) “А праўду, можа, казаць і нельга”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Пугаўка: ) “Не заўсёды праўду і любяць. І ня ўсе любяць праўду!”

(Карэспандэнт: ) “Але як вы скажаце праўду, нікто вас не абвінаваціць, што вы хваліліся ці скардзіліся”.

(Пугаўка: ) “Не, выбачайце, але я размаўляць ня буду”.

Хата Марыі Пугаўкі знаходзіцца за некалькі мэтраў ад касьцёлу. На ноч гледзячы малады ксёндз Валянцін адмыкаў храм, каб спраўдзіць, ці ўсё ў парадку ў залях. Удзень ён ад’яжджаў зь вёскі й толькі што вярнуўся назад. Сьвятар запрасіў мяне ўсярэдзіну 400-гадовай бажніцы. Назіраньні нетутэйшага чалавека за жыцьцём Новага Пагосту:

(Валянцін: ) “Вёска й ёсьць вёскаю. Цяпер мае такі ўпадак жыцьцёвага інтарэсу. Асабліва гэта тычыцца моладзі. Яна ня ведае дзе і чаго шукаць. Маладое пакаленьне павінна зарабляць грошы, а ў вёсцы гэта практычна немагчыма. І таму моладзь разгубленая. Бабулі, якія маюць 70–80 гадоў, затрымалі гэтую моц, якую бы трэба было ўзяць нам, маладым, у іх — старэйшых. Так. адная бабця пасьля сьвятой імшы размаўляла з маладым пакаленьнем, якіх сустрэла на дарозе. Яна ім сказала: “Калі ёсьць час да данцу, павінен быць час для ружанцу”.

Тым вечарам Аванта Сьвідэрская заступала ў другую зьмену. Першую, настаўніцай у школе, яна ўжо адпрацавала. А на чарзе — хатнія клопаты. Я засьпеў яе ля пральнай машыны. Гэткае прыстасаваньне савецкага часу без аўтаматычных функцыяў — і ўсё трэба рабіць рукамі. Гарачай вады ў Новым Пагосьце ніколі не было, а халодную трэба цягаць са студні.

(Сьвідэрская: ) “І вады не хапае, і вадаправод у вёсцы патрэбны. Хацела бы сваіх дзяцей аддаць у школу мастацтваў. Яны малююць прыгожа і на музычных інструмэнтах іграюць. Але няма такой магчымасьці. Найбліжэйшая школа мастацтваў толькі ў Мёрах. У нас няма музычнага кіраўніка. Я не спэцыяліст, але вяду музыку ў школе. Што ўмею, тое ім і выкладаю. Сама некалі езьдзіла ў музычную школу. Але сёньня дабрацца дзецям немагчыма — аўтобусы рэдка ходзяць. Вельмі цяжка”.

Была ўжо сапраўдная ноч, а Тэрэза Шмідт яшчэ сядзела за швейнаю машынкаю. Панаўляла адзеньне для мужа і дзяцей. Аднастайная мэханічная праца падштурхнула яе да роздумаў пра дробнае надзённае і пра глябальнае жыцьцёвае:

(Шмідт: ) “Як і ў большай колькасьці насельніцтва тут, на вёсцы, наш матэрыяльны бок ня вельмі станоўчы. Заробку не хапае. Хапае толькі на самыя неабходныя рэчы — і каб прыдбаць нешта большае, трэба пакруціцца. А круцяцца па-рознаму. Хтосьці з гаспадаркі некую лішнюю капейчыну мае, хтосьці выяжджае на заробкі ў Расею і Польшу. Але тых, якія круцяцца, застаецца ўсё меней і меней. Можна сказаць, што многім такое кручэньне надакучыла. І людзі папросту апускаюцца. Напэўна, дабівае той факт, што, калі лічыць ад перабудовы, прайшоў пэўны кавалак часу. Ужо палова жыцьця прайшла. І дабівае тое, што за такі даволі працяглы час не відаць пэрспэктывы наперадзе, што жыцьцё палепшае, што зможаш годна жыць, зможаш марыць ня толькі пра хлеб надзённы, але й яшчэ пра штосьці. Бо жывеш тут на вёсцы, але хацелася бы выехаць у той самы тэатар і паклапаціцца пра свой духоўны стан”.

(Карэспандэнт: ) “А што вам перашкаджае выехаць у тэатар?”

(Шмідт: ) “Матэрыяльны бок гэтай справы”.

Вёска Новы Пагост засынала, каб прачнуцца назаўтра з тымі самымі праблемамі: занядбаная гаспадарка, нявыгадныя фэрмэрскія крэдыты, малыя пэнсіі, высокія кошты, адсутнасьць вадаправоду, аддаленая школа мастацтваў і дваццаць гадоў, пражытыя без акрэсьленай пэрспэктывы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG