Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Атэны паедуць амаль 150 беларускіх спартоўцаў – Лукашэнка загадаў прывезьці як найменей 25 мэдалёў


Уладзімер Глод, Менск 149 беларускіх спартоўцаў найвышэйшай клясы працягнуць падрыхтоўку да чарговых летніх Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць у сталіцы Грэцыі з 13 да 29 жніўня. Менавіта такую лічбу назвалі 24 чэрвеня на паседжаньні арганізацыйнага камітэту ў справе падрыхтоўкі да летняй Алімпіяды.

Амаль дзьве траціны патэнцыйных беларускіх алімпійцаў цяпер знаходзяцца па-за межамі краіны. Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч тлумачыць гэта тым, што там лепш рыхтавацца да галоўных стартаў чатырохгодзьдзя:

(Парфяновіч: ) “Няма адпаведнай базы, і, па-другое, патрэбны спарынг адпаведнага ўзроўню, таго ўсясьветнага, на якім знаходзіцца і сам спартовец”.

На сёньняшнім паседжаньні прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Аляксандар Лукашэнка не прысутнічаў. Але, як сказаў Уладзімер Парфяновіч, чарговы раз ад ягонага імя было пацьверджана: задача атрымаць у Атэнах 25 мэдалёў застаецца нязьменнай. Ці рэальныя такія патрабаваньні, спытаўся я ў спадара Парфяновіча. Знакаміты спартовец нагадаў, што чатыры гады таму з Алімпіяды ў Сыднэі каманда Беларусі прывезла 17 мэдалёў.

(Парфяновіч: ) “Калі паўторым посьпех тых Алімпійскіх гульняў, гэта будзе вельмі добра. Мой прагноз, відаць, дзесьці 14 мэдалёў”.

(Карэспандэнт: ) “У тваім любімым відзе спорту, там, дзе ты быў чэмпіёнам, якія шанцы?”

(Парфяновіч: ) “Спадзяемся...”

(Карэспандэнт: ) “На што?”

(Парфяновіч: ) “На мэдалі”.

(Карэспандэнт: ) “На якія?”

(Парфяновіч: ) “Ня буду, як кажуць, тузаць за хвост удачу”.

Дарэчы, дыскусію вакол таго, ці могуць спартоўцы Беларусі заваяваць 25 мэдалёў, перапыніла падчас паседжаньня намесьніца міністра спорту і турызму Галіна Забур’янава: “З думкай кіраўніка дзяржавы лепш не спрачацца...” Найбольшыя спадзяваньні ў алімпійскай камандзе на лёгкаатлетаў. Яны, паводле разьлікаў, мусяць атрымаць у Грэцыі аж 5 мэдалёў. Разьлічвалі і на 6, але чэмпіёнка мінулай алімпіяды Яніна Карольчык у Атэны ня едзе — яе дыскваліфікавалі за ўжываньне допінгу. Такім жа чынам пакараная плыўчыха Аляксандра Герасіменя і яшчэ некалькі іншых беларускіх спартоўцаў.

Уладзімер Парфяновіч перакананы, што допінг ня ёсьць абавязковай умовай спартовых перамогаў:

(Парфяновіч: ) “Я заўсёды не пагаджаўся з тымі, хто не клапаціўся пра барацьбу з допінгам і не абмяжоўваў гэтую бяду, зь якой сутыкаюцца некаторыя спартоўцы”.

(Карэспандэнт: ) “Уладзімер, ты ўпэўнены, што цяпер без ужываньня допінгу можна перамагаць на буйных спаборніцтвах?”

(Парфяновіч: ) “Упэўнены. Казаць пра тое, што нельга перамагчы бяз допінгу, гэта толькі яшчэ раз падкрэсьліць сваю неадукаванасьць ці яшчэ нешта іншае”.

Вядома, што праект прэзыдэнцкага ўказу прадугледжвае выплату 60 тысяч даляраў за тытул алімпійскага чэмпіёна. Уладзімер Парфяновіч ня лічыць такую суму празьмернай, паколькі, адрозна ад чэмпіёнаў-іншаземцаў, нашыя найлепшыя спартоўцы амаль ня маюць прыбытку з рэклямы:

(Парфяновіч: ) “Я лічу, што гэта зусім невысокія прэміі. У іншых краінах спартоўцы зарабляюць грошы пераважна ня прэміяй, а рэклямай. Прэмія — гэта толькі маленькі штуршок, каб падтрымаць спартоўца. Усё астатняе ён зарабляе рэклямай”.
XS
SM
MD
LG