Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апанэнтам Лукашэнкі не даюць падвышаных пэнсіяў, як былым дзяржслужачым


Валер Каліноўскі, Менск Былыя дэпутаты Вярхоўнага Савету і дзяржслужачыя, якія ў свой час выявілі сябе як апанэнты Аляксандра Лукашэнка, маюць праблемы, сыходзячы на пэнсію. Аддзелы сацзабесьпячэньня часам адмаўляюцца ўлічваць іх дэпутацтва як стаж, прапануюць пэнсію паводле ўзросту, адмаўляючы ў падвышанай пэнсіі як былым дзяржаўным служачым. Былыя дэпутаты лічаць гэта дробнай помстай улады за свае палітычныя погляды.

Самы яскравы выпадак з былым старшынём Вярхоўнага Савету Беларусі Станіславам Шушкевічам. Патрабуючы заслужанай пэнсіі, ён прайшоў ад раённага да Вярхоўнага суду — але безвынікова. Яму цяпер выплачваюць 3200 рублёў на месяц. Пэнсія першага кіраўніка незалежнай Беларусі нядаўна вырасла на 4 рублі, бо Нацбанк скасаваў дробныя купюры (раней выплачвалі 3196 рублёў). Станіслаў Шушкевіч акуратна атрымлівае гэтыя грошы і нават штогод патрабуе адмысловую даведку. Магчыма, у будучыні ён прад’явіць гэтыя дакумэнты — калі судзьдзі, што прымалі рашэньні па ягонай справе, будуць прэтэндаваць на нейкія пасады. Гаворыць спадар Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Дэкрэт аб упарадкаваньні пэнсіяў адразу аддзяліў усіх ляяльных ад неляяльных. І ўсё”.

Сам Станіслаў Шушкевіч жыве за кошт таго, што чытае лекцыі. Аднак ня ён адзін сярод былых дэпутатаў і кіраўнікоў краіны патрапіў пад адпаведны дэкрэт А.Лукашэнкі наконт пэнсійнага забесьпячэньня. Мечыслаў Грыб, напрыклад, таксама не атрымлівае пэнсіі як былы кіраўнік дзяржавы, але ён мае генэральскую пэнсію.

Былой актывістцы фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Галіне Сямдзянавай адмовілі ў пэнсіі як былой дзяржслужачай, хоць яна была і дэпутатам, і супрацоўніцай Камітэту народнага кантролю, і чыноўніцай у Вярхоўным Савеце 13 скліканьня. Адметна, што спадарыні Сямдзянавай нават не залічылі ў працоўны стаж гады яе дэпутацтва з 1990 па 1994 год. Спадарыня Сямдзянава, як і іншыя яе калегі, у адпаведнасьці з законам аб Вярхоўным Савеце мае права на пэнсію памерам 65% заробку дэпутата. Але ў аддзеле сацзабесьпячэньня ёй заявілі, што гэты закон нібыта ўжо ня дзейнічае.

(Сямдзянава: ) “Гэта ўвогуле сьмешна. Я працавала 15 гадзінаў у суткі, а лічылася беспрацоўнай… Закон даваў права не працаваць дэпутату. І гэты час ішоў у стаж. Але гэты закон ня дзейнічае. Я да таго, як была дэпутатам, была паважаным чалавекам. Пасьля таго, як пабыла дэпутатам, стала горш за бамжа”, — сказала Галіна Сямдзянавава.

Цяпер яна мае невялікую пэнсію паводле дасягненьня адпаведнага ўзросту.

З аналягічнымі праблемамі сутыкнуліся і дэпутаты Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. У прыватнасьці, Алене Скрыган для налічэньня пэнсіі як былой дзяржслужачай фармальна не хапіла аднаго месяца, бо не ўлічылі яе дэпутацтва пасьля разгону Вярхоўнага Савету ў 1996 годзе. Галіна Сямдзянава робіць даволі сумныя высновы пра лёс многіх сваіх калегаў:

(Сямдзянава: ) “Па-першае, вельмі шмат нашых памерла, дэпутатаў ужо 50 ці 55… Па-другое, лёс тых людзей, што нейкім чынам былі ня згодныя з уладай, ён вельмі такі непрывабны, скажам так. Нават ня толькі тых, якія былі ў апазыцыі, але і такіх, якія нейкім чынам супрацьстаялі, выказвалі меркаваньне ці спрачаліся зь ім у курылцы… Вось нядаўна памёр дэпутат Лядко з Іўя, быў старшынём калгасу. Ён ня быў у апазыцыі, але станоўча ставіўся да нашых ініцыятываў. Ну, і яго там ганялі, выганялі… І ў выніку чалавека няма. Там і вешаліся дэпутаты і з 12, і з 13 скліканьня… Карацей, я прыйшла да высновы, што калі ты хочаш спляжыць свой лёс, то трэба ісьці ў дэпутаты”.

Нядаўна пэнсію атрымаў вядомы юрыст Гары Паганяйла. Нягледзячы на тое, што ён мае 44 гады працоўнага стажу (прычым большую частку гэтага тэрміну ён быў менавіта на дзяржслужбе — працаваў судзьдзём, супрацоўнікам Мінюсту, загадчыкам юрыдычнай кансультацыі, адвакатам), але пэнсію атрымаў звычайную, страціўшы такім чынам каля 100 тысяч рублёў за месяц. Але спрачацца зь беларускімі ўладамі за заробленую пэнсію ён не зьбіраецца:

(Паганяйла: ) “Не зьбіраюся абсалютна. У другі час зь іншымі кіраўнікамі яшчэ можна паспрабаваць. А цяпер абсалютна бессэнсоўна спрачацца”.

Гары Паганяйла кажа, што беларускія ўлады адмовіліся залічыць яму адвакацкі стаж у Маскоўскай калегіі, няледзячы на ўсе саюзныя дамовы. Гары Паганяйла лічыць гэта дробнай помстай уладаў, але судзіцца не зьбіраецца, — зазначае, што здольны зарабіць на жыцьцё. Падобных выпадкаў даволі шмат, кажа ён, некаторыя людзі нават падаюць скаргі ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, прэзыдэнцкую адміністрацыю і іншыя структуры.
XS
SM
MD
LG