Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія вынікі палітычнай галадоўкі? – пытаньне абмяркоўваюць Уладзімер Колас і Вінцук Вячорка


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас і старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка

(Валер Карбалевіч: ) “Масавая палітычная галадоўка працягласьцю 18 дзён, якую распачалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Фралоў, Парфяновіч і Скрабец, скончылася. Спыненьне галадоўкі адбылося напярэдадні абмеркаваньня ў Палаце прадстаўнікоў Выбарчага кодэксу. Гэтая акцыя была беспрэцэдэнтнай зьявай у сучаснай беларускай гісторыі. Яна ўскалыхнула беларускае дэмакратычнае грамадзтва, мела пэўны міжнародны рэзананс.

Удзельнікі галадоўкі вылучылі такія патрабаваньні: унясеньне зьменаў у Выбарчы кодэкс, вызваленьне з-за кратаў спадара Марыніча, прыпыненьне спробаў правесьці рэфэрэндум аб працягненьні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. Сёньня мы можам канстатаваць, што ніводнае з гэтых патрабаваньняў ня выкананае. Ці можам мы лічыць, што гэтая галадоўка атрымала перамогу, закончылася пасьпяхова? Мае першае пытаньне старшыні грамадзкай камісіі па назіраньні за галадоўкай спадару Коласу”.

(Уладзімер Колас: ) “Пытаньне неадназначнае. Сапраўды, што лічыць перамогаю і вынікам галадоўкі? На мой погляд, сёньня адстойваньне сваіх законных правоў — увогуле справа марная. Але ці трэба ў такой сытуацыі працягваць такія намаганьні? Ці трэба спыніць змаганьне? Вось такая праблема выбару. Гэтая акцыя мела яшчэ адну мэту, якая не была афіцыйна сфармуляваная. Але яна выцякала зь лёгікі самой акцыі. Гэта зварот да ўсяго грамадзтва і міжнароднай супольнасьці дзеля прыцягненьня ўвагі да сытуацыі ў Беларусі. У сёньняшніх беларускіх ўмовах ніякае цывілізаванае адстойваньне сваіх правоў ня мае вынікаў. Таму што ўлада ў гэтым проста не зацікаўленая. У гэтым пляне згаданая акцыя, магчыма, спантанная, непрадказальная, мела свае станоўчыя вынікі, якія вы, спадар Карбалевіч, сфармулявалі. Гэта абуджэньне грамадзтва, прыцягненьне ўвагі.

Станоўчыя вынікі галадоўкі залежаць і ад грамадзкасьці. Калі мы падтрымаем гэты заклік, пойдзем на скансалідаваныя рашучыя дзеяньні, то вынікі будуць”.

(Вінцук Вячорка: ) “Любая падзея, якая актывізуе нейкую сьвядомую частку грамадзтва, прыцягвае ўвагу да сытуацыі ў Беларусі, вартая ўхваленьня. Відавочна, што існуе рэальны міжнародны эфэкт акцыі галадоўнікаў. Яна моцна прыцягнула ўвагу да Беларусі напярэдадні кастрычніцкіх выбараў. Некалькі парлямэнтаў альбо знаных палітыкаў краінаў Эўропы і ЗША зрабілі адпаведныя заявы. І гэта ёсьць безумоўным плюсам.

Таксама плюсам ёсьць актывізацыя палітычна сьвядомай, праінфармаванай часткі нашага грамадзтва. Але разьлічваць на масавы эфэкт ад такіх акцыяў можна пры ўмове наяўнасьці ў краіне нармальнага альбо хаця бы напалову нармальнага інфармацыйнага поля. На жаль, у нас такая сытуацыя, калі бальшыня беларусаў пра гэтую падзею ня ведае. Спадзяваньне некаторых людзей на тое, што гэтую акцыю будуць асьвятляць расейскія тэлеканалы, сышлі марна. Такім чынам, можна гаварыць пра пазытыўны імпульс у дачыненьні да тых, хто ўжо мае пэўную палітычную сьвядомасьць”.

(Карбалевіч: ) “Галадоўка спынілася, але падзеі, якія адбываліся вакол яе, абуджэньне грамадзянскай актыўнасьці, абуджэньне палітычных партыяў зьявіліся штуршком, які мусіць трансфармаваць гэтую акцыю ў нейкія іншыя дзеяньні, іншыя арганізацыйныя формы. Што гэта за формы і дзеяньні?”

(Колас: ) “Мы ад імя Рады інтэлігенцыі накіравалі зварот да галадоўнікаў, у якім сфармулявалі сваё стаўленьне да гэтага. Мы сказалі, што чалавечае жыцьцё надта дарагое, каб марнаваць яго, ахвяраваць ім з-за людзей, якія гэтага ня вартыя. Меліся на ўвазе так званыя “дэпутаты” Палаты прадстаўнікоў, якія ня хочуць ісьці на прынцыповы разгляд прапановаў аб зьменах у Выбарчы кодэкс. Іх больш за ўсё цікавяць іхныя ўласныя інтарэсы.

Мы прапанавалі спыніць галадоўку і больш актыўна падключацца да грамадзкіх дзеяньняў. Калі так званы “парлямэнт” ня хоча бараніць гэтых выбараў ад фальсыфікацыяў, то народ павінен іх абараніць сам. І вось мы прапанавалі галадоўнікам стаць актыўным ядром, вакол якога можна было распачаць гэты рух па абароне выбараў ад фальсыфікацыяў. І прапанавалі ўсім партыям, грамадзкім арганізацыям далучацца да гэтага руху, скансалідавацца дзеля гэтай справы.

Акрамя таго, слушнай зьяўляецца прапанова аб усенародным сходзе 21 ліпеня, калі заканчваюцца дзесяцігадовыя паўнамоцтвы, легітымны тэрмін кіраваньня Лукашэнкі, каб падвесьці вынікі ягонай дзейнасьці. Гэта якраз і будзе той канкрэтнай справай, якую распачала галадоўка”.

(Вячорка: ) “Вельмі добра, што да акцыі, якая пачыналася спантанна, і спачатку ўзьнікаў шэраг арганізацыйных і зьмястоўных пытаньняў, далучыліся актывісты апазыцыйных партыяў. І акцыя набыла, па-першае, сталае месца, па-другое, характар шырэйшы, чым проста спроба трох дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прыцягнуць увагу да некалькіх канкрэтных пытаньняў, патрабаваньняў, якія, зрэшты, падзяляюць і палітычныя партыі.

Што да далейшых наступстваў. Найперш, натуральна, што і трэба было чакаць, пацьвердзілася няздольнасьць цяперашняга складу Палаты прадстаўнікоў рабіць колькі-небудзь самастойныя крокі. Пацьвердзілася таксама нежаданьне ўладаў ісьці на пэўнае памякчэньне рэпрэсіяў. Безумоўна, дата 21 ліпеня пэўнае значэньне мае. Але, шчыра кажучы, для БНФ, для партыяў Народнай кааліцыі “5+” легітымнасьць Лукашэнкі закончылася ў лістападзе 1996 году, калі быў зьдзейсьнены дзяржаўны пераварот. Таму дата 21 ліпеня ў пэўнай ступені фармальнасьць.

Хаця, натуральна, варта было бы запатрабаваць ў Лукашэнкі справаздачу. Што ён за гэтыя дзесяць гадоў добрага для нашай краіны зрабіў? Куды ён яе завёў? Што прынесьлі Беларусі гэтыя дзесяць гадоў? Ці гэта быў шлях да сьветлай будучыні, ці гэта быў шлях у нікуды?”

(Карбалевіч: ) “Як ацаніць рэакцыю ўладаў на галадоўку? Відавочна, што галадоўка была для існага палітычнага рэжыму даволі непрыемнай. Пра гэта сьведчыць і замоўчваньне гэтай падзеі дзяржаўнымі СМІ, і маўчаньне самаго Лукашэнкі, які звычайна вельмі часта і ахвотна выказваецца аб апазыцыі. Пра гэта сьведчыць і тое, якія беспрэцэдэнтныя захады робяцца вакол Дома ўраду, дзе засядае Палата прадстаўнікоў, каб не дапусьціць туды незалежных журналістаў, іншых асобаў”.

(Колас: ) “Улады, як, дарэчы, і ў выпадку зь ліцэем, выкарыстоўваюць тактыку поўнага замоўчваньня. Так яны робяць, калі сытуацыя для іх пройгрышная на 100%. Таму што татальная дыскрэдытацыя дае адваротны вынік. Пасьля яго грамадзтва звычайна ацэньвае сытуацыю дыямэтральна супрацьлеглым чынам. Таму тактыка ўладаў грунтуецца на замоўчваньні й чаканьні нейкага праколу з боку апанэнтаў. А зь іншага боку, выкарыстоўваюцца некаторыя незалежныя выданьні, якія такім крытычным ці нейкім іранічным стаўленьнем да сытуацыі з галадоўкай рабілі гэтую справу дыскрэдытацыі. Такая тэндэнцыя ёсьць. Я маю на ўвазе некаторыя публікацыі ў “Белорусской газете” і іншыя”.

(Вячорка: ) “Для аўтарытарных і таталітарных рэжымаў вельмі страшнымі падаюцца ўсялякія некантраляваныя падзеі ўнутры сыстэмы. Таму што яны падаюць небясьпечны сыгнал. Найбольш страшнымі ворагамі для іх зьяўляюцца людзі, убудаваныя ў сыстэму, іхныя нонканфармісцкія ўчынкі. А тут загаладалі дэпутаты. Таму акцыя галадоўкі была замоўчаная. Гэта сьведчыць пра тое, што рэжым робіць высновы. Можна прывесьці і іншы прыклад выкарыстаньня той жа тактыкі. Калі на пачатку стварэньня народнай кааліцыі “5+” улады пра яе гаварылі, бэсьцілі, зьдзекаваліся, то цяпер проста сталі маўчаць. Таму што яны разумеюць: дзяржаўная тэлевізія, газэта “Советская Белоруссия” зьяўляюцца для многіх людзей адзінай крыніцай інфармацыі, і тыя людзі ўспомнілі свае савецкія рэфлексы і навучыліся чытаць паміж радкоў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, можна лічыць, што людзі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы, атрымалі ня толькі маральную, але і, у нейкім сэнсе, палітычную перамогу. Галадоўка дасягнула сваіх мэтаў. Ня тых, афіцыйна дэкляраваных, а іншых. Маю на ўвазе актывізацыю дэмакратычнай грамадзкасьці. Галадоўка стала моцнай акцыяй. І яна будзе мець плён, калі далейшыя дзеяньні апазыцыі ня будуць ніжэйшыя ўзроўнем уплыву на палітычныя працэсы ў краіне”.
XS
SM
MD
LG