Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінарэжысэр Руслан Зголіч прызнаў сябе вінаватым у крадзяжы часткі фільму


Алег Грузьдзіловіч, Менск Гэты фільм ён здымаў на кінастудыі “Беларусьфільм”. У апошнім слове Руслан Зголіч папрасіў суд не накіроўваць яго ў турму і выказаў прабачэньне ўсім, каго пакрыўдзіў. Пракуратура патрабуе пакараць Руслана Зголічу двума гадамі зьняволеньня.

Цяжка было пазнаць у стомленым схуднелым чалавеку за кратамі аўтара нядаўніх гучных скандалаў на “Беларусьфільме” рэжысэра Руслана Зголіча. Паўгоду, якія ён правёў у сьледчым ізалятары, пакінулі на ім заўважны адбітак. У апошнім слове былы рэжысэр прызнаў тое, ад чаго раней рашуча адмаўляўся, — што ён сапраўды скраў са студыі частку зьнятага ім фільму. Руслан Зголіч патлумачыў свой учынак зьбегам абставінаў. Сярод іншага ён назваў дрэнную сытуацыю на кінастудыі вакол ягонага фільму.

Канфлікт рэжысэра фільму “Госьці” Руслана Зголіча з кіраўніцтвам “Беларусьфільму” пачаўся пасьля таго, як ён адмовіўся мантажаваць фільм безь пераздымкаў некаторых сцэнаў. Між тым, паводле заяваў кіраўніцтва кінастудыі, здымачны бюджэт фільму быў выдаткаваны, фільм трэба было здаваць у вытворчасьць. “Тады я і вынес са студыі частку стужак, але ня ўвесь адзьняты матэрыял”, — прызнае цяпер Руслан Зголіч. Ён таксама настойвае на тым, што не зьбіваў міліцыянтаў, якія зьявіліся да яго, каб правесьці ператрус.

Адвакат Руслана Зголіча Павал Сапелка зявіў Радыё Свабода, што ў абвінавачаньні, на ягоную думку, засталіся не даказаныя некаторыя істотныя моманты:

(Сапелка: ) “Абвінавачаньне не даказала карысьлівай мэты крадзяжу часткі фільму — дакладней, пазытыву фільму. І гэтак сама не знайшло пацьверджаньня ў судзе абвінавачаньне Зголіча ў хуліганстве”.

Адвакат Павал Сапелка спадзяецца, што суд улічыць шчырасьць і каяньне ягонага падабароннага і прызначыць яму пакараньне, не зьвязанае з турэмным зьняволеньнем.

Пасьля звальненьня Руслана Зголіча зь “Беларусьфільму” ягоны фільм “Госьці” быў змантажаваны безь яго і паказаны на адным з кінафэстываляў пад назвай “Эскіз без манітора”. Руслан Зголіч на гэта заявіў, што будзе судзіцца з кінастудыяй, паколькі лічыць, што тая парушыла ягоныя аўтарскія правы. Потым некалькі месяцаў рэжысэр хаваўся ад міліцыі, але ў 2003 годзе быў затрыманы. Экспэртыза, якую праводзілі шматлікія дактары, у тым ліку з псыханэўралягічнага шпіталю ў Навінках, паказала, што Руслан Зголіч цалкам здаровы. Прысуд рэжысэру будзе абвешчаны 29 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG