Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рамантуюць дамы ў Бярозаўскім раёне


Любоў Лунёва, Менск Агляд рэгіянальнага друку

Аршанская газэта “Телевестник” першую паласу прысьвяціла 60-годзьдзю Вялікай перамогі. Журналісты прапануюць чытачам публікацыю пра гістарычныя падзеі ваенных часоў: аб тым, як вызвалялі Оршу, дзе былі нямецкія вайсковыя часткі, на якой вуліцы зьявіліся першыя савецкія танкі.

Газэта разьмясьціла фотаздымкі дзяцей, якія дэманструюць новае дзіцячае адзеньне, распрацаванае Аршанскай фабрыкай. Калі не будзе перашкодаў, гэтае моднае й прыгожае новае адзеньне паступіць у продаж сёлета недзе ў Ш квартале.

На старонках аршанскага “Телевестника” друкуюцца парады юрыста наконт выкананьня працоўнага кодэксу. Паколькі апошнім часам шмат звальненьняў з працы, людзям тлумачаць, як абараніць свае правы, прыводзячы канкрэтныя прыклады.

Пад загалоўкам “А чаму віно не дамініканскае?” газэта надрукавала фэльетон. Некалькі гадоў розныя фірмы намагаюцца так ці іначай скарыстаць зь імя аршанскага дамініканскага кляштара. Нават мінэральную ваду, якую разьліваюць пад Віцебскам, назвалі “Круценьская дамініканская”. Аўтар разважае наконт моды на падобныя назвы і прыводзіць такія прыклады: у беларускіх крамах можна набыць віны пад назвамі “Шэпт манахаў”, “Змова манахаў”, “Чорны манах” ды іншымі. Вось аўтар і прапануе карыстацца сваім брэндам і назваць віно ў гонар манастыра – “Віно дамініканскае”.

“Газета для Вас” у Івацэвічах з гонарам паведамляе, што насельніцтва з дапамогай газэты адваявала прыпынкі цягніка зь Менску ў Берасьце: з 25 чэрвеня цягнік будзе браць пасажыраў у Івацэвічах і Баранавічах.

Івацэвіцкі гарвыканкам прыняў рашэньне задзейнічаць гараджан у нарыхтоўцы кармоў. Ехаць у вёскі не абавязкова: можна пералічыць 58 000 рублёў за тону сена, альбо пералічыць на гэтую суму паліва.

“Праверкі на дарогах” – так журналісты назвалі артыкул, у якім распавядаецца пра сумесны рэйд прадстаўнікоў ДАІ і Белдзяржстраху, мэтай якога ёсьць праверка наяўнасьці ў кіроўцаў страхоўкі. Кіроўцам прапануюць два варыянты: плаціць штраф у 95 000 рублёў, альбо страхаваць маёмасьць (ад 30 да 80 000, прычым можна плаціць у два этапы). Кошт залежыць ад аб’ёму рухавіка. Трактарыстам нічога не прапаноўваюць. Як кажуць супрацоўнікі ДАІ: “А што з іх узяць? Калгасы бедныя, грошай няма”.

Пад загалоўкам “Абяцанага тры гады чакаюць” “Газета для Вас” надрукавала матэрыял пра сытуацыю ў вёсцы Малеч Бярозаўскага раёну. Жыхары старых дамоў цяпер не рызыкуюць выходзіць на балконы. Пасьля рамонту будаўнікі не прыдумалі нічога лепшага, як прывязаць балконы звычайнымі вяроўкамі. Унутры будынку будаўнікі таксама вырашылі адыйсьці ад стэрэатыпаў – яны зьнялі старыя батарэі, а новых папросту не паставілі. Электрыкам, відаць, таксама закарцела выявіць сваю арыгінальнасьць: у некаторых кватэрах выключальнікі ня сталі прыбіваць, а пакінулі іх вісець на дратах. Домаўладальнікі цяпер трэніруюць сваю памяць. На балкон выходзіць нельга, а хто возьмецца за выключальнік, той атрымае ўдар токам.
XS
SM
MD
LG