Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 24 чэрвеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 24 чэрвеня

“Могилевский вестник”, 1914 год:

“У апошні час нашы электратэатры пачалі дэманстраваць “сьпяваючыя карціны”, а менавіта — асобныя акты з опэраў (4-ы акт “Фаўста” ў “Чарах”) і ўрыўкі з апэрэтаў. Такі ўрывак (даволі ўдала сплеценыя 1-ы і частка 2-га акту вядомай апэрэты Мельніка “Ліса Патрыкееўна”) ішоў у “Мадэрне”: выкананьне гэтага ўрыўку і ў сэнсе ігры і ў сьпевах пакідала жадаць шмат чаго. Такімі пастаноўкамі нашы электратэатры ўрываюцца ў тэатральную галіну, ім зусім чужую, тым больш што пастаноўка такіх рэчаў, як нам вядома, не ўваходзіць у кампэтэнцыю біяскопаў, якім дазволеныя адно так званыя “атракцыёны”.

“Савецкая Беларусь”, 1924 год:

“19 чэрвеня скончыліся кароткатэрміновыя беларускія курсы для працаўнікоў дзяржаўных устаноў г.Барысава. Спачатку запісалася 60 слухачоў, але па тых ці іншых прычынах палова слухачоў пакінула курсы, і да канца вучылася 22 чалавекі, якія добра здалі залікі. На курсах прахадзіліся: родная мова, гісторыя беларускай літаратуры, гісторыя і геаграфія Беларусі. У працягу 4-х месяцаў працаўнікі савецкіх устаноў штодзённа з 7 да 9 гадзіны увечары сядзелі на вучнёўскіх лавах і з вялікай ахвотай займаліся вывучэньнем роднай мовы і іншых прадметаў”.

“Беларуская газэта”, 1944 год. З Рыгі:

“На выстаўцы старадаўніх абразоў і драўлянага разьбярства, якую зладзіла нямецкае камандваньне ў будынку Рыскага мастацка-гістарычнага музэю, выстаўленыя абразы і разьбярства з Пскову і Ноўгараду. Ёсьць цікавыя разьбярныя працы беларуска-крывіцкага паходжаньня. На гэтай выстаўцы ў асобнай вітрыне з кнігамі выстаўленая кніга “Ісуса сына Сірахава”, надрукаваная нашым славутым Францішкам Скарынаю у 1517 годзе ў Празе. Кніга разгорнутая на тэй балонцы, дзе зьмешчаны партрэт доктара Францішка Скарыны”.
XS
SM
MD
LG