Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў Менску распачынае працу надзвычайная камісія Эўразьвязу ў справе дасьледаваньня фактаў парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі


Галіна Абакунчык, Менск Камісія была створаная ў выніку адмысловага звароту Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў са скаргай аб сыстэматычным парушэньні правоў прафсаюзаў у Беларусі, засьведчаным грамадзкімі арганізацыямі, незалежнымі прафсаюзамі й недзяржаўнымі мэдыямі.

Ад сёньняшняга дня й да 29 чэрвеня сябры камісіі плянуюць выслухаць чальцоў Незалежных прафсаюзаў і Фэдэрацыі прафсаюзаў пад кіраўніцтвам Леаніда Козіка, прадстаўнікоў наймальнікаў і чыноўнікаў Ураду Беларусі. На падставе гэтых сьведчаньняў камісія Эўразьвязу мусіць падрыхтаваць адмысловую рэзалюцыю, паводле якой будзе прынятае рашэньне пра захаваньне альбо адмену ільготаў, якімі Беларусь карыстаецца ў гандлі з краінамі Эўразьвязу. Цяпер гэтая эканамічная прэфэрэнцыя складае прыкладна сто мільёнаў эўра штогод.

З мэтай захаваньня канфідэнцыйнасьці й незалежнасьці камісія Эўразьвязу працуе ў рэжыме максымальнай закрытасьці для кантактаў з шырокай грамадзкасьцю й сродкамі масавай інфармацыі. Тым ня менш, вядома, што сустрэчы чальцоў камісіі Эўразьвязу з прадстаўнікамі Незалежных прафсаюзаў Беларусі адбудуцца ў суботу й нядзелю, 26 і 27 чэрвеня. Будуць заслуханыя 25 сьведкаў, сяброў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, Свабоднага прафсаюзу, Прафсаюзу РЭПАМ і іншых незалежных прафаб’яднаньняў.
XS
SM
MD
LG