Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы вучацца ў палякаў, як выкладаць беларускую мову


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Гайнаўку прыехала група настаўнікаў і сябраў бацькоўскіх камітэтаў з Гарадзеншчыны, каб пазнаёміцца з польскім досьведам працы школьнага самакіраваньня, а таксама з досьведам выкладаньня ў польскіх школах беларускай мовы.

Госьці зь Беларусі прыехалі на Беласточчыну ў межах праграмы “З Падляшша на Гарадзеншчыну. Шлях да школы з самкіраваньнем”, якую наладзіў Беларускі самаўрадавы форум у Польшчы супольна з Гарадзенскай філіяй Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.

У часе трохдзённага візыту на Беласточчыну 13 настаўнікаў і сябраў бацькоўскіх камітэтаў з Горадні і Ваўкавыску наведаюць некалькі школаў на Гайнаўшчыне. Гаворыць старшыня Беларускага самаўрадавага форуму, дэпутат гайнаўскай гарадзкой Рады Міхась Андрасюк.

(Андрасюк: ) “З узьнікненьнем “эўрапейска-беларускай” мяжы зьявілася ў нас такая ідэя, што трэба узмацняць кантакты паміж маладымі беларусамі і настаўнікамі зь Беласточчыны і Беларусі. Гэта дасьць эфэкт у будучыні. Калі ўзьнікае пагроза зьяўленьня нейкага новага муру, то трэба гэта пераадольваць”.

Прадстаўнікі форуму хочуць паказаць беларусам, як працуе самакіраваньне ў польскіх школах, як дзейнічаюць і якія паўнамоцтвы маюць бацькоўскія камітэты ў тым ліку і што да арганізацыі заняткаў па беларускай мове. Працягвае Міхась Андрасюк.

(Андрасюк: ) “У нашых школах у Гайнаўцы дзеці вывучаюць беларускую мову, дзякуючы ініцыятыве бацькоў. Бо, паводле польскіх законаў, калі бацькі маюць такое жаданьне – ніхто ня робіць ніякіх перашкодаў. Хочам зьвярнуць увагу нашых беларускіх гасьцей, што гэта менавіта бацькі вырашаюць, будуць дзеці вывучаць беларускую мову, ці не”.

У жніўні на Беласточчыну прыедзе чарговая група настаўнікаў зь Беларусі, гэтым разам з Наваградку, Дзятлава і Бераставіцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG