Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэры Дэвіс: “Ня бачу альтэрнатывы падтрымцы дакладу Пургурыдэса”


Юры Сьвірко, Менск Абраны генэральным сакратаром Рады Эўропы брытанскі парлямэнтар Тэры Дэвіс у эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што ўжо “выдыхнуліся” ўсе спробы аднавіць у ПАРЭ статус адмысловага госьця для беларускага парлямэнту.

У сераду раніцай зьявіліся паведамленьні, што абраны напярэдадні генэральным сакратаром Рады Эўропы Тэры Дэвіс заявіў, што магчымае вяртаньне беларускаму парлямэнту статусу адмысловага госьця ў ПАРЭ. “Гэтае пытаньне абавязкова будзе закранутае”, — падалі цытату з заявы спадара Дэвіса.

Але ці значыць гэта, што ён выступае прыхільнікам аднаўленьня статусу, які быў прыпынены ў студзені 1997 году пасьля апошняга рэфэрэндуму ў Беларусі, зьмены Канстытуцыі й роспуску Вярхоўнага Савету. У інтэрвію Радыё Свабода Тэры Дэвіс заявіў:

(Дэвіс: ) “Як вы ведаеце, статус госьця быў прыпынены пэўны час таму. Было некалькі спробаў з боку асобаў тут у Радзе Эўропы, і я быў сярод іх, усталяваць дыялёг зь беларускімі ўладамі. Але падаецца, што гэта выдыхнулася. Я ня думаю, што цяпер нешта адбываецца. І шкада — я вельмі спадзяюся, што беларускія ўлады знойдуць магчымасьць ажыцьцявіць некаторыя зьмены, каб працяг дыялёгу быў забясьпечаны”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Дэвіс, якая ваша ацэнка сытуацыі ў Беларусі — сытуацыя пагаршаецца напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку, ці паляпшаецца?”

(Дэвіс: ) “Мінуў ужо некаторы час з таго моманту, калі я наведваў Беларусь, таму для мяне цяжка аналізаваць сытуацыю там. Я бачыў сьцьвярджэньні й скаргі на тое, што сытуацыя пагаршаецца. Але я насамрэч не магу даваць ніякіх дэтальных камэнтароў без таго, каб паслухаць значна больш інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі. Відавочна, я зь нецярпеньнем чакаю вынікаў гэтых выбараў”.

(Карэспандэнт: ) “Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы нядаўна прыняла даклад Хрыстаса Пургурыдэса “Зьніклыя асобы ў Беларусі” ды ўхваліла адпаведныя рэкамэндацыі ўвесьці санкцыі супраць Беларусі. Вы асабіста падтрымліваеце гэтую лінію, якую прапанаваў спадар Пургурыдэс, і гэтыя рэкамэндацыі?”

(Дэвіс: ) “Я ня бачу іншай альтэрнатывы, акрамя як падтрымаць ягоны даклад, што быў прыняты Асамблеяй. Я шкадую, што не было зроблена больш, каб разьвязаць таямніцу тых людзей, якія зьніклі”.

(Карэспандэнт: ) “Камітэт міністраў Рады Эўропы яшчэ ня даў адказу на рэкамэндацыі ПАРЭ, зьвязаныя з дакладам Пургурыдэса. Што цяпер адбываецца з гэтым дакумэнтам і які яго далейшы лёс?”

(Дэвіс: ) “Я сапраўды не магу прадказваць, што вырашыць Камітэт міністраў. Мажліва, што яны прымуць рашэньне яшчэ да таго, як я займу сваю новую пасаду ў пачатку верасьня. У кожным разе, я не магу прадказваць гэта да таго, пакуль не правёў абмеркаваньня з Камітэтам міністраў. Гэта было бы глупствам з майго боку. Генэральны сакратар Рады Эўропы — не дыктатар, ён не навязвае поглядаў. Адказ Камітэту міністраў на даклад спадара Пургурыдэса мусіць быць узгоднены ў самім камітэце”.

(Карэспандэнт: ) “Пасьля таго, як вы пачнеце працаваць генэральным сакратаром Рады Эўропы, ці плянуеце вы наведаць Беларусь на гэтай пасадзе — напрыклад, да кастрычніцкіх выбараў або пасьля?”

(Дэвіс: ) “Не, я не лічу правільным для генэральнага сакратара наведваць краіны падчас выбараў. Што да пэрыяду пасьля іх, дык гэта залежыць ад разьвіцьця падзеяў. Трэба пачакаць і паглядзець”.

Тэры Дэвіс наведаваў Беларусь у 2000 годзе двойчы — 1 cакавіка і 31 ліпеня, у складзе “эўрапейскай парлямэнцкай тройкі” разам з прадстаўнікамі Эўрапарлямэнту ды ПА АБСЭ. Як паведамляла Радыё Свабода, спасылаючыся на беларускіх удзельнікаў размоваў зь ім, спадар Дэвіс крытыкаваў беларускую апазыцыю за вулічную актыўнасьць, якая, на ягоную думку, ні да чаго не прыводзіць. Сярод іншых эўрапейскіх пасланьнікаў ён найбольш актыўна заклікаў апазыцыю да ўдзелу ў дыялёгу з уладамі.

У траўні 2001 году ў інтэрвію Радыё Свабода Тэры Дэвіс сказаў, што Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы не прызнае Нацыянальнага сходу, таму ў Страсбур былі запрошаныя дэлегацыі ад Каардынацыйнай Рады апазыцыі і Нацыянальнага сходу. “Прычыны запрашэньня наступныя: мы хочам заахвоціць нефармальныя кантакты і дыскусіі паміж людзьмі ў Беларусі, людзей з усіх партыяў Беларусі зь сябрамі Парлямэнцкай Асамблеі. Аднак, будзе непаразуменьнем гаварыць, што гэта тое самае, што аднаўленьне статусу адмыслова запрошанага”, — сказаў тады спадар Дэвіс.
XS
SM
MD
LG