Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітальнае інтэрвію нямецкага амбасадара Гельмута Фрыка: "Палітычныя дачыненьні паміж Нямеччынай і Беларусьсю досыць прахалодныя..."


Ул. інф. “Дачыненьні паміж Нямеччынай і Беларусьсю прахалодныя, як і дачыненьні паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Цяпер беларускі ўрад ідзе шляхам самаізаляцыі ад Эўропы”, — лічыць амбасадар ФРН у Менску доктар Гельмут Фрык. Напярэдадні свайго ад’езду зь Беларусі нямецкі амбасадар даў інтэрвію нашаму радыё.

У часе размовы доктар Гельмут Фрык выказвае шчырую сымпатыю да Беларусі і да яе людзей. Яго вельмі ўражвае гатовасьць беларусаў да дыялёгу, асабліва ўлічваючы сумеснае трагічнае мінулае абодвух народаў. Ён станоўча ацэньвае тое, што цяпер каля 300 тысяч беларускіх школьнікаў вывучаюць нямецкую мову, што 120 тысяч беларускіх грамадзянаў штогод атрымліваюць нямецкія візы, што ягоная краіна апошнім часам выдзеліла 2 тысячы стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў і навукоўцаў.

(Карэспандэнтка: ) “Пытаньне на тэму, так бы мовіць, “сакрэтных перамоваў” паміж Менскам і Бэрлінам, Менскам і Эўразьвязам. Ня так даўно, у часе менскага форуму штосьці падобнае, пра перамовы, якія не афішуюцца, прагучала з вуснаў намесьніка міністра Міхневіча. Далей, у часе рыскай канфэрэнцыі сёлета ў лютым спадар амбасадар, паводле некаторых прысутных там журналістаў, таксама гаварыў пра нейкія сакрэтныя перамовы з афіцыйным Менскам. Ці ня можаце вы, спадар Фрык, напярэдадні свайго ад’езду зь Беларусі паведаміць пра вынікі гэтых перамоваў?”

(Фрык: ) “У гэтым пытаньні дзьве недакладнасьці. Па-першае, я ўдзельнічаў у рыскай канфэрэнцыі як асоба, зацікаўленая ў палітычным разьвіцьці Беларусі, але не выступаў там з прамовай. Я толькі ўдзельнічаў у дыскусіях. Па-другое, паміж Беларусьсю і Эўразьвязам няма ніякіх сакрэтных перамоваў. Гэта пастаянны палітычны дыялёг, пра які, магчыма, і гаварыў спадар Міхневіч. Гэты дыялёг вядзецца дзеля таго, каб вызначыць, якія ёсьць магчымасьці збліжэньня ў рамках паступальнага працэсу “крок за крокам”. Такі дыялёг —нармальны працэс у дыпляматычнай дзейнасьці. На гэтую тэму ня ладзяць прэсавых канфэрэнцыяў, не паведамляюць пра гэта грамадзкасьці. Я мушу сказаць, што ў выніку гэтага дыялёгу, на наш вялікі жаль, пакуль не было дасягнута ніякіх канкрэтных вынікаў”.

(Карэспандэнтка: ) “На тэму эканамічнага супрацоўніцтва... Дзесьці ў лютым газэта “Frankfurter Allgemeine” зьмясьціла скандальны артыкул пра тыя цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца ў Беларусі нямецкія бізнэсоўцы. Размова ішла пра дзяржаўны рэкет на беларускай мяжы, пра тое, як беларуская мытня мэтанакіравана канфіскуе тавары на карысьць беларускай улады — у прыватнасьці, пра тое, як мытнікі, спасылаючыся на неістотныя парушэньні, сканфіскоўваюць у нямецкіх прадпрымальнікаў у тым ліку іхныя аўтамабілі коштам 60 тысяч эўра і болей. За час, што мінуў пасьля публікацыі артыкулу (гэта болей за чатыры месяцы) што-небудзь зьмянілася?”

(Фрык: ) “Што да цяжкасьцяў, зь якімі сутыкаюцца нямецкія прадпрымальнікі, уключна з канфіскацыяй, то гэтае пытаньне тычыць ня толькі прадпрымальніцкай дзейнасьці Нямеччыны, але і іншых краінаў Эўразьвязу. І, як вядома, ад гэтых дзеяньняў беларускай адміністрацыі церпяць таксама і інтарэсы вялікага суседа на ўсходзе. Такія дзеяньні ўсё больш аддаляюць Беларусь ад дзейных міжнародных стандартаў, якія практыкуюцца ўжо на працягу многіх гадоў.

Хацеў бы зазначыць, што беларускім бокам прадпрымаюцца пэўныя намаганьні знайсьці нейкае рашэньне ў створанай сытуацыі. У адным выпадку пасьля доўгіх месяцаў высьвятленьня пытаньня было знойдзенае канкрэтнае рашэньне, якое ў нейкай ступені задавальняе нас. Праблема ў гэтым выпадку была вырашаная, але спатрэбілася дзевяць месяцаў, каб нарэшце машыну вярнулі. Прычым, рашэньне Вярхоўнага Суду пра выдачу аўтамабіля было прынятае яшчэ восеньню мінулага году. Аднак спатрэбілася яшчэ шэсьць дадатковых месяцаў, каб гэтае рашэньне было выкананае”.

(Карэспандэнтка: ) “На тэму гуманітарнага супрацоўніцтва. За апошні час у гэтае галіне назіраецца вельмі пазытыўная дынаміка. Сярод яркіх прыкладаў апошніх трох гадоў — шэраг імпрэзаў, прысьвечаных зносінам ЭЗ і Беларусі, два менскія форумы, партнэрская канфэрэнцыя з удзелам прадстаўнікоў грамадскіх ініцыятываў абедзьвюх краінаў, тыдзень нямецкай культуры і многае іншае. Усе гэтыя імпрэзы, праекты зьбіраюць вялікую колькасьць удзельнікаў і цікаўных”.

(Фрык: ) “Як бачыце, грамадзянская супольнасьць і насельніцтва абедзьвюх краінаў усё больш набліжаюцца адно да аднаго. І тут усё больш відаць імкненьне да супрацоўніцтва, якое мы хочам падтрымліваць. Гэта ўсё капітал для нашых будучых зносінаў, у тым ліку ў галіне эканомікі, дзе патэнцыял далёка ня вычарпаны, але можа быць выкарыстаны ў будучыні. У адукацыйнай галіне мы значна пашырылі працу Інстытуту нямецкіх дасьледаваньняў пры Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. У рамках гэтага інстытуту мы адкрылі два новыя навучальныя курсы. Адзін зь іх быў адкрыты ў цесным супрацоўніцтве з унівэрсытэтам Віядрына. Гэта нямецка-польскі ўнівэрсытэт у Франкфурце-на-Одры.

Было бы вялікай трагедыяй для Беларусі, партнэраў гэтае краіны, калі ЭГУ далей ня змог бы існаваць і працаваць у поўным аб’ёме. Нам вельмі цяжка зразумець той адміністрацыйны ціск, які ажыцьцяўляецца ў дачыненьні ЭГУ. Канечне, гэта рашэньне сувэрэннай дзяржавы Беларусь. Мы, Эўразьвяз і Нямечынна, пераканаўча выклалі сваю пазыцыю беларускаму ўраду наконт таго, якія зьнішчальныя наступствы можа мець закрыцьцё ЭГУ — і ў прыватнасьці, і для міжнародных зносінаў Беларусі ў галіне культуры. Выканаўца абавязкаў старшыні Эўразьвязу, міністар замежных справаў Ірляндыі ад імя краінаў Эўразьвязу напісаў дакладны і зьмястоўны ліст міністру Мартынаву. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што такі ліст, які напісаны ад імя 430 мільёнаў эўрапейцаў, мае вялікую палітычную вагу. Мы лічым, тое, што ЭГУ выдалі ліцэнзію, хоць і са спазьненьнем, можна растлумачыць узьдзеяньнем гэтай акцыі. Мы чулі, што цяпер ёсьць новыя цяжкасьці, але, спадзяемся, што яны будуць пераадоленыя. Са свайго боку, мы і надалей будзем гэтаму усяляк садзейнічаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Тры гады таму, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, калі Эўропа з надзеяй чакала адпаведных сыгналаў з боку афіцыйнага Менску, некаторыя назіральнікі ў зьвязку з прызначэньнем Фрыка акцэнтавалі ягоны адрозны ад папярэднікаў досьвед працы: не ў СССР, а ў ГДР, Польшчы, Румыніі. ГДР, як вядома, аб’ядналася з ФРГ, Румынія стала кандыдатам у Эўразьвяз, Польшча — сябар Эўразьвязу. Што Беларусь?”

(Фрык: ) “Ня кажучы пра нейкі часовы фактар, я хацеў бы падкрэсьліць, што Беларусь ёсьць эўрапейскай дзяржавай, і што шляхам вольнага волевыяўленьня сваіх грамадзянаў яна таксама магла заявіць пра сваё жаданьне ўступіць у Эўразьвяз і пасьля пэўнай працэдуры разгляду гэтага пытаньня магла быць туды прынятая. Беларусь мае для гэтага і таленты, і структурныя перадумовы, аднак палітычнае разьвіцьцё цяпер ідзе ў іншым кірунку. Сёньня беларускае кіраўніцтва ідзе шляхам самаізаляцыі ад Эўропы. Да таго часу, пакуль рух будзе ісьці у гэтым кірунку, пэрспэктывы, пра якія я гаварыў, наўрад ці будуць рэальныя”.

У часе разьвітальнага прыёму, які амбасадар Нямеччыны ладзіць 30 чэрвеня ў Менскім Адукацыйным цэнтры, беларускай грамадзкасьці будзе прадстаўлены пераемнік доктара Гельмута Фрыка — доктар Марцін Хэкер, у мінулым амбасадар Нямеччыны ва Ўзбэкістане. Некаторыя нямецкія журналісты называюць яго чалавекам з досьведам працы ва ўмовах “рэжыму Карымава”.
XS
SM
MD
LG