Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нават калі памрэш ад голаду — улада ня зьверне на гэта ўвагі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Якія вынікі галадоўкі дэпутатаў? Ці ня быў гэты ўчынак бясплённым? Ці можна з дапамогай такіх мэтадаў дамагчыся палітычных мэтаў ва ўмовах цяперашняй Беларусі? Слухачы Свабоды ў сваіх лістах па-ранейшаму спрабуюць адказваць на гэтыя пытаньні.

Вось што піша Віктар Бута зь Менску:

“Я прайшоў празь пяць галадовак. Кожная зь іх адбірала сілы і здароўе. На такія надзвычайныя ўчынкі я ішоў пасьля незаконных звальненьняў у 1993–94 гадах, а таксама прыніжэньняў у розных чыноўніцкіх кабінэтах, дзе спрабаваў шукаць праўды. У мяне проста не было іншага выйсьця. За мінулыя гады я зразумеў: грамадзяніну Беларусі, які сутыкнуўся з самаўладзтвам чыноўнікаў, бессэнсоўна зьвяртацца па абарону ў міліцыю, суды, выканкамы і гэтак далей. Але і галадоўка — ня мэтад. Можна дайсьці да самазьнішчэньня, ніхто на гэта ў Беларусі ўсё роўна ня зьверне ўвагі. Замест гэтага ўсе прыстойныя дэпутаты павінны аб’яднацца, каб супольна пракласьці дарогу да прэзыдэнта і ў міжнародныя арганізацыі”.

Сумленныя дэпутаты, спадар Бута, аб’ядналіся. І супольна прынялі рашэньне правесьці галадоўку. Ніхто зь іх ня меў асаблівых ілюзіяў наконт таго, што такім спосабам можна дамагчыся выкананьня ўсіх сваіх патрабаваньняў. Але іх самаахвярны ўчынак прыцягнуў значную грамадзкую ўвагу да тых праблемаў, вырашэньня якіх яны беспасьпяхова патрабавалі ад сваіх калегаў у Палаце прадстаўнікоў. І ўжо адно гэта ёсьць іхнай перамогай.

Такія высновы падзяляе нашая слухачка Вольга Піменава з Магілёва. Яна піша:

“Для мяне з самага пачатку было зразумела, што ніводнага з патрабаваньняў галадоўнікаў гэтая ўлада ня выканае. Для Лукашэнкі гэта азначала бы паказаць сваю слабасьць. А ён гэтага ніколі не дапусьціць. За дзесяць гадоў не было ніводнага выпадку, каб ён у падобных сытуацыях пайшоў на саступкі ці хоць бы на кампраміс. Згадайце, як разганялі дэпутатаў-галадоўнікаў у 1995 годзе, як тады жа жорстка задушылі страйк мэтрапалітэнаўцаў. Як увогуле ўлады ставяцца да любога грамадзкага пратэсту. Арышты, буйныя штрафы, пазбаўленьне працы, выключэньне з унівэрсытэту — гэта ў Беларусі звыклыя спосабы барацьбы зь іншадумцамі, з апазыцыяй. Людзі, вядома, запалоханыя. Многія пастаўленыя ў безвыходнае становішча і вымушаныя цярпець і маўчаць. Але ўсіх усё роўна не паставілі на калені. І мужныя дэпутаты гэта ўсім паказалі”.

На гэтую ж тэму разважае Мікалай Гоман зь Менску:

“Я падтрымліваю патрыятычны ўчынак трох дэпутатаў-беларусаў. Але яны не павінны галадаць да сьмерці. Яны патрэбныя Беларусі, у іх яшчэ шмат справаў наперадзе. Тыя слухачы, якія зьневажальна выказваліся па Свабодзе пра галадоўнікаў, дзейнічаюць на карысьць расейскіх спэцслужбаў. Маўляў, сто дэпутатаў не павінны прыслухоўвацца да меркаваньня трох. Але хто гэтыя сто? Ці чуюць яны, што ім кажуць дэмакратычныя краіны сьвету, у якіх людзі жывуць заможна і годна, а ня так, як у калгасна-лягернай Беларусі?”

Мікалай Гоман зь Менску у сваім лісьце дзеліцца меркаваньнямі таксама на іншую тэму — пра льготы вэтэранам і пра сацыяльную справядлівасьць. Ён піша:

“Мне шкада, Радыё Свабода, што вы ня ведаеце сытуацыі ў Беларусі, не даяце інфармацыі пра тое, у чыіх руках апынулася Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. І хто прымае антынародныя законы пра вэтэранаў і пра льготы. Каб вы ведалі, у многіх заходніх краінах (напрыклад, у Фінляндыі) дапамагаюць ня тым, у каго ёсьць вэтэранская кніжка, а тым, хто мае патрэбу ў дапамозе. Ільготы для багатых — гэта ж бязглузьдзіца. А яна ў нас квітнее. Шкада, што вы ня ведаеце законаў і тых, хто іх прымае”.

Вы памыляецеся, спадар Гоман, калі лічыце беларускіх вэтэранаў багатымі людзьмі. Так, на тле іншых пэнсіянэраў яны, верагодна, і сапраўды выглядаюць заможнымі, і гэтым у некаторых сваіх аднагодкаў выклікаюць ня самыя лепшыя пачуцьці. Але наўрад ці варта зайздросьціць іхным ільготам ці больш высокім, чым у іншых, пэнсіям ды лічыць іх несправядлівымі.

Ведаем, што тэма гэтая балючая для людзей сталага веку. Крыўдаў тут нямала. Што карысьці, напрыклад, вясковаму вэтэрану ад ільготаў на транспарт ды камунальныя паслугі, калі адзіны аўтобусны маршрут празь вёску даўно адмянілі, а камунальных паслугаў ніколі не было. Як тут не зайздросьціць гарадзкому вэтэрану, які ўсё гэта мае і карыстаецца.

Назіраючы, як прыходзяць у заняпад і паволі паміраюць тысячы беларускіх вёсак, усё больш людзей спрабуе адказаць на пытаньне: як гэтыя вёскі ўратаваць?

У аглядзе пошты 30 траўня я цытаваў ліст Пятра Касьнерыка зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну. Слухач лічыць, што сяляне, далучыўшыся да гаспадаркі вядомага фэрмэра Міхаіла Шруба, сталі яшчэ большымі рабамі, чым былі іхныя продкі ў сярэднявеччы. Бо ў раба не было ні зямлі, ні гаспадаркі, ні прыладаў працы. А ў рабоў Шруба ёсьць прысядзібная гаспадарка, ды толькі апрацоўваць яе няма чым. Пятро Касьнерык прапаноўваў вярнуцца да зямельнай рэформы 16 стагодзьдзя, калі ўсю зямлю падзялілі на валокі і раздалі людзям. Адказваючы слухачу, я выказаў сумнеў, што гэта магчыма ў сёньняшняй абязьлюдзелай беларускай вёсцы. На гэтую завочную дыскусію адклікнуўся Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну:

“Шаноўны спадару Валянціне! Надоечы ехаў я на веласіпедзе ды слухаў па кішэннаму прыймачу ваш камэнтар да ліста аднаго спадара, якому ня надта падабаецца практыка “шрубізацыі” аграрнага сэктару. Калі спадар Шруб са сваім досьведам стасункаў з намэнклятурай здолеў “выбіць” сабе ажно цэлы калгас — гэта нармальна. Тое, што згодна з указаньнямі на яго хочуць “павесіць” яшчэ адзін “ляжачы” калгас — гэта зразумела. І ваш камэнтар у першай частцы быў пераканаўчы. А вось другая частка — і гэта было чуваць па вашай інтанацыі, была менш упэўненая. Вы кажаце, што людзі з былога калгасу будуць мець выбар — куды наняцца на працу. Вы памыляецеся. Пры цяперашняй тэндэнцыі на захаваньне лятыфундыяў, на стварэньне капіталізму “зьверху” ў працоўнага ня будзе выбару, акрамя як быць парабкам.

Разумная дзяржава даўно правяла б аграрную рэформу, каб стварыць не аднаго (і нават ня дзесяць) працадаўцаў на раён, а тысячы. У Даніі на плошчы такой жа, як Гомельская вобласьць — 25 000 фэрмэраў. І яны даюць прадукцыі на пракорм 15 мільёнам чалавек (гэта паўтары Беларусі). Беларусь большая, і зямля ў нас лепшая. Вясковае насельніцтва хутка зьмяншаецца. Людзей, ахвочых, згодных і здольных дзейсна займацца вясковай гаспадаркай, ня надта шмат. Вельмі прыдатны момант для падзелу зямлі й маёмасьці, для стварэньня нармальнага пласту эфэктыўных працаўнікоў. Нам важна не “захаваць буйнатаварную вытворчасьць”, як кажа Лукашэнка, а атрымаць адказнага за плён сваёй дзейнасьці гаспадара. Ня важна, ці восем гектараў у яго, ці 25, ці 400. Такі гаспадар не пабяжыць да пеўняў галасаваць на выбарах і ня будзе тырчэць пад плотам. Ён запатрабуе ад улады парадку ў вёсцы і ў дзяржаве. Цяпер жа ў нас фактычна ахлакратычная дзяржава. Зважайце, да каго апэлюе дыктатар — да “сацыяльна слабых і неабароненых”. Дык вось, “шрубізацыя”, то бок лятыфундацыя спараджае ці кансэрвуе існаваньне парабкаў-люмпэнаў, а не адказных грамадзянаў. Гэта — генэтычны працяг калгасаў. Гэта — супраць Арыстоцеля. Кожны, хто хоча і здольны, мусіць мець кавалак зямлі, каб карміць сябе, сям’ю, плаціць падаткі і мець бягучы рахунак у банку дзеля наступнага пакаленьня свайго роду. Шруб — і хай яму паможа Бог — яго, пэўне, мець будзе. А вось ці будуць мець ягоныя работнікі? Няўжо між людзей, якія падаліся на заробкі да Шруба, няма ахвочых самім стаць Шрубамі? Я моцна сумняюся”.

Цалкам пагаджаюся з вамі, спадар Бусел, у тым, што на сваёй зямлі, дзеля ўласных інтарэсаў чалавек заўсёды працуе лепш, чым на чужой зямлі і ня маючы для працы эканамічных стымулаў. А вось з вашым сьцьвярджэньнем пра тое, што менавіта сёньня, як вы пішаце, “вельмі прыдатны момант для падзелу зямлі і маёмасьці, для стварэньня нармальнага пласту эфэктыўных працаўнікоў” — пагадзіцца цяжка. Такі момант быў дзесяць-пятнаццаць год таму, калі яшчэ не выміралі ў масавым парадку вёскі, калі захоўвалася сякая-такая матэрыяльна-тэхнічная база ў калгасах. Цяпер у многіх (калі ня ў большасьці) занядбаных калгасаў ахвочых узяць кавалак зямлі плошчай некалькі дзясяткаў гектараў проста няма. Гэтую зямлю няма чым і няма каму апрацоўваць.

А вось там, дзе яшчэ засталіся сякая-такая тэхніка і людзі, здольныя на ёй працаваць — перадаваць зямлю ў прыватныя рукі неабходна, — тут я з вамі, спадар Бусел, спрачацца ня буду.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ільля Копыл, Маргарыта Пушкевіч і Валеры Страшчук зь Менску, Віктар Кеда зь вёскі Навасёлкі Ашмянскага раёну, Міхаіл Леках з Рыгі і Генадзь Бедункевіч зь Берасьця.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG