Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каляндар Свабоды – 23 чэрвеня


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 23 чэрвеня

23 чэрвеня 1705 году расейскі цар Пётр І, увайшоўшы ў Віцебск, распачаў барацьбу з уніяцтвам. Ён загадаў зьнішчыць усе абразы сьвятога Язафата Кунцэвіча і зьбіраўся быў спаліць мошчы Язафата, якія захоўваліся ў Полацку. Аднак уніяцкія сьвятары пасьпелі вывезьці мошчы ў тагачасную сталіцу Беларусі Вільню.

23 чэрвеня 1758 году беларускае мястэчка Вушачы атрымала свой гарадзкі герб з выявай залатой ракі ў белым полі, ля ракі – постаць сьвятога Лаўрэна.

23 чэрвеня 1941 году нібыта памёр славуты беларускі мовазнаўца Мікола Байкоў. “Нібыта”, бо насамрэч лёс гэтага выдатнага вучонага няясны. Даведнікі, падаючы дату сьмерці, адзначаюць: “Паводле некаторых зьвестак жыў яшчэ ў 1944 годзе”. Аўтар многіх слоўнікаў і процьмы артыкулаў пра беларушчыну Мікола Байкоў быў арыштаваны НКВД улетку 30-га году, але прабыў у засьценках толькі пару месяцаў. Болей яго карная машына не кранала. Тут ізноў трэба сказаць “нібыта”, бо вялікі вучоны быў выгнаны з Акадэміі навук і мусіў працаваць то ў рэклямным агенцтве, то карэктарам у газэце.

23 чэрвеня 1941 году нямецкія войскі імкліва захоплівалі гарады й мястэчкі па ўсёй Беларусі. Былі акупаваныя Горадня, Кобрынь, Воранава, Ружаны, Бяроза, Пружаны, Высокае, Жабінка, Шарашова ды іншыя.

23 чэрвеня немцы пачалі бамбіць Менск. Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка ў сваіх успамінах згадвае: “Калі майму брату было восем гадоў, а мне — два гадкі, пачалася вайна. Менск пачалі бамбіць ужо 23 чэрвеня. Мы жылі побач з вакзалам у мэдыцынскім інтэрнаце. На цяперашняй вуліцы Сьвярдлова ёсьць бамбасховішча, і мама ўвесь час цягала нас, малых, туды. Мы то хаваліся ў гэтым бамбасховішчы, то сядзелі дома, і ўсе гэтыя дні ня ведалі, што з бацькам. На трэці дзень вайны прыбегла адна мэдсястра, гэбрайка, і кажа маме: “Маша, зьбірайся і ўцякай, бо Сашы ўжо няма, бомба трапіла ў апэрацыйную, усе там загінулі”. Ну, што рабіць? Мама ўзяла нас, і мы пешшу выйшлі зь Менску разам з гэтай мэдсястрой, Марыяй Ісакаўнай”.

І яшчэ адна ваенная дата, але ўжо з 1944 году. Тады 23 чэрвеня савецкая армія пачала наступальную апэрацыю “Багратыён”, у часе якой была цалкам вызваленая ад немцаў тэрыторыя Беларусі. Пра маштабы той апэрацыі можна атрымаць уяўленьне паводле лічбаў статыстыкі. З абодвух бакоў у вайсковых дзеяньнях “Багратыёна” бралі ўдзел больш за 4 мільёны чалавек, больш за 7 тысяч танкаў і столькі ж самалётаў, а таксама 62 тысячы гарматаў.
XS
SM
MD
LG