Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыбывае адмысловая камісія Эўразьвязу, якая будзе дасьледаваць парушэньні правоў прафсаюзаў


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў Беларусь прыбывае адмысловая камісія Эўразьвязу дзеля дасьледаваньня фактаў у справе парушэньня правоў прафсаюзаў з боку афіцыйных уладаў краіны. Гэта другі надзвычайны візыт прадстаўнікоў міжнароднай супольнасьці ў Беларусь на працягу гэтага году: напрыканцы красавіка ў Менску з той самай мэтай працавала камісія Міжнароднай арганізацыі працы, якая ўваходзіць у склад Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.

І першая, і другая дэлегацыі былі сфармаваныя на падставе скаргі, скіраванай у ААН і Эўразьвяз Міжнароднай канфэдэрацыяй свабодных прафсаюзаў. Скарга тычылася сістэматычнага парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі. У сваю чаргу, аб гэтым міжнародную супольнасьць айчынныя прафсаюзы рэгулярна інфармуюць з 2001 году. У сьвеце ж парушэньне правоў працоўных прыраўноўваецца да парушэньня правоў чалавека. Лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук патлумачыў нам, пра якія менавіта парушэньні вядзецца гаворка.

(Ярашук: ) “Перш за ўсё факт, калі групу прафсаюзных актывістаў звольнілі з працы, прычым аднаго з гэтых людзей – за тое, што ён ня ўдзельнічаў у суботніку. Потым, для таго, каб зарэгістравацца, нам патрэбна было мець юрыдычны адрас. Канечне ж, ніводны кіраўнік прадпрыемства не даваў гэтага адрасу, і мы не маглі абараняць правы сяброў прафсаюзаў.”

Паводле спадара Ярашука, гэткіх прыкладаў вельмі шмат. Візыт дэлегацыі Міжнароднай арганізацыі працы і цяперашні візыт дэлегацыі Эўразьвязу называюць надзвычайнымі. Справа ў тым, што аналягічныя камісіі працуюць у краінах, дзе сур’ёзна парушаюцца фундамэнтальныя асновы дэмакратыі й свабоды. Да прыкладу, гэткія камісіі працавалі ў Польшчы падчас падаўленьня камуністамі прафсаюзнай “Салідарнасьці”, а таксама ў Бірме, дзе дасьледавалі выпадкі выкарыстаньня дзіцячай працы”.

Канчатковыя высновы са сваіх дасьледаваньняў Камісія Міжнароднай арганізацыі працы мусіць зрабіць гэтай восеньню. Гэтаксама намерваецца дзейнічаць і прадстаўніцтва Эўразьвязу. Калі ў выніковых рэзалюцыях яны пацьвердзяць факты парушэньня правоў прафсаюзаў, то напачатку хутчэй за ўсё дадуць афіцыйнаму Менску шанец выправіць гэтае становішча. Калі ж справа зь месца ня зрушыцца, то, як паведаміў радыё Свабода прадстаўнік Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў у краінах СНД Вадзім Барысаў, будуць уведзеныя эканамічныя санкцыі.

(Барысаў: ) “Насамрэч гэта вельмі сур’ёзна, бо Беларусь мае пэўныя ільготы ў гандлі з краінамі Эўразьвязу. Гэтыя ільготы даюцца за выкананьне пэўных сацыяльных абавязкаў. Калі ўрад не выконвае гэтых абавязкаў, то краіна пазбаўляецца гэтых ільготаў”.

Пазбаўленьне гандлёвых ільготаў на практыцы азначае страту каля ста мільёнаў эўра ў год, якія Беларусь цяпер ня плоціць, але будзе вымушаная плаціць у выглядзе мытных падаткаў падчас гандлю з краінамі Эўразьвязу.

Камісія Эўразьвязу будзе працаваць у Менску да 29 ліпеня. За гэты час яна плянуе заслухаць адпаведныя сьведчаньні прадстаўнікоў прафсаюзаў, працадаўцаў і ўраду Беларусі.
XS
SM
MD
LG