Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8:71 – Палата прадстаўнікоў адхіліла папраўкі ў выбарчы кодэкс, прапанаваныя дэпутатам Валерам Фраловым


Юры Дракахруст, Прага Сёньня палата прадстаўнікоў адхіліла папраўкі ў выбарчы кодэкс, прапанаваныя дэпутатам Валерам Фраловым. Патрабаваньне зьмены выбарчага заканадаўства было адным з пунктаў патрабаваньняў галадоўнікаў, якія галадавалі 18 дзён і завершылі акцыю пратэсту ўчора.

Сёньня законапраект падтрымалі толькі 8 членаў палаты, супраць прагаласаваў 71 дэпутат.

Абмеркаваньне доўжылася тры гадзіны, у дыскусіі ўзялі ўдзел 32 дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. На жаль, наш карэспандэнт Юры Сьвірко ня быў дапушчаны на сэсію і быў затрыманы аховай Лукашэнкі.

Валер Фралоў у сваім выступе перад дэпутатамі нагадаў, што законапраект быў унесены ў палату 10 чэрвеня летась, але давялося пайсьці на галадоўку, каб дамагчыся ягонага разгляду.

Паводле Фралова, прапанаваныя папраўкі былі накіраваныя на дэмакратызацыю выбарчага працэсу і на ўніфікацыю беларускага выбарчага кодэксу з расейскім заканадаўствам.

Было прапанавана прынамсі дазволіць назіральнікам сачыць за падлікам бюлетэняў на адлегласьці, якая дазваляе бачыць зьмест бюлетэню.

Другая прапанова тычылася прадстаўленьня палітычным партыям права накіроўваць у выбарчыя камісіі аднаго прадстаўніка з правам дарадчага голасу.

Нарэшце, трэцяя прапанова тычылася права кандыдатаў і іхных прадстаўнікоў атрымліваць завераныя копіі пратаколаў галасаваньня.

Валер Фралоў падкрэсьліў, што ўсе гэтыя нормы ўтрымліваюцца ў расейскім выбарчым заканадаўстве.

“Я прашу вас прыняць гэтыя папраўкі для ўзьняцьця ўласнага прэстыжу і прэстыжу краіны”, – заклікаў Валер Фралоў дэпутатаў, і дадаў, што прапановы робяцца ў інтарэсах “прэзыдэнта і парлямэнту”.

Аднак большасьць выступоўцаў выказаліся крытычна адносна прапанаваных паправак. Кіраўнік камісіі па дапрацоўцы законапраектаў Валер Ліпкін заявіў, што яны не пашыраюць правы назіральнікаў, якія паводле Ліпкіна дастаткова абароненыя дзейным кодэксам. Дэпутат сказаў, што асобныя парушэньні, якія назіраюцца на выбарах, тлумачыцца не недасканалым заканадаўствам, а практыкай ягонага ўжываньня.

Дэпутатка Вольга Абрамава выказала меркаваньне, што прыняцьцё паправак спародзіць “хаос і дэзарганізацыю” ў выбарчым працэсе.

Дэпутат Андрэй Лосеў выказаў перасьцярогу, што ўвядзеньне інстытуту сябраў выбарчых камісіяў з правам дарадчага голасу ад партыяў прывядзе да стварэньня партыяў-аднадзёнак.

Старшыня камісіі па гандлі й прыватызацыі Васіль Хрол параўнаў сябра выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу з мужам у сям’і з правам дарадчага голасу. “Навоша ён мне? Раіцца зь ім я ня бачу сэнсу”, – паведаміў Хрол.

Валер Фралоў на гэта адказаў, што такі муж з правам дарадчага голасу не падыме руку на жонку, а да таго ж можа вынесьці сьмецьце і схадзіць у краму.

Зьвяртае на сябе ўвагу вялікая колькасьць дэпутатаў, якія ўзялі ўдзел у абмеркаваньні – 32 чалавека, траціна дэпутацкага корпусу.

Гледзячы па ўсім, улада вырашыла прадэманстраваць, што няма палітычнага супрацьстаяньня паміж ёй і апазыцыйнымі дэпутатамі, а ёсьць парлямэнцкая дыскусія, у якой ініцыятары законапраекту папросту апынуліся ў меншасьці.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму, якая таксама ўдзельнічала ў абмеркаваньні, паведаміла, што ўжо завершаная праца па выданьні мэтадычных рэкамэндацыяў ЦВК да выбараў. Яна таксама заявіла, што прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў складаюць чвэрць сябраў акруговых камісіяў. “Тое, што іх няма ў участковых камісіях – гэта віна партыяў, якія ня ідуць у глыбінку” – лічыць Лідзія Ярмошына.

Большасьць дэпутацкага корпусу не падтрымала прапановы Валера Фралова. Зьвяртаючыся да калегаў, парлямэнтар заклікаў іх думаць пра будучыню. “Усё калісьці сканчаецца”, – нагадаў Фралоў.

Гл. таксама • Палата прадстаўнікоў не прыняла паправак да Выбарчага кодэксу – Валеры Фралоў заклікае да дзеяньняў • Ахова Лукашэнкі затрымала карэспандэнта Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG