Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьцейскай крэпасьці ўшанавалі памяць супрацоўнікаў НКВД


Алег Супрунюк, Берасьце У Берасьці да гадавіны нападу фашыстоўскіх войскаў на Савецкі Саюз сёлета прымеркавалі адкрыцьцё новага памятнага знаку. Знак усталяваны у гонар супрацоўнікаў НКВД, што сустрэлі пачатак вайны ў Берасьцейскай крэпасьці.

У апошнія гады дзень 22 чэрвеня ў Берасьці традыцыйна пачынаецца а 4-й гадзіне раніцы мітынгам ля муроў крэпасьці. Сёлета гэты мітынг акрамя беларускіх вэтэранаў наведалі іхныя расейскія калегі, якіх адмысловым цягніком прывезьлі з Масквы. Дарэчы, непасрэдна ў Берасьці цяпер жывуць толькі два абаронцы крэпасьці, што сустрэлі вайну ў родным горадзе 63 гады таму.

Іншая адметная падзея адбылася ля ўваходу ў крэпасьць праз Холмскую браму. Некалькі гадоў таму было прынятае рашэньне не ўсталёўваць у мэмарыяльным комплексе новых помнікаў. Аднак сёньня прайшлі ўрачыстасьці з нагоды адкрыцьця памятнага знаку ў гонар загінулых у часе абароны Берасьцейскай крэпасьці супрацоўнікаў НКВД.

Як паведаміў кіраўнік прэсавай службы ўпраўленьня ўнутраных справаў аблвыканкаму Віктар Васілеўскі, ініцыятыва ўсталяваць памятны знак зыходзіла ад вэтэранаў і цяперашняга кіраўніцтва берасьцейскай міліцыі. Грошы на адбудову помніка, які зроблены з бронзы і граніту, зьбіралі галоўным чынам сярод міліцыянтаў. Таксама былі пералічаныя сродкі і з абласнога бюджэту.

На пытаньне, колькі супрацоўнікаў НКВД было ў крэпасьці напачатку вайны і чым яны тады займаліся, Віктар Васілеўскі адказаў:

(Васілеўскі: ) “Яны былі ў крэпасьці. Іхны полк тут знаходзіўся. А чым ён займаўся... Прынамсі, калі пачалася вайна, зь вінтоўкамі і бязь іх абаранялі крэпасьць”.

Між тым, паводле гістарычных зьвестак, службы НКВД у той час мелі непасрэднае дачыненьне да рэпрэсіяў супраць былых польскіх жаўнераў і займаліся так званай фільтрацыяй грамадзянаў, што жылі на памежных з Польшчай тэрыторыях.
XS
SM
MD
LG