Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дрэздэнскія архівісты: зьвесткі пра зьніклых ніколі не прыходзяць запозна


Ул. інф. Нямецкія дасьледчыкі з дрэздэнскага таварыства “Саксонскія мэмарыялы” перадалі беларускім архівістам базы зьвестак на 50 тысяч ваеннапалонных савецкіх афіцэраў. Яны не выключаюць, што неўзабаве нямецкія сем’і таксама змогуць даведацца пра месцы пахаваньня іхных родзічаў у Беларусі.

Дрэздэнскія архівісты наведалі Беларусь з нагоды міжнароднай навуковай канфэрэнцыі “60-годзьдзе вызваленьня Беларусі — сумеснае высьвятленьне лёсаў і прымірэньне”, якое ладзіла амбасада ФРН у Менску.

Паводле прадстаўніка “Саксонскіх мэмарыялаў” Кляўса-Дытэра Мюлера, размова ідзе пра лёс тысяч нямецкіх вайскоўцаў, чые базы зьвестак у свой час былі перададзеныя ў Маскву, у архівы КГБ. Саксонскія архівісты лічаць, што ў пытаньні стварэньня гэтых базаў тут, у Беларусі, намеціўся пэўны зрух. Размова ідзе пра дасьледчыцкі й грамадзкі ўзровень. Што да ўзроўню палітычнага, то тут пытаньне істотна замаруджваецца — беларускі ўрад адрозна ад урадаў Украіны ды Расеі дагэтуль так і не ратыфікаваў двухбаковага пагадненьня адносна перазахаваньня салдат і афіцэраў вэрмахту. Чаму?

Нямецкі амбсадар Гельмут Фрык, адзін з ініцыятараў навуковай канфэрэнцыі, лічыць, што такое пытаньне лепш задаць беларускім уладам.

(Фрык: ) “Мы атрымлівалі ад беларускага боку шмат пастаянна зьменлівых тлумачэньняў на гэты конт. Мы разумеем і паважаем стаўленьне да гэтага пытаньня вэтэранаў. Аднак, паводле тых зьвестак, якія мы маем, вядома, што большасьць беларускіх вэтэранаў за ратыфікацыю пагадненьня, таму што падобнае пагадненьне ратыфікаванае з Украінай, Польшчай, іншымі краінамі, дзе гэтае пытаньне таксама разглядалася і дзе прыйшлі да ратыфікацыі гэтага пагадненьня”.

Тым часам супрацоўнікі Музэю Вялікай Айчыннай вайны нядаўна ўпершыню накіравалі ў Нямеччыну частку сваіх экспанатаў, якія, безумоўна, будуць цікавыя для пэўных нямецкіх сем’яў. Размова ідзе пра лісты на ўсходні фронт жонак і дзяцей салдатаў вэрмахту. Паводле намесьніцы дырэктара музэю Ірыны Варанковай, гэтыя лісты, як, дарэчы, і лісты на заходні фронт беларускім воінам, належаць да гэтак званых партызанскіх трафэяў. Калі і якім чынам партызаны перахапілі гэтую пошту, невядома.

(Варанкова: ) “Увогуле, усе гэтыя лісты з тылу цікава параўноўваць. Паралелі прасочваюцца абсалютна. Пісалі іх у асноўным жанчыны, а таксама дзеці. Разьвіцьцё падзеяў было розным, але лісты абагульняе трывога, пачуцьцё непакою — за мужоў, дзяцей, сваіх блізкіх, характэрна, што заўсёды прысутнічае надзея. Галоўнае адрозьненьне: у нашых лістах значна болей палітыкі. Гэта тычыць тых лістоў, якія я бачыла. Вельмі кранаюць лісты маленькіх дзяцей і іхныя малюнкі. Яны вельмі падобныя”.

Паводле Ірыны Варанковай, падобныя зьвесткі, якія трапяць да сваякоў загінулых, нават праз 60 гадоў ня будуць запозьненымі — такога ж меркаваньня і немцы. Абы толькі быў пакладзены пачатак.
XS
SM
MD
LG