Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Бундэстагу і прадстаўніца ПА АБСЭ Ута Цапф назірала за абмеркаваньнем паправак Фралова ў Палаце прадстаўнікоў


Уладзімер Глод, Менск Хаця афіцыйна беларускае пытаньне ня значыцца на парадку дня летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая пачнецца 5 ліпеня ў Эдынбургу (Шатляндыя), на ёй мяркуецца прыняць адмысловую рэзалюцыю па Беларусі. З мэтай падрыхтоўкі гэтага дакумэнту і вывучэньня сытуацыі непасрэдна ў краіне ў Менск прыбыла адмысловая група ў справах Беларусі на чале з дэпутаткай Бундэстагу Утай Цапф.

Ута Цапф разам зь сябрам групы дэпутатам швэдзкага Рыкстагу Урбанам Алінам 22 чэрвеня непасрэдна ў Авальнай залі назіралі за дыскусіяй вакол зьменаў у Выбарчы кодэкс, прапанаваны дэпутацкай групай “Рэспубліка”. Пасьля заканчэньня дэбатаў спадарыня Цапф у эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё выказала сваё ўражаньне ад пачутага і пабачанага:

(Цапф: ) “Што тычыцца майго ўражаньня, дык адзначу, што папраўкі да выбарчага заканадаўства выглядалі дастаткова разумнымі, і дыскусія пераважна была адэкватнай ім. Аднак некаторыя аргумэнты тых, хто выступаў супраць прыняцьця такіх паправак, выглядалі часам недарэчна. Маё ўражаньне, што дыскусія паводле паправак, якія прапанавалі дэпутаты-галадоўнікі, вялася нармалёва, але пры канцы атрымалася без належнага эфэкту”.

Разам з адмысловай групай за дыскусіяй у Авльнай залі назірала і старшыня Цэнтарвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына. Раніцай, да пачатку паседжаньня Палаты прадстаўнікоў Ута Цапф і Урбан Алін мелі зь ёй асобную размову. Падчас яе спадарыня Ярмошына пацьвердзіла сваю нязьменную, яшчэ зь мінулай восені, пазыцыю — зьмяняць выбарчае заканадаўства ўжо позна.

Сябры рабочай групы таксама сустракаліся зь віцэ-сьпікерам Палаты Ўладзімерам Канаплёвым, дэпутатамі групы “Рэспубліка”, міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Заўтра адбудзецца сустрэча з прадстаўнікамі палітычных партыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG