Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Над навакольлем Дома літаратара лунаў голас Васіля Быкава


Валянціна Аксак, Менск Гэткім сымбалічным чынам распачалася ў Менску вулічная выстава-продаж новых кнігаў Васіля Быкава, якую зладзіў Саюз пісьменьнікаў супольна зь некалькімі недзяржаўнымі выдавецтвамі.

Голас Васіля Быкава, узмоцнены дынамікамі, разносіўся сёньня далёка ад Дому літаратара, запрашаючы мінакоў на сустрэчу зь несьмяротнаю праўдаю твораў пісьменьніка пра сёньняшні дзень, час, пра саміх сябе. Менавіта гэткім сымбалічным чынам арганізатары імпрэзы вырашылі паказаць, што слова Быкава непадуладнае часу, яно жыве, хоць аўтара ўжо год як няма. Гаворыць старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Год, як з намі няма Васіля Быкава, але ніхто з сапраўдных беларусаў, чытачоў сапраўдных Васіля Быкава ня можа сказаць, што яго цяпер няма з намі. Сьведчаньне гэтаму і новыя кнігі, якія выйшлі, якія зьявіліся ў сьвет. Быкаў з намі і ў напісаным, і ў прамоўленым”.

Людзі адгукаліся на голас пісьменьніка, набывалі ягоныя новыя кнігі, выдадзеныя за апошні год недзяржаўнымі выдавецтвамі “Беларускі кнігазбор”, “Кніга”, “Беллітфонд”. Гаворыць адзін з пакупнікоў, які мэтанакіравана прыйшоў на імпрэзу:

(Пакупнік: ) “Я шукаю кнігу “Парадоксы жыцьця”, таму што яе ў маёй хатняй бібліятэцы яшчэ няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Чым вас прываблівае творчасьць Васіля Быкава?”

(Пакупнік: ) “Творчасьць Васіля Быкава мяне прываблівае сваёй шчырасьцю, праўдзівасьцю…”

Побач зь кніжнымі вітрынамі выдавецтваў наладзіла продаж беларускіх выданьняў і кнігарня пісьменьніка. Цікаўлюся ў ейных прадстаўніцаў актыўнасьцю пакупнікоў. Гаворыць адна з прадавачак:

(Прадавачка: ) “За дзьве гадзіны мы прадалі шэсьць ці сем кнігаў Быкава. І яшчэ іншыя кнігі купляюць. Людзі прыходзяць мэтанакіравана, пэўныя кнігі набываюць”.

Адначасова з гэтай акцыяй адбывалася адмысловае паседжаньне Рады Саюзу пісьменьнікаў, на якой прымалі новых сяброў пісьменьніцкае суполкі. Вось як успрыняла сваё далучэньне да пісьменьнікага саюзу менавіта ў гэты дзень маладая паэтка Валерыя Кустава:

(Кустава: ) “Сон — гэта яго сьмерць, і сон — гэта паэзія. Сон жудасны і сон шчасьлівы. І прыняцьце ў саюз маладых літаратараў — гэта таксама сон, сон, які, я спадзяюся, прыйдзе да шчасьлівага свайго завяршэньня ці недазавяршэньня, але каб у ім таксама прысутнічала чысьціня, вечнасьць”.

А ўвечары падчас памінальнае вячэры родныя, сябры і блізкія пісьменьніка ўпершыню пабачылі фільм, зроблены Віктарам Корзунам і Віталем Тарасам, — “Васіль Быкаў. Вяртаньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG