Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ахова Лукашэнкі затрымала карэспандэнта Радыё Свабода


Ул. інф. А 10-й гадзіне раніцы наш карэспандэнт Юры Сьвірко прыйшоў у Дом ураду, каб трапіць на паседжаньне сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Ён паказаў пропуск на ўваход у палату зь пячаткай службы бясьпекі й запісам “сапраўдны да 31 снежня 2004 г.” ды пасьведчаньне аб рэгістрацыі МЗС, якое сапраўднае да 9 красавіка 2005 году, дзе напісана “Радыё Свабода, ЗША”. Убачыўшы назву радыё, ахоўнік у форме службы бясьпекі прэзыдэнта заявіў, што карэспандэнта не прапусьціць.

Калі наш карэспандэнт дастаў дыктафон, уключыў яго і спытаўся, на якой падставе яму забаронены ўваход у Палату прадстаўнікоў, ахоўнік забраў дыктафон Радыё Свабода і выбег зь ім на двор да помніка Леніну, а журналіста адразу схапілі нейкія людзі ў цывільным, заламалі рукі й выпіхнулі з будынку.

У Дом ураду ў гэты момант уваходзіў кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Эбэргард Гайкен, які стаўся сьведкам падзеяў. Супрацоўнік службы бясьпекі, які назваў сябе Сяргеем, зьнішчыў усе запісы на мінідыску ў дыктафоне нашага карэспандэнта — на вачах у кіраўніцы дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Уты Цапф, якая прыехала падчас скандалу. Дыктафон Юрыю Сьвірку вярнулі, і ён зноў паспрабаваў прайсьці ў будынак. Тады нейкі начальнік у цывільным забраў у яго абодва акрэдытацыйныя пасьведчаньні й заявіў, што яны больш несапраўдныя. Ута Цапф сказала, што такога яна яшчэ ніколі ня бачыла. Прадстаўнікі АБСЭ прайшлі ў палату і прасілі іх дачакацца.

Пазьней гэты ж начальнік у цывільным, з рацыяй у руцэ запатрабаваў ад нашага карэспандэнта “ачысьціць памяшканьне”. Калі Юры Сьвірко папрасіў таго паказаць ягонае пасьведчаньне, замест гэтага адзін з бар’ераў на ўваходзе ў Дом ураду быў раптам адсунуты, з боку памяшканьняў Цэнтарвыбаркаму выбегла 6 чалавек у цывільным, прычым адзін зь іх быў у спартовым касьцюме, яны зноў схапілі журналіста, ледзь не зламалі руку, а потым пацягнулі праз Цэнтарвыбаркам да ўваходу ў Прэзыдэнцкую бібліятэку. Там стаяў УАЗ з чырвоным міліцэйскім нумарам МН0773, карэспандэнта “Свабоды” запхнулі на задняе сядзеньне, дзе побач зь ім селі яшчэ трое ў цывільным. “Уазік” пэўны час стаяў на тэрыторыі Дому ўраду, а потым выехаў і прыпаркаваўся каля Чырвонага касьцёлу.

Двое ахоўнікаў засталіся пільнаваць журналіста, якому было забаронена тэлефанаваць з мабільнага і адказваць на тэлефанаваньні. Нарэшце вярнуўся іх начальнік і сказаў: “Дзе вы жывяце? Мы вас туды зараз адвязем. І за гэта грошай ня возьмем — лічыце, што гэта таксі”. Юры Сьвірко назваў вуліцу Энгельса, дзе знаходзіцца ягоная кватэра, і “ўазік” адвёз журналіста туды — там, каля рэдакцыі газэты “Народная воля”, яго выпусьцілі.
XS
SM
MD
LG