Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікі попыт на незалежныя выданьні на Віцебшчыне не здавальняецца з-за перашкодаў распаўсюднікам


Браніслава Станкевіч, Віцебск Дзяржаўныя службоўцы чыняць перашкоды распаўсюднікам незалежнае прэсы на Віцебшчыне. Самы апошні выпадак – гэта забарона распаўсюджваць “БДГ” каля “Сіняга дому” ў Віцебску, якую атрымаў тамтэйшы апазыцыянэр Барыс Хамайда.

Праблемы ў віцебскіх распаўсюднікаў недзяржаўнае прэсы існуюць здаўна – яшчэ з тае пары, як транспартная міліцыя спыняла распаўсюднікаў недзяржаўнае газэты “Выбар”, калі тыя раздавалі гэтую газэту ў прыгарадных цягніках. Тыя часы добра памятае рэдактар “Выбару” Барыс Хамайда, які цяпер распаўсюджвае недзяржаўныя выданьні ля “Сіняга дому”. Праўда, “Выбар” цяпер выходзіць вельмі рэдка з прычыны фінансавых праблемаў, але спадар Хамайда стала зьяўляецца сюды з пачкам “БДГ” і дадатку “Для службовага карыстаньня”.

Праблемы з распаўсюджаньнем гэтых газэтаў пачаліся ў яго неўзабаве пасьля візыту ў Віцебск Аляксандра Лукашэнкі. Як вядома, 10-11 чэрвеня спадар Хамайда правёў амаль 8 гадзін у пастарунку: яго затрымалі якраз на той час, калі кіраўнічы корпус мог пабачыць у цэнтры гораду распаўсюдніка незалежнае прэсы. Колькі дзён таму, як распавядае спадар Хамайда, да яго зьявіўся прадстаўнік падатковае службы ды запатрабаваў паказаць пасьведчаньне прадпрымальніка: маўляў, ёсьць падазрэньні, быццам Хамайда займаецца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю.

(Хамайда: ) “Калі да мяне падышлі падатковыя інспэктары ды прадстаўнік падатковае паліцыі, то склалі пратаколы, а разам з тым і канфіскавалі 11 асобнікаў “БДГ”, што ў мяне былі. Сказалі, што ўсё гэта – матэрыялы для суду. А я лічу, што звычайная міліцыя проста адмовілася мець са мною справу – ім няма за што “зачапіцца”, і вось яны даслалі гэтых людзей з падатковае службы.”

Такім чынам, у Віцебску неўзабаве можа адбыцца першы судовы працэс з распаўсюднікам незалежнае прэсы. Але спадар Хамайда саступаць не зьбіраецца: учора каля “Сіняга дому” ён паставіў каля сябе скрынку з надпісам “Зьбіраю грошы на хлеб жабракам”. Калі ў яго запыталіся, што гэта азначае, ён сказаў, што гэта – на знак пратэсту супраць тых, хто падазрае яго ў спробах незаконна зарабіць. Цяпер для іх будзе відавочна, што нават тыя, хто прапануе мне грошы за газэту, ахвяруюць іх на дабрачыннасьць. А ўжо галодных жабракоў каля “Сіняга дому” заўсёды шмат – дарма што гэта цэнтар гораду, і побач знакаміты амфітэатар, дзе праходзяць “Славянскія базары”.

Праблемы з распаўсюдам незалежнай прэсы існуюць па ўсёй Віцебскай вобласьці. Якраз нядаўна з паездкі па розных рэгіёнах Віцебшчыны вярнуліся актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Старшыня гарадзкое арганізацыі АГП Алена Залеская звычайна бярэ з сабою ў такія паездкі пачак недзяржаўнай газэты “Время”, заснавальнікам якой ёсьць кіраўнік абласной філіі АГП Генадзь Ананьеў.

(Залеская: ) “Мы распаўсюджвалі газэту ў рэгіёнах – у Шуміліне, Вуле, Бешанковічах, Вушачах, Лёзьне… Найчасьцей людзі яе бяруць і адразу, проста на нашых вачох пачынаюць чытаць. Кажуць: “А, гэта ж незалежная газэта, яна ж у Смаленску друкуецца! Значыць, гэта цікава. Давайце, давайце”.

На думку спадарыні Залескай, такая цікавасьць да незалежнае прэсы ў рэгіёнах невыпадковая, бо туды вельмі рэдка даходзяць неафіцыйныя газэты, якія падаюць нейкую альтэрнатыўную інфармацыю.

Зь ліку недзяржаўных, незалежных выданьняў у звычайных газэтных шапіках на Віцебшчыне можна набыць “Нашу Ніву” (але яе чамусьці завозяць не ва ўсе шапікі), акрамя таго – “Згоду”,“Народную волю” і “Свободные новости+”: калі пасьпееш своечасова, і іх не разьбяруць. “Белорусский рынок” і “Белорусская газета”таксама карыстаюцца попытам, дый мясцовы “Віцебскі кур”ер”, паводле словаў гандлярак, рэдка калі застаецца непрададзены. Яны кажуць, што людзі дагэтуль пытаюцца ў іх тую ж самую “БДГ”, але даводзіцца, на жаль, адказваць ім адмоваю – або адсылаць да таго самага “Сіняга дому”, дзе з газэтамі ў руках штодня бывае Барыс Хамайда.
XS
SM
MD
LG