Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Магілёве адбудуцца народныя чытаньні з кнігі Васіля Быкава


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Сёньня ў Магілёве ўпершыню адбудуцца народныя чытаньні твору Васіля Быкава. Такім чынам магілёўцы вырашылі адзначыць 22 чэрвеня – гадавіну сьмерці пісьменьніка і дзень пачатку Вялікай айчыннай вайны.

“…Хлопец ачнуўся, калі на пагорак абапал дарогі выпаўз статак крыжастых страшыдлаў, загрукатала ўсе навакольле і да самага споду задрыжала зямля. Скочыўшы з бруствэра, Глечык схапіў адзіную сваю гранату, прыціснуўся сьпіной да дрыготкай сьцяны траншэі і чакаў. Ён разумеў, што гэта канец, і з усяе сілы зацяў у сабе нясьцерпную журботу душы, у якой вялікаю прагай да жыцьця ўсё біўся далёкі прызыўны жураўліны крык...”

Гэта ўрывак з аповесьці Васіля Быкава “Жураўліны крык” – менавіта яе абралі для чытаньня ўдзельнікі акцыі, якая сёньня адбудзецца ў Магілёве.

Народныя чытаньні Васіля Быкава пройдуць у Магілёўскім мастацкім музэі. Быкава будуць чытаць маладыя людзі, студэнты навучальных устаноў абласнога цэнтру. Таксама запрошаныя вядомыя ў Магілёве людзі, якія перажылі вайну.

Ініцыятыва правядзеньня народных чытаньняў належыць грамадзкаму аб’яднаньню “Кола сяброў”. Вось што паведаміў Свабодзе ягоны кіраўнік Алесь Асіпцоў:

(Асіпцоў: ) “Мерапрыемства будзе прысьвечанае Васілю Быкаву, ягонай творчасьці, ягонаму жыцьцю. У гэтай акцыі мы спалучылі дзьве даты: 22 чэрвеня – гадавіну сьмерці гэтага вялікага пісьменьніка, і яшчэ адно 22 чэрвеня – пачатак вядомай у гісторыі вайны, Вялікай айчыннай”.

Арганізатары спадзяюцца, што народныя чытаньні, якія будзе здымаць недзяржаўны тэлеканал “Магілёў-2”, пашыраць традыцыйнае кола ўдзельнікаў грамадзкіх акцыяў. Гэта спроба пайсьці ў народ і зрабіць людзей не назіральнікамі, а непасрэднымі ўдзельнікамі акцыі.

Для Магілёва, як і для арганізацыі “Кола сяброў”, народныя чытаньні будуць новай формай правядзеньня грамадзкіх акцыяў. Калі ўсё пройдзе ўдала, калі акцыя спадабаецца магілёўцам, то ў будучым народныя чытаньні будуць прысьвячацца вядомым беларускім пісьменьнікам, журналістам і публіцыстам.

І зусім невыпадкова, што першыя народныя чытаньні ў Магілёве прысьвечаныя Васілю Быкаву. Ягоныя творы нікога не пакідаюць абыякавымі, выклікаюць шмат эмоцыяў. Тым больш што аповесьць “Жураўліны крык”, якая была напісаная ў 1959 годзе, напоўненая ўражаньнямі і пачуцьцямі, якія яшчэ не астылі пасьля вайны. І галоўнае, што чытацца твор Быкава будзе ў гадавіну ягонай сьмерці і ў дзень, калі пачалася вайна – сёньня, 22 чэрвеня.

Пра тое, які пачуцьці выклікае гэты дзень, я спыталася ў магілёўцаў: як яны ўспрымаюць 22 чэрвеня? Дзень, калі пачалася вайна – гэта проста гістарычны факт альбо нейкая знакавая дата?

(Спадар: ) “Чорны дзень, трагічны дзень. Проста страшна думаць пра тое, што адбылося. Цяжка ўзгадваць 22 чэрвеня”.

(Спадар: ) “Атаясамліваецца ў мяне на ўзроўні генэтычнай памяці як жахлівы дзень. І я проста пачынаю па-іншаму думаць пра тых людзей, якія ўдзельнічалі ў гэтай жахлівай вайне, што ім давялося перажыць”.

(Спадар: ) “Вайна ўвайшла ў кожную сям’ю беларусаў. І ёсьць страты: у мяне, напрыклад, дзядуля загінуў на вайне, брата бацькі вывезьлі ў Нямеччыну. Бацька памёр, а яны так і не сустрэліся, хаця ён шукаў яго. Гэтая трагедыя была ў кожнай сям’і. Гэты дзень не павінен быць звычайным днём”.

(Спадарыня: ) “Для мяне гэта ня проста дата, паколькі адзін дзед у мяне загінуў пасьля вайны, бацькі мужа былі ўдзельнікамі вайны ад першага да апошняга дня, удзельнікамі Сталінградзкай бітвы. І ўсе мае маладосьць, юнацтва і дзяцінства прайшлі ў ваенных успамінах, таму што для гэтых людзей тое было самым моцным і самым важным кавалкам іх жыцьця”.

(Спадар: ) “Для мяне 22 чэрвеня – гэта такая дата, калі абрынуліся ілюзіі цэлага народу. Таму што людзі верылі ўладзе, якая абяцала іх абараніць ад фашыстаў, аднак гэтага ня здарылася. І на некалькі доўгіх гадоў мая бабуля і дзед апынуліся ў акупацыі. Яны бачылі, як ішлі савецкія войскі, і яны пыталіся ў савецкіх салдатаў: “Чаму ж вы нас не абараняеце?” І тыя не маглі ім нічога адказаць”.

(Спадарыня: ) “Неяк гэта пасунулася нібыта далёка, але ёсьць асацыяцыя зь нечым страшным усё ж такі. Бо калі пераношу на сябе – як бы гэта было, калі зараз такое… Гэта вельмі цяжкая і жудасная дата”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG