Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд рэгіянальнага друку


Любоў Лунёва, Менск Пра што піша рэгіянальная прэса ў Беларусі: “Вольнае Глыбокае”, “Брестская газета”, Брестский курьер”

Газэта “Вольнае Глыбокае” распавядае пра фэст, які адбыўся на месцы, дзе некалі была вёска Рыжкова, якой цяпер няма. 120 жыхароў навакольных вёсак сабраліся на месцы былой вёскі, ад якой засталіся старыя дрэвы і падмуркі, памаліліся богу. Мясцовы ксёндз прачытаў малітву. Вырашылі ладзіць такую імпрэзу штогод і назваць яе “Сьвятам неіснуючай вёскі”.

Газэта дае цікавы матэрыял пра Мікалая Мінскага. У Менску на будынку былой гімназіі ёсьць мэмарыяльная дошка, на якой стаіць імя вядомага жыхара Глыбокага. Мікалай Мінскі, вядомы пад псэўданімам Віленкін, лічыцца бацькам расейскага сымбалізму. У 1905 годзе ён выдаваў газэту “Новае жыцьцё” у Пецярбургу. У 1904 годзе выйшла кніжка ягоных вершаў “Белыя ночы”.

“Вольнае Глыбокае” зьмясьціла яшчэ адзін гістарычны матэрыял, прысьвечаны 500-м угодкам Полацкага ваяводзтва. Глыбокае было падзелена на Полацкае і Віленскае ваяводзтвы. У сярэднявеччы яно таксама належала двум гаспадарам – Радзівілу і Корсаку. І цяпер у горадзе дзьве плошчы, дзьве ратушы. Колькі насамрэч гадоў Глыбокаму – увогуле невядома. Упершыню горад узгадваецца ў 1590 годзе ў Прывілеі Вітаўта Вялікага.

“Брестская газета” дае матэрыял пад загалоўкам “Руйнаваць – не будаваць”. У цэнтры гораду зносяцца старыя дамы. Жыхарам будуць даваць кватэры ў новых дамах на ўскрайку гораду, а тыя будуць каштаваць дорага. Аднапакаёвая кватэра абыдзецца пакупнікам недзе ў 20 000 даляраў.

Журналісты газэты паведамілі таксама пра тое, што Берасьцейскі гарвыканкам з нагоды сьвята Вялікай перамогі выдаў грошы 640 вэтэранам вайны. Героям Савецкага саюзу і вэтэранам Вялікай айчынай вайны далі па 40 000 рублёў, інвалідам І і ІІ групы – па 30 000, астатнім – па 20 000 рублёў. Вось такі невысокі кошт міру.

“Брестский курьер” пад загалоўкам “Выпускнікі пад кантролем” пералічылі ўсе захады, прынятыя мясцовымі чыноўнікамі дзеля забесьпячэньня парадку ў часе правядзеньня выпускных вечароў. Прызначылі адказных, склалі графікі дзяжурстваў. Паколькі да 23-й гадзіны школы павінны скончыць усе мерапрыемствы, выпускнікі будуць сьвяткаваць у два этапы. Першы дзень – афіцыйна ў школах, а другі дзень – на дыскатэках, без нагляду чыноўнікаў.
XS
SM
MD
LG