Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія татуіроўкі Алеся Пушкіна былі ацэненыя дыплёмам


Ігар Карней, Менск У часе працы ў Менску другой “Дызайн-біржы” мастак Алесь Пушкін упершыню публічна задэкляраваў сьмелую мастацкую ідэю – беларускі дызайн цела. Ён прапанаваў эскізы татуіровак з нацыянальнымі сюжэтамі. Арганізатар выставы – Саюз дызайнэраў Беларусі – наватарства Пушкіна ацаніў дыплёмам “За новую інтэрпрэтацыю культурнай спадчыны”.

Сваю ідэю Алесь Пушкін акрэсьлівае проста:

(Пушкін: ) “З той бяды, якая зараз ідзе, я маю на ўвазе пагалоўнае захапленьне татуіроўкамі, я прапаную найменшую – зрабі сваё, любі сваё. Накалі сваю, беларускую татуіроўку”.

Алесь Пушкін спадзяецца, што прапанаваны ім напрамак культурызацыі татуіроўкі пераможа ейную народную форму, вытокі якой палягаюць у савецкіх гулагах, пра што калісьці і сьпявала ўся тагачасная краіна: “А на левой груди – профиль Сталина, а на правой – Маринка в анфас”.

На “Дызайн-біржы” Пушкін наладзіў пэрфомэнс з прэзэнтацыяй уласных трактовак сюжэтаў Уладзімера Караткевіча ў выглядзе эскізаў для татуіровак. А рэальнае ўвасабленьне ідэі мастак распачаў зь сябе – са свайго ўласнага цела. Цяпер на грудзях Алеся наколатая выява Рагнеды з маленькім Ізяславам на руках, крыжам сьвятой Эўфрасіньні і надпісам “Беларусь перадусім”.

(Пушкін: ) “Я ўпершыню задэкляраваў дызайн беларускага цела на аснове сваіх эскізаў тату і на падставе фрагмэнтаў цела вядомых беларусаў. На выставе я прадставіў тату “Беларусь перадусім”, якое зрабіў на сваім целе, а таксама татуіроўку на целе паэта Андрэя Хадановіча, якую таксама зрабіў яму я. Аб тым, што будуць рабіць татуіроўкі, задэкляравалі яшчэ Ўладзімер Арлоў, Юры Станкевіч, Зьміцер Вайцюшкевіч, Аляксандар Памідораў. Ну, як яны зробяць – паглядзім. Але пачатак ужо дадзены”.

(Карэспандэнт: ) Тваё цела ў гэтым сэнсе стала экспэрымэнтальным?

(Пушкін: ) “Шчырасьць мастака павінна быць ня толькі ў прапановах людзям: маўляў, калі ўжо робіце тату, дык рабіце яго беларускім. Мастак павінен падаць прыклад. Тады гэта ня будзе выглядаць правакацыяй. Давялося сур’ёзна падумаць: у 38 год прыняць рашэньне, зрабіць на сэрцы Рагнеду й Ізяслава і надпіс “Беларусь перадусім” – для мяне гэта ўчынак”.

(Карэспандэнт: ) І колькі каштуе ўвасабленьне тваёй ідэі?

(Пушкін: ) “Я сам рабіў татуіроўку ў салёне “У лісіцы”. Абышлося гэта мне ў 220 тысяч рублёў. Рабіў два дні – без анэстэзіі, вельмі балюча было. Але прынамсі гэта канцэпцыя свайго, беларускага: праз боль і такі вось учынак яна застанецца надоўга, на ўсё жыцьцё. Я прыняў рашэньне зрабіць такое тату, якое не сьціраецца – не часовае, а на ўсё жыцьцё. А яшчэ гэта своеасаблівы маленькі пароль: можа, калі на пляжы Гурзуфа ці Коста-Брава я буду ісьці і ўбачу хлопца зь “Зямлёй пад белымі крыламі”, з буслом, зь бел-чырвона-белай стужкай, надпісам “Беларусь перадусім” альбо “Patriа super omnia” (“Радзіма найперш за ўсё”), падыду і пацісну яму руку. Гэта будзе наш пароль”.

Алесь Пушкін упершыню браў удзел у выставе дызайну і вельмі цешыцца з гэтай падзеі. Як ён кажа, наведнікаў на ёй было значна больш, чым на выставах жывапісу: людзям сёньня цікавейшае мастацтва, якое скіраванае ў іхнае штодзённае, практычнае жыцьцё. Ля стэнду Пушкіна спыняліся перадусім маладыя людзі, ахвотна разглядалі буклеты, на апошняй старонцы якога пазначаныя адрасы тату-салёнаў, якія выконваюць татуіроўкі паводле ягоных эскізаў. І калі мастак бачыў, што цікавасьць да беларускага матыву эскізу была шчырай, тады ён дарыў буклеты – тым часам як астатнім прадаваў.
XS
SM
MD
LG