Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Галадоўка дэпутатаў — гэта жэст адчаю і прыкмета бездапаможнасьці”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многія аўтары лістоў на Свабоду працягваюць абмяркоўваць тэму палітычнай галадоўкі трох дэпутатаў Нацыянальнага сходу і шэрагу апазыцыйных актывістаў, якія да гэтай галадоўкі далучыліся. Настаўнік зь Віцебску Аляксей Булдык зьдзіўлены тым, што ў Палаце прадстаўнікоў увогуле магла зьявіцца група дэпутатаў, якія адважыліся на падобную акцыю. Слухач піша:

“Цікава, як гэта ўлада дапусьціла, што ў Палату прадстаўнікоў трапілі такія дэпутаты, як Фралоў, Парфяновіч ды Скрабец? Выбары ж чатыры гады таму праводзіліся пад жорсткім кантролем вэртыкалі: ніякіх апазыцыянэраў і блізка не падпускалі да ўлады. Загад быў жорсткі: дэпутацкія мандаты павінны былі атрымаць толькі так званыя “правераныя таварышы”. І тут на голым месцы ўзьнікла група “Рэспубліка”. Відаць, не дапрацоўваюць улады, не праяўляюць дастатковай пільнасьці.

Думаю, сёлета ўвосень кантроль будзе яшчэ больш жорсткі. Паводле маіх назіраньняў, давер людзей да Лукашэнкі пахіснуўся. А што да паслухмяных дэпутатаў, дык іх увогуле і ня ведаюць, і ўсур’ёз не ўспрымаюць. Так што цяпер дзеля таго, каб не дапусьціць апазыцыянэраў, улада мае адзін спосаб: ня даць ім дайсьці да заключнай часткі, да галасаваньня. Іх проста будуць, так бы мовіць, “адстрэльваць” на першых этапах — яшчэ пры вылучэньні ды рэгістрацыі. Так што апазыцыі трэба рыхтавацца да жорсткай барацьбы, ніхто аддаваць ім уладу не зьбіраецца”.

Думаю, спадар Булдык, якім бы пільным ні быў кантроль улады, як бы ні прасейвалі ўсіх кандыдатаў празь сіта паслухмяных выканкамам камісіяў, апазыцыя ў новай Палаце прадстаўнікоў усё роўна зьявіцца. Нават калі гэта выявіцца і не адразу. І справа тут, на маю думку, ня ў нейкіх таемных плянах апазыцыі. Проста сярод больш як сотні людзей заўсёды знойдзецца некалькі чалавек, якія, паназіраўшы за парадкамі ў Палаце прадстаўнікоў і зьведаўшы рэальныя магчымасьці беларускага дэпутата, пачнуць задаваць непрыемныя для выканаўчай улады пытаньні: і пра недэмакратычныя выбары, і пра прыніжанае становішча дэпутатаў, і пра несправядлівы падзел улады.

Канчаткова выкараніць апазыцыянэраў можна, напэўна, толькі тады, калі ўвогуле забараніць апазыцыю і любое іншадумства. У Вярхоўным Савеце БССР да 1989 году апазыцыі не было і быць не магло: апазыцыянэру тады было дзьве дарогі — альбо ў турму, альбо ў “псыхушку”.

Свой погляд на галадоўку дэпутатаў у Іны Бяляўскай зь Менску:

“Мне здаецца, галадоўка трох дэпутатаў — гэта жэст адчаю, прыкмета слабасьці і бездапаможнасьці. Ці пачалі бы гэтыя людзі галадоўку, калі б маглі вывесьці на плошчу перад Домам ураду сто тысяч сваіх прыхільнікаў? Сёньняшняя беларуская ўлада можа прыслухацца толькі да масавых пратэстаў, а галадоўка адзінак яе мала хвалюе. Галадуйце, псуйце ўласнае здароўе, шкодзьце самі сабе... Большасьць людзей у Беларусі пра галадоўку нават ня ведае. Як даведаесься, калі газэты, радыё, тэлебачаньне — усё ў руках адной асобы.

Мы пакрысе вярнуліся ў БССР. У 1990-я гады, калі выбіралі Лукашэнку, менавіта гэтага і хацела большасьць насельніцтва. Але вяртаньне аказалася аднабокім. Лукашэнка вярнуў тое, што было патрэбна яму: адзінаўладзьдзе, паслухмяны парлямэнт, падкантрольныя сродкі масавай інфармацыі, суды, сілавыя структуры. А людзі ж чакалі вяртаньня іншага: бясплатнай мэдыцыны і адукацыі, бясплатных кватэраў, пэнсіяў, якіх хапала, каб пракарміцца. Нічога гэтага няма. Таму, калі б рэфэрэндум праводзілі сумленна, за трэці тэрмін для Лукашэнкі большасьць не прагаласавала бы. Але як цяпер пракантралюеш уладу, калі яна робіць, што хоча”.

Ня думаю, спадарыня Бяляўская, што галадоўка дэпутатаў — гэта, як вы пішаце, “прыкмета слабасьці і бездапаможнасьці”. Трое дэпутатаў, якія адважыліся на гэты ўчынак, слабымі людзьмі зусім не выглядаюць. Яны ведаюць і ўлічваюць тыя абставіны, пра якія вы зусім слушна пішаце ў сваім лісьце. Так, беларускае грамадзтва кепска інфармаванае, многія людзі запалоханыя і дэзарыентаваныя, многія ня вераць у тое, што ад выбараў у сёньняшняй Беларусі нешта залежыць. Сваёй галадоўкай дэпутаты якраз імкнуцца прыцягнуць грамадзкую ўвагу да гэтых праблемаў, паказаць, што ёсьць рашучыя і пасьлядоўныя палітыкі, якія гатовыя павесьці за сабой людзей і не баяцца самага жорсткага ціску з боку ўлады.

Урывак зь ліста Сымона Барыса зь Менску. Слухач успамінае, якія па сутнасьці прыгонныя парадкі панавалі ў савецкіх калгасах, як камуністычная сыстэма абмяжоўвала права людзей на выбар занятку і месца жыхарства, нават у межах сваёй краіны. Слухач успамінае:

“Закончыў я ў 1957 годзе сярэднюю школу і захацеў вучыцца ў горадзе. Аказалася, патрабуецца даведка з калгасу, што адміністрацыя адпускае мяне зь вёскі. Пайшоў я да старшыні (гэта быў калгас імя Калініна Рускасельскага сельсавету Вялейскага раёну. Кажу яму: “Адпусьціце, я не калгасьнік, заяву аб уступленьні ў ваш калгас не пісаў”. А ён мне: “Калі бацькі ў калгасе, дык і ты калгасьнік”. І даведкі ня даў. Вось тады я зразумеў, што бацькі мае — прыгонныя. Але вучыўся я добра, і быў перакананы, што з калгасу ўсё роўна ўцяку. А тут яшчэ такі ўрок маці. У канцы году прынесла яна невялікі хатуль жыта і заплакала: “Вучыся, сынок, каб тут не застацца, каб не працаваць “за палачкі” (так называлі пустыя працадні). Бачыш, што я за цэлы год зарабіла. У кепскага пана я за гадзіну болей зарабіла бы. А тут і каня аддалі, і зямлю, ды яшчэ і бясплатна працуем. Пакутуем, жывём з агароду ды з каровы.

...Другі раз я сутыкнуўся з абмежаваньнем свабоды ў Ноўгарадзе, пасьля дэмабілізацыі. Я паступаў разам з жонкай у Наўгародзкі пэдінстытут. Пайшлі ў ваенкамат, па ваенны білет (безь яго нельга было атрымаць пашпарту). А там кажуць: “Калі ў інстытут не залічаць, адправім цябе ў Беларусь, да бацькоў, адкуль прызывалі ў армію”. Мая жонка адразу заплакала: ехаць за мужам, няхай сабе і каханым, за 700 кілямэтраў у вясковую ссылку не хацелася. На шчасьце, нам пашанцавала — у інстытут залічылі, і мы сталі студэнтамі”.

Здаецца, даўно ў мінулым застаўся той час, калі выпускнік вясковай школы вымушаны быў прыніжальна прасіць у калгаснага старшыні дазвол на выезд зь вёскі. Але канчатковага разьвітаньня з савецкай сыстэмай кантролю за перамяшчэньнем грамадзянаў не адбылося. Па-ранейшаму застаецца інстытут прапіскі: прапісацца ў буйных гарадах вясковым жыхарам складана, а без гэтага штампу ў пашпарце цяжка знайсьці працу, уладкаваць дзяцей у садок ці школу, атрымаць дапамогу ў паліклініцы. Але яшчэ больш, чым пашпартныя абмежаваньні, запрыгоньваюць вясковых выпускнікоў цяперашнія эканамічныя рэаліі. Як сын трактарыста ці даяркі можа выправіцца на вучобу ў горад, калі заробак бацькоў у калгасе вымяраецца часам дваццацю-трыццацю тысячамі рублёў? Галеча запрыгоньвае болей, чым некалі сталінская сыстэма даведак і дазволаў.

Якой стала сёньня беларуская вёска — апісвае ў сваім лісьце наш сталы слухач і аўтар, былы вайсковец Ільля Копыл зь Менску. Больш як дваццаць год ён не наведваў сваёй роднай вёскі Нябышына Докшыцкага раёну. А нядаўна, паехаўшы туды пасьля доўгага разьвітаньня, убачыў вось што:

“Што мяне ўразіла: прайшоў па вёсцы з канца ў канец — і не сустрэў ніводнай жывой душы, быццам тут усё абязьлюдзела. Падлічыў колькасьць ацалелых хатаў, атрымалася 58, але 12 зь іх кінутыя, вокны і дзьверы забітыя дошкамі. Да вайны ў вёсцы было 120 двароў. Платы вакол амаль усіх двароў паўразбураныя, пахілыя, іх ніхто не рамантуе. Усе гаспадары састарэлыя, нямоглыя. Дажываюць свой век, а моладзі няма. А як бяз гэтага адраджаць вёску? Жывуць у вёсцы два мае пляменьнікі — 30 і 45 год, так і не ажаніліся. Вёску губіць гарэлка. Толькі трапяць у рукі чалавеку грошы — адразу ідуць на выпіўку.

Запытаўся ў аднаго пляменьніка, колькі зарабляе. Адказаў, што 5 тысяч за працоўны дзень. Але працоўных дзён, у залежнасьці ад пары года, можа быць і 20, і 10, і нават усяго 5. Вось і лічыце месячны заробак. У нядзелю пайшлі на вясковыя могілкі. Там сабралася шмат былых вяскоўцаў — зь Менску, Віцебску, Полацку, разам зь дзецьмі. Паглядзеў на іх, і мае невясёлыя назіраньні ўжо не здаліся такімі драматычнымі. Усё ж пакуль жыве Беларусь”.

Падобнымі ж назіраньнямі, спадар Копыл, маглі бы падзяліцца амаль усе ўчорашнія вясковыя жыхары, якія, вяртаючыся ў родныя мясьціны, назіраюць заняпад, п’янства ды павольнае выміраньне вёскі. Чаму так адбываецца? Адказ нібыта на паверхні: няма ў зямлі гаспадара. Камуністы ў свой час адабралі ў сялянаў уласнасьць, загнаўшы каго ў калгасы, а каго — на Салаўкі. А новая ўлада больш як дзесяцігодзьдзе трымалася за старую калгасную сыстэму, беспасьпяхова імкнучыся яе ўратаваць і ўпускаючы каштоўны час, калі яшчэ можна было перадаць зямлю і ўласнасьць у прыватныя рукі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG