Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя абрабавалі кватэру журналісткі “Народнай волі”


Ігар Карней, Менск У Менску абрабаваная кватэра папулярнай журналісткі газэты “Народная воля” Марыны Коктыш. У карэспандэнткі скрадзеныя грошы і ўпрыгожаньні. Ці зьвязанае рабаўніцтва зь ейнай прафэсійнай дзейнасьцю? Марына Коктыш спадзяецца адказаць на гэтае пытаньне з дапамогай міліцыі.

Кватэра Марыны Коктыш мела дзьве ўваходныя дзьверы — жалезныя і звычайныя, у іх злодзеі зламалі тры замкі. Такая настойлівасьць гаспадыню зьдзіўляе: дома, як кажа, нічога звышкаштоўнага не было.

(Коктыш: ) “Я была ў адпачынку і ў мінулую нядзелю зьехала за горад. Папрасіла толькі маму, каб тая палівала кветкі. Калі яна прыехала, то ўбачыла зламаныя замкі, у кватэры быў страшэнны вэрхал. Карціны былі паскіданыя са сьценаў, бялізна вывернутая з шафаў, шмат было бруду”.

(Карэспандэнт: ) “Нешта каштоўнае зьнікла з рэчаў?”

(Коктыш: ) “Дзіўна, але ня вынесьлі ні маленькага тэлевізару, ні бытавых прыладаў — таго, што звычайна выносяць “дамушнікі”. Зьнікла тое, што ляжала навідавоку: чатыры залатыя пярсьцёнкі і 400 даляраў, загорнутыя ў квітанцыю. Таксама прагледзелі ўсе працоўныя нататнікі, адзін зь іх парвалі”.

(Карэспандэнт: ) “А што кажа з нагоды рабаўніцтва міліцыя?”

(Коктыш: ) “Міліцыянты абяцаюць прыкласьці ўсе намаганьні і зрабіць усё, што ад іх залежыць”.

(Карэспандэнт: ) “Марына, вы пішаце на вельмі вострыя тэмы: тут і зьніклыя палітыкі, і карупцыя ва ўладзе, і гучныя судовыя справы. Магло гэтае рабаўніцтва быць зьвязанае з вашай прафэсійнай дзейнасьцю?”

(Коктыш: ) “Я б не адказвала адназначна, не раблю высноваў. Распачнецца сьледзтва, і калі злодзеі будуць знойдзеныя, можна будзе даць пэўны адказ. Ня ведаю. Хоць…”

Пасьля гэтай гісторыі журналістка “Народнай волі” Марына Коктыш зрабіла для сябе пэўныя высновы і паставіла кватэру на сыгналізацыю.
XS
SM
MD
LG