Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славянскія піраты


Зьміцер Падбярэскі, Менск Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Мы зноў зьвяртаемся да тэмы музычнага пірацтва. На гэты раз падставай для своеасаблівага расьсьледаваньня зьявіўся факс ад удзельнікаў двух беларускіх калектываў — “Стары Ольса” і “Гуда”, у якім апавядаецца пра выданьне ў Расеі альбомаў з запісамі гэтых ансамбляў. Як вынікае са зьместу факсу, выдадзена музыка была без дазволу беларускіх выканаўцаў.

Так, у альбом “Славянская волынка” ўключаныя дзесяць трэкаў у выкананьні “Старога Ольсы”, Алеся Журы і Алеся Лося, пры гэтым выканаўцы не пазначаныя, а самі запісы названыя “рэдкімі запісамі аўтэнтычнай славянскай музыкі з Расеі”. Альбом “Архаічныя абрадавыя песьні” ансамблю “Гуда” адметны ятым, што ў арыгінальным тэксьце-прадмове паўсюль слова “беларускі” замененае на “славянскі”. Вось як расцэньваюць гэты выпадак беларускія музыканты. Гаворыць лідэр групы “Стары Ольса” Зьміцер Сасноўскі”.

(Зьміцер Сасноўскі: ) “Мы ўжо двойчы далі дазвол на выданьне міні-накладу нашых дыскаў у Маскве. Міні-наклад меў на ўвазе 200 асобнікаў. “Студия 14” бяз згоды з намі выдала зборнік славянскага дахрысьціянскага фальклёру “Родные вечера” (два зборнікі). У іх яны ўключылі нашыя кампазыцыі і нават відэафайлы з нашага сайту. Мы зьвязаліся зь імі, запатрабавалі вызначыцца ў гэтай сытуацыі. Пасьля чаго мы пачалі перамовы і дамовіліся аб тым, што наш аўтарскі ганарар будзе складацца з гэтых самых зборнікаў.

Пазьней “Студия 14” зьвярнулася да нас з просьбай выдаць міні-наклад нашага першага альбому “Келіх кола”. Яны былі згодныя выканаць усе нашыя ўмовы: гэта сума аўтарскага ганарару, каб колькасьць гэтых дыскаў не перавышала 200 асобнікаў і каб усё перавыданьне было аформленае толькі па-беларуску. Перавыданьне па-беларуску было выкананае, грошы мы атрымалі, але зь вялікай затрымкай. Што датычыць 200 асобнікаў, то я вельмі сумняваюся, што да гэтага часу прадаюцца гэтыя дзьве сотні. Мы так і ня здолелі правяраць, колькі ж выдадзена гэтых дыскаў”.

(Падбярэскі: ) “Зразумела, нам было вельмі цікава паслухаць меркаваньне расейскага выдаўца. Абодва альбомы былі выдадзены адной фірмай “Студия 14”. Празь сеціва мы здолелі адшукаць два электронныя адрасы гэтай фірмы, а таксама пазнаёміцца зь іншымі яе вырабамі. Чорнага колеру маечкі з характэрнай для панславістаў сымболікай і ваяўнічымі надпісамі не пакідалі сумненьняў, што ў якасьці піратаў выступілі прадстаўнікі колаў нацыянал-радыкалаў.

Ды вось што цікава: адказ на наш запыт, дзе можна было бы азнаёміцца з музычнай прадукцыяй “Студии 14”, як можна пагутарыць па тэлефоне зь яе кіраўніцтвам, прыйшоў вельмі асьцярожны. Маўляў, а нашто вам, зь якой мэтай і г.д. Прыйшлося працягваць гульню, у адказ на што мне паабяцалі перадаць маю просьбу ў “Студию 14”. Аднак — дарма! Адным словам, кансьпірацыя! Як аказалася, зборнік “Славянская волынка” быў выдадзены ўжо пазьней за амаль легальныя выданьні “Старога Ольсы”. Мусіць, “Студия 14” вырашыла, што далей зь беларусамі можна ўжо не цырымоніцца. Зьміцер Сасноўскі камэнтуе”.

(Сасноўскі: ) “Гэтыя падзеі ўжо азначаюць новы віток пірацтва адносна нашай музыкі. І што вельмі прыкра — ня проста пірацтва, а музыка абвяшчаецца расейскай музыкай, не беларускай”.

(Падбярэскі: ) “На адным з сайтаў я прачытаў наступнае: “Студия 14” зьяўляецца афіцыйным выдаўцом складу “Стары Ольса” на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі (з дазволу групы)”. Наколькі гэта праўда? — спытаўся я ў Зьмітра Сасноўскага”.

(Сасноўскі: ) “Мы не давалі нікому права выдаваць нашыя дыскі ў Маскве, ня кажучы ўжо пра Расейскую Фэдэрацыю. Мы дазволілі выдаць мінімальны наклад дыскаў і толькі для невялікай крамы ў самой Маскве”.

(Падбярэскі: ) “Яшчэ больш цікава складваліся адносіны з маскоўскімі піратамі групы “Гуда”. Спадарыню Вікторыю Міхно я запытаў, ці былі нейкія папярэднія кантакты “Гуды” са “Студией 14”?”

(Вікторыя Міхно: ) “Першы кантакт адбыўся прыкладна два месяцы таму, калі яны напісалі нам на паштовую скрыню на сайце просьбу аб перавыданьні нашага дыску ў аб’ёме 100–150 асобнікаў, пыталіся, на якіх умовах гэта можна зрабіць. Пасьля нам прыйшла інфармацыя аб тым, што нашыя дыскі зьмешчаныя ў каталёгах “Студии 14”. Мала таго: мы атрымалі пісьмовую адмову аб супрацоўніцтве з намі “Студии 14”, калі пазьней далі ім адказ з просьбай даслаць нам іх зьвесткі як фізычных асобаў, так і юрыдычных”.

(Падбярэскі: ) “А як вы паставіліся да таго, што паўсюль ва ўступным тэксьце словы “беларуская” былі замененыя на “старажытнаславянская” ці нешта такое?”

(Міхно: ) “Безумоўна, гэта скажэньне тэксту, які таксама зьяўляецца нашым аўтарскім тэкстам. Гэта парушэньне аўтарскіх правоў. А з маральнага гледзішча… Мы ня крыўдзімся, мы не абражаныя. Нам цікава, што менавіта беларускі матэрыял расейскія выдаўцы выкарыстоўваюць як матэрыял свой, сапраўды нацыянальны, этнічны, адпрацаваны”.

(Падбярэскі: ) “З аднаго боку, калі пірацяць, гэта значыць, што музыка карыстаецца попытам. З другога — гэта безумоўнае парушэньне аўтарскіх правоў. Вось што думаюць з гэтай нагоды беларускія выканаўцы”.

(Міхно: ) “Мы будзем, безумоўна, разьбірацца са студыяй, якая парушыла нашыя правы. Толькі адстойваючы ўласныя правы, мы можам прэзэнтаваць дадзены матэрыял і мець маральнае права яго прадстаўляць. Бо гэта ня толькі наш аўтарскі матэрыял, гэта матэрыял, які прэзэнтуе нашую краіну”.

(Сасноўскі: ) “Мы да пірацтва ставімся досыць ляяльна, таму што нашую музыку рэгулярна крадуць. Але мы лічым, што на стадыі, калі такі стыль музыкі фармуецца, пірацтва можа быць і станоўчай якасьцю”.

(Падбярэскі: ) “Пры гэтым адзначу, што музыку “Старога Ольсы” крадуць ня толькі за мяжой. Вялікую актыўнасьць праяўляюць у дачыненьні да яе і ў Беларусі, прычым найперш — дзяржаўныя структуры”.

(Сасноўскі: ) “Беларускае тэлебачаньне нашую музыку брала рэгулярна для розных праграмаў. Нас зьдзівіла і абурыла, калі нашую музыку выкарысталі ў “Сельскім часе”, прычым там, дзе паказвалі каровак, уключалі кампазыцыю “Паход” абсалютна супрацьлеглай тэматыкі. Пасьля здымкаў “Настасься Слуцкая” бяз нашай згоды кампазыцыю “Руевіт” выкарыстоўвалі пад рэкляму гэтага фільму. Каля дваццаці разоў на дзень застаўкай да рэклямнага выпуску на першым канале Беларускага дзяржаўнага радыё гучыць нашая кампазыцыя “Руевіт”. Адзінае, калі з цывілізаваным стаўленьнем да нашай музыкі мы сустрэліся, дык гэта тады, калі студыя “Карамболь” заключыла з намі дамову на агучваньне праграмы “Падарожжы дылетанта”.

(Падбярэскі: ) “Якое ж можа быць выйсьце з гэтай сытуацыі? Зьміцер Сасноўскі, прынамсі, глядзіць на яе пэсымістычна”.

(Сасноўскі: ) “Пры існым заканадаўстве прыцягнуць да адказнасьці людзей, якія на кампутары нарэзалі матрыцы, а ня выдалі ліцэнзаваны наклад, амаль немагчыма”.

(Падбярэскі: ) “А, скажам, у РУПІСе гэтыя творы зарэгістраваныя?”

(Сасноўскі: ) “Не, не зарэгістраваныя”.

(Падбярэскі: ) “Іншы настрой у Вікторыі Міхно”.

(Міхно: ) “Любы матэрыял, калі ён ужо выдадзены, зьяўляецца аб’ектам аўтарскага права. І гэтыя аўтарскія правы мусяць быць абароненыя. Якім чынам іх можна абараніць ва ўмовах, калі гэта дзьве розныя дзяржавы, вялікія праблемы ў заканадаўстве, — іншае пытаньне. Аднак, ведаючы, што існуюць такія арганізацыі, як РУПІС, юрысты, якія могуць адстойваць аўтарскія правы і прадстаўляць інтарэсы Беларусі на расейскай прасторы, можна сказаць пра тое, што праблемы гэтыя можна і трэба вырашаць. Было бы здароўе і былі б магчымасьці…”

(Падбярэскі: ) “Дай Бог вам здароўя! І апошняе тады пытаньне: а ў Беларусі вас пірацяць?”

(Міхно: ) “Як ні дзіўна, але ў Беларусі нас не пірацяць. Альбо мы пра гэта ня ведаем…”

(Падбярэскі: ) “Тое, што музычнае пірацтва адмоўна адбіваецца на іміджы краіны, не выклікае пярэчаньняў. Цяжка сказаць, у якой ступені нашая праграма зможа станоўча паўплываць на сытуацыю, але праграма “Па-за тактам” будзе і надалей зьвяртацца да тэмы пірацтва як чыньніка антызаконнага ў любой праяве”.
XS
SM
MD
LG