Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Разам зь менскімі галадоўнікамі акцыю пратэсту спынілі й віцебскія актывісты АГП


Браніслава Станкевіч, Віцебск Эла Канавалава, Іна Сяткоўская, Тацяна Зайкова ды Фёдар Бакуноў ужо пакінулі кватэру, у якой яны цягам мінулага тыдня галадавалі на знак салідарнасьці зь іншымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту.

(Сяткоўская: ) “Нам зь Менску патэлефанаваў Генадзь Ананьеў і сказаў, што там толькі што скончылася прэсавая канфэрэнцыя, што яны вырашылі спыніць галадоўку, і што мы таксама можам зрабіць гэта”.

Гэтымі словамі ўдзельніца галадоўкі ў Віцебску Іна Сяткоўская сустрэла журналістаў, якія прыйшлі сёньня, каб даведацца пра самаадчуваньне галадоўнікаў і далейшую хаду іхнае акцыі. Паведаміўшы пра спыненьне галадоўкі, віцебскія актывісты АГП падзякавалі ўсім, хто іх падтрымліваў цягам мінулага тыдня — усіх знаёмых ды незнаёмых людзей, якія тэлефанавалі ды прыходзілі да іх, прыносілі ваду ды кветкі.

Усе чацьвёра галадоўнікаў прызналіся, што вельмі стаміліся за гэтыя дні, як фізычна, так і маральна. Аднак ніхто зь іх не шкадуе, што прайшоў цераз гэтае выпрабаваньне, падтрымліваючы дэпутатаў парлямэнту ды сваіх сяброў па партыі.

(Сяткоўская: ) “Насамрэч, за гэты тадзень мы страцілі шмат сілаў, усім нам было цяжка, асабліва жанчынам. Але калі гэта спатрэбіцца наступным разам, мы зноў гатовыя галадаваць — ня ведаю, колькі ў каго дастане моцы, але падтрымаць мы гатовыя”.

Па сканчэньні акцыі пратэсту ўсе чацьвёра галадоўнікаў атрымалі ад лекара Міхася Паўлава шэраг рэкамэндацыяў, як правільна выходзіць з галадоўкі, адно пашкадаваўшы, што ў цяперашняй сытуацыі ў Беларусі такім радыкальным чынам даводзіцца змагацца за выкананьне дзяржаваю элемэнтарных дэмакратычных правоў.
XS
SM
MD
LG