Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія архівісты перадалі беларускім калегам базы зьвестак з дадзенымі пра амаль 60,000 савецкіх ваеннапалонных


Ул. інф. Нямецкае аб’яднаньне “Саксонскія мэмарыялы” перадало Дзяржкамітэту архіваў і справаводзтва Беларусі базы зьвестак на савецкіх ваеннапалонных.

Як паведаміў Радыё Свабода старшыня Дзяржкамархіву Ўладзімер Адамушка, гэтыя базы зьвестак тычаць 58 тысяч афіцэраў Савецкай Арміі, якія знаходзіліся ў палоне з 1941 па 1945 год.

У архіўных матэрыялах пра прадстаўнікоў савецкага ваеннага каманднага саставу, сярод якіх нямала беларусаў, ёсьць таксама і ведамасьці з назвамі канцлягераў і месцаў пахаваньня ваеннапалонных.

Перадача нямецкіх архіўных матэрыялаў адбылася ў Беларускай нацыянальнай бібліятэцы ў рамках адкрыцьця выставы “Шлях да перамогі”. Выстава ёсьць таксама часткай сумеснага праекту архівістаў Беларусі й Нямеччыны, мэта якога — сыстэматычнае высьвятленьне лёсу палонных, а таксама зьніклых беларусаў і немцаў.

Тым часам пытаньне адносна перазахаваньня нямецкіх ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі па-ранейшаму застаецца нявырашаным. Паводле нямецкага боку, беларускі парлямэнт дагэтуль не ратыфікаваў падрыхтаванага ў 1996 годзе пагадненьня аб доглядзе за ваеннымі магіламі.
XS
SM
MD
LG