Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопіс “Дзеяслоў” будзе друкаваць усю творчую спадчыну Васіля Быкава


Валянціна Аксак, Менск Пра гэта ў інтэрвію нашаму радыё паведаміў галоўны рэдактар выданьня Барыс Пятровіч. Частка невядомых раней твораў пісьменьніка ўжо надрукаваная ў папярэдніх, пачынаючы ад сёмага, нумарох “Дзеслова”. У толькі што выдадзеным дзясятым нумары зьмешчаныя тры новыя прыпавесьці Быкава і напісаны незадоўга да сьмерці фантатастычны аповед “Інтэграцыя”.

“Мурашкі”, “Рэдкі дар” і “Герой” — тры прыпавесьці Васіля Быкава, якімі адкрываецца чарговы нумар часопісу “Дзеяслоў”, датаваныя 2002 годам. Кожная зь іх прасякнутая трагізмам і безвыходнасьцю. А вось апошні па часе напісаньня аповед “Інтэграцыя”, пазначаны аўтарам як фантастычны, адметны зусім іншым бокам таленту Быкава — сьмешным сучасным беларускім слэнгам галоўных пэрсанажаў, дынамізмам сюжэту, нечаканай весялосьцю падзеяў. Гумар, які звычайна называюць гумарам шыбеніка.

І ў наступных нумарох “Дзеяслоў” абяцае сваім чытачом сустрэчу зь невядомымі творамі Васіля Быкава. Творчую спадчыну перадала рэдакцыі ўдава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна. Гаворыць галоўны рэдактар часопісу Барыс Пятровіч:

(Пятровіч: ) “Яшчэ некалькі невядомых прыпавесьцяў будзем друкаваць у бліжэйшых нумарох часопіса. Апроч таго, засталіся запісы Васіля Ўладзімеравіча розных гадоў. Іх трэба расчытваць, яны па розных блякнотах… Я думаю, што рэдакцыя будзе рыхтаваць іх таксама да друку. Гэта цікава, таму што там і накіды твораў, і проста запісы, прысьвечаныя нейкім пэўным падзеям. Засталася і вялікая эпісталярная спадчына, гэта лісты Васіля Ўладзімеравіча да сяброў, знаёмых, родных. Мы іх таксама абавязкова будзем друкаваць, таму што кожнае слова Васіля Ўладзімеравіча вельмі каштоўнае, важнае і вартае таго, каб зь ім пазнаёміліся беларусы”.

Аднак, як і пры жыцьці аўтара, сустрэчам чытачоў зь ягонымі творамі ўлады ўсяляк перашкаджаюць. Недзяржаўнаму выданьню “Дзеяслоў”, нягледзячы на афіцыйную рэгістрацыю, “Белпошта” — прадпрыемства-манапаліст распаўсюду пэрыёдыкі ў краіне, адмаўляе ў падпісцы і продажы праз шапікі. Мажлівасьцяў набыць часопіс з творамі Васіля Быкава няшмат. Гаворыць Барыс Пятровіч:

(Пятровіч: ) “У Менску прасьцей — можна набыць у асноўных цэнтральных кнігарнях гораду, можна набыць часопіс у прыватных распаўсюднікаў. А што тычыцца правінцыі, то там цяжэй. Можна спрабаваць набыць часопіс праз “Кнігу поштай”, якая працуе пры “Нашай Ніве”, там падаюцца абвесткі. Ну і, вядома, прыяжджаючы ў Менск… Толькі так на сёньня…”

Дзяржаўныя выданьні адгукнуліся на 80-годзьдзе Васіля Быкава даволі стрымана. Чэрвеньскія часопісы яшчэ ня выйшлі, але ў анонсах іх толькі “Полымя” абвесьціла прынагодны артыкул літаратуразнаўцы Дзьмітрыя Бугаёва.
XS
SM
MD
LG